Выбрать главу

Месяцаў пяць перад гэтым плютановы Пронь успамінаў у бараку, на сцёртай саломе, варшаўскі май дваццаць шостага года — крывавую барацьбу пілсудчыкаў з эндэкамі за ўладу. Каля сцен цытадэлі пілсудчыкі расстрэльвалі потым палонных «бунтароў», i Пронь, тады яфрэйтар, камандаваў аддзяленнем. Расказваў пра гэта «махорка» спакойна, i ў цемры голас яго быў агідны: «Чатыры кулі, проша вас, у адну патыліцу. А хлопцы ўсё маладыя, чубатыя. Як жарнем, дык валасы i закрылі ўвесь твар».

Цяпер другі фашыст — пружыністы, крыклівы обер-лейтэнант з чарапамі на шапцы i каўняры — дзейнічаў хутка, i часу на роздум было ў нас няшмат. Я ўспомніў толькі свае валасы, i чужая, халодная думка — дакуль жа хопіць ix? — гудзела ў галаве, як апошняя сувязь i з нізкім сонцам скрозь хмары, i з цэглай, што вось, залітая яго святлом, хвалюецца i ходзіць у вачах. Але па спіне мітусіліся мурашкі. Здаровы, дваццацідвухлетні арганізм хацеў кожным нервам убачыць апошні свой момант i кожным нервам баяўся яго надыходу.

I вось пачулася каманда…

Не, не нашым забойцам.

Гэта нашых сяброў павярнулі направа. Яны пайшлі. На развітанне шорстка тупаціць па жвіры ix стаптаны абутак.

Каманда зноў…

Грымнула. Вочы — на нейкі момант раней — закрыліся самі…

Ды што гэта? Няўжо i потым не сціхае шум у галаве? Няўжо i тады яшчэ можна расплюшчыць вочы?.. Я адкрываю ix, i праз імглу плыве, хвалюецца безліччу роўных чырвоных цаглінак усё тая ж сцяна…

Зноў каманда.

Мяне паварочваюць ад сцяны.

Побач са мной — зноў той самы хлапчук з валасамі i тварам у закарэлай крыві. Перад намі — тыя самыя каскі, вінтоўкі, шэры колер варожай вопраткі.

Яны крычаць. Нехга смяецца, i я пазнаю, што гэта — аконам. Доўгі, мярцвецкі твар яго пад кепкай скрыўлены ад смеху…

…Мяне i Стася вахман Кумбір гоніць па вузкім i няроўным бруку палявой дарогі.

Абапал зялёныя дрэвы прысадаў. За імі — поле. Шэры вечар вось-вось павінен змяніцца дажджлівай ноччу.

Дзесьці не спіць яшчэ нямецкі юрок. Ён такі самы нецярплівы, як i нашы — i на ўскраіне Стасевай Гдыні, i ў нашай вёсцы пад Наваградкам. Усё навокал ведае, што будзе дождж, што i трава нап'едца ўдосталь, i галаве пад закарэлай крывёй палягчэе, а ён, дзівак, усё цвірынькае — просіць піць.

Няхай шчабеча. Нам няможна размаўляць. Нават калі мы зірнём адзін на аднаго, вахману здаецца гэта небяспечным. Ён крычыць, пагражае, што будзе страляць, i ты глядзіш перад сабой i моўчкі, цяжка ідзеш…

Вахман наш думае, здаецца, так:

«Обер-лёйтнанту добра, — пастрашыў, сеў з салдатамі ў машыну i паехаў. Яфрэйтару Лерхе таксама добра: застаўся з камандай i сядзіць цяпер недзе пад дахам. А то мо зноў да Марты палез пад пярыну. А ты гані праклятых палякаў у горад, дзе лагер. Дарогі чатырнаццаць кіламетраў, а пройдзена менш палавіны. I колькі ні крычы на гэтых разбойнікаў, яны хутчэй не ідуць. А дождж неўзабаве пачнецца. Вялікі дождж, будзе доўга ісці, будзе цёмна, i ў цемры яны шмыгнуць з дарогі ў кусты…»

На самым дне зачуханага вахманаўскага кацялка сядзіць, напэўна, i такая думка, што сёння палякаў можна было i не гнаць, што гэты скнара пракляты, аконам, на добры лад, мог бы паслаць з імі ў горад машыну… Ды большую частку мазгоў займае тое, што называецца пачуццём абавязку. «Фюрэр ведае, што робіць» — так гаворыць першая запаведзь часу. Усякае начальства — скажам, аконам ці той обер-лёйтнант — лепш ведае, чаго хоча фюрэр, i яму, радавому, Кумбіру, застаецца адно — паслухмяна выконваць. Чорт ix бяры! Гэта ж усё-такі не фронт!..

Мусіць, ад гэтых думак вахману робіцца раптам лягчэй. Ён пачынае нават жартаваць.

— Пшэрва — фон, Пшэрва — граф, Пшэрва — міністр, — гаворьщь ён, ледзь не крычыць. — Сёння Пшэрва быў трошкі капут!..

Мы маўчым.

Толькі дождж пачынае нарэшце ісці,— не сцярпеўшы, відаць, недарэчнага квакания шэрай двухногай істоты. Спачатку падаюць рэдкія, дужыя кроплі. Б'юць па нашых галовах, па бруку… Пасля, нібы здаволеныя такой разведкай, мільёны буйных кропель дружна абрушваюцца на зямлю.

Спачатку я стараюся стуліцца, нібы нават схаваць у каўнер галаву. Добра было б прыпусціцца да першага дрэва бягом, каб схавацца пад ім ад дажджу. Ды вахман палічыць гэта за ўцёкі. А на такіх нагах, як нашы, ад вінтоўкі далека не ўцячэш. Можа, адыдуць трохі рукі… ногі… галава…