Выбрать главу

Пограб, вядома, абрушыла. Два пападанні.

Мы ўжо хацелі пайсці адтуль, але Зыгмусь упяўся, калі аціхла: «Не, адкапаем сяброў!» Бо i людзі сабраліся, з нораў другіх павылазілі, па лапаты пайшлі.

Амаль усе ў тым пограбе был i нежывыя. I Кася — таксама… Толькі маці яе ацалела ў кутку. Нейкім цудам, як быццам на гора сваё.

Мы вынеслі малую на траву. Маці яе вывелі пад рукі. Села пры ёй. А грудное — яно ацалела таксама — жанчыны забралі.

Кася, відаць, зноў стаяла каля сцяны… Не, Уладак, я табе не скажу, як яна… Сойцу тады адарвала абедзве нагі, ён яшчэ дыхаў, калi мы яго адкапалі. Яворскага амаль што не было. А малую… Ды не!..

Калі я потым, зусім пад вечар, праходзіў там — маці яшчэ ўсё сядзела. Слата церушыла, навокал грымела, ракеты ўжо сям-там успыхвалі сцішнаватым святлом. Усіх ужо там прыбралі, забітых. А Касю жанчына ўсё не давала забраць. Яе не чапалі i не ўгаворвалі. Толькі малую прыкрылі дзяружкай.

Маці — я пастаяў там, воддаль, паглядзеў — раз-поразу адкрывала яе… разбітую галаву i ўглядалася доўга. Потым глядзела кудысьці. I на мяне, хоць i не бачыла, мусіць. I зноў на Касю… Зноў кудысьці… Дзе вораг. Дзе той бог… Такімі, хлопча, страшнымі вачыма…

Антоні змоўк.

А я ўсё чуў яго ранейшы задыханы крык:

«Ен тваім горам!.. Крывёю нашай!.. Сцены свае!..»

СОНЕЧНЫ ЗАЙЧЫК

Прадвесне.

З неба імжыць, здаецца ад пачатку свету, дождж, — дакучлівы, халодны. А навакол, колькі відаць пад шэрым каўпаком з імглы i нізкіх хмар, уся зямля належыць юнкеру, i ўся яна густа пакрыта кучкамі гною.

Мы растрасаем яго цяжкімі, васьміраговымі віламі.

Я ўжо ў іншай камандзе, у іншым маёнтку. Побач тырчыць новы вахман, новы слуп, да якога мы прывязаны тут, на варожай зямлі. Калі i як парвецца гэта прывязь — невядома. Невядома таксама, калі прасохне вопратка на стомленых касцях, калі заціхне ў галаве панурае гудзенне голаду…

I вось тады на цёмную сцяну выбягае наш Сонечны Зайчык, наша пацеха — падлетак Стась Пшэрва, гдыньскі добраахвотнік. Ён перастае трэсці гной i, успёршыся на вілы, асабліва вялікія для яго, пачынае песню.

Нямнога слоў у гэтай песні.

— Раней, калі мы жылі на Мазоўшы, — расказваў неяк Стась, — i мату ля, i татусь-нябожчык служылі ў маёнтку. I матуля спявала з батрачкамі гэтую песню. Не памятаю, як там было, бо даўно мы прыехалі ў Гдыню. Па хлеб. I там матуля спявала таксама.

Слоў у песні нямнога, ды словы — простыя i горкія, як батрацкая доля. Баляць i рукі, i ногі, баліць i душа. «Калі б табе, сонейка, прыйшлося працаваць на пана, ты не стаяла б так доўга над лесам, — зайшло б хутчэй…»

Так — у песні, а для нас нават сонца не свеціць. I ў шчырым голасе хлопца не менш, відаць, беспрасветнай тугі, чым, бывала, у песні ягонай матулі-батрачкі.

Спявае Стась не ўпершыню, a ўсё ж i цяпер мы міжвольна спыняемся трэсці.

Вахману Кумбіру — не да нашых пачуццяў. Інтарэсы юнкера — інтарэсы дзяржавы. I абаропца ix крычыць:

— Давай! Давай!

— Ага-а! Не падабаецца табе такая песня! — ажывае Стась. Ён хапае пад паху вялікія вілы, i пальцы яго пайшлі перабіраць па ix васьмі рагах, як па струнах гітары.

Прыпеўка складаецца на хаду:

Nie patrz no tak krzywo i nie rycz ze złości — Przyjdzie czas i my wam Porachujem kości.

Апошнія словы Стася мы пакрываем дружным рогатам.

— О, Пшэрва, Пшэрва! — прысядаючы, смачна смяецца кухар Збых.

Сымон Жарнак, здаравенны нёманскі плытагон, з асалодай сморкаецца і, абапёршыся на вілы, рагоча.

— Ёлкі зялёныя! — гаворыць ён. — Цяпер яшчэ каб закурыць!

Смяецца нават i шэры слуп, да якога мы тут прывязаны.

— Пшэрва фон, Пшэрва граф, Пшэрва міністр, — гаворыць ён.

I столькі ідыёцкай радасці на гэтай мордзе, што нам становіцца яшчэ смяшней.

Ды інтарэсы юнкера — інтарэсы «вялікага Райху». Вахман успамінае пра гэта i зноў, нібы заведзены, крычыць:

— Давай! Давай!..

Цяжкія вілы зноў пачынаюць трэсціся над шэрай раллёй, i сябар мой, Жарнак, гудзе — прыдумвае найлепшыя жаданні ўсім панам, праз якіх мы тут апынуліся.

Пра ўцёкі мы пачалі гаварыць, вядома, з першых дзён палону.

Наогул мара гэтая выказвалася ўголас, а практычны бок справы мы абмяркоўвалі па двух, па трох, i найчасцей перад сном, на саломе.

На першай арбайтскамандзе я шаптаўся з Антоніем. Ён быў беластачанін, там жыла яго маці, адна i старая. Сюды, у гэты маёнтак, мяне прывезлі ў лютым, з лагернага шпіталя, дзе я ляжаў два тыдні. Тут мне найбольш спадабаўся Сымон Жарнак: добры хлопец, дый землякі. Спалі мы побач. Ну i шапталіся. А злева ад мяне спаў ГІшэрва. Стась часамі шаптаў мне з другога боку. Пра тое ж.