Выбрать главу

— Уладак! А нас… не застрэляць?..

«Дзівак ты, хлопча, — пытаеш, як быццам я ведаю. Спі».

Я не сказаў так, толькі падумаў.

Ну, а заснуць i сам не заснуў.

ЧАТЫРОХ І ПРЫГАНЯТЫ

Фельдфебель Элер, дзябёлы вусач, загадчык лагернага склада вопраткі i абутку, стаяў перад глухою брамкай у казарменным плоце i лаяўся.

— О доннэрветар! — трубіў ён. — Дык гэта ж, мае апосталы, свінства!

Адзін з аддзелаў склада знаходзіўся ў казармах, каля якіх звычайна размяшчаюцца шталагі. Вечарэла сёння амаль ад самага ранку, i Элер з камандай палонных спазніўся вярнуцца з работы. Брамку, праз якую ямы штодзень вярталіся, вартавы ўжо замкнуў i ключ, вядома, забраў з сабою ў каравульню. Цяпер бяры ды ідзі ў галоўную брамку, рабі вялікі круг…

Фельдфебель вырашыў клопат прасцей. Цяжка падскочыў, усцерабіўся на брамку і, крэхчучы, гхавіс на ёй жыватом. Адзін з палонных, плячысты, куртаценькі дзядзька Янушчык, з лёкайскай увішнасцю падбег да шэфа i перабавіў яго на той бок.

Тады пералезлі палонныя, пераставіўшы цераз брамку вазок, на якім яны сёе-тое вазілі ад склада да склада.

— Наперад, мужы галілейскія, позна! — сказаў таўсцюх, i каманда пайшла па асфальце ў свой лагер.

Палонных было чатырох — два беларусы i два французы.

Побач з малым, рысістым Янушчыкам шырока сігаў i стрымліваў хаду здаравіла Калечыц, Саша-гарманіст, мой саслужывец у войску i сябар па нарах тут, у палоне. Чарнявы, ціхі, заўсёды задуманы. Не той гарманіст, што можа да ўпаду рэпіць кадрылі ды полькі, абы заплацілі,— іграе Саша таму, што самому гэта добра, i больш за ўсё іграе песні.

Знаёмства наша пачалося з вальса «На сопках Маньчжурыі» — журботнай песні пра славу без перамогі. Пачуўшы гэты вальс у казарме, я пайшоў па лабірынце двух'ярусных ложкаў на гукі гармоніка, убачыў музыку i ўжо назаўсёды вылучыў яго для сябе з натоўпу стрыжаных навабранскіх галоў. Вочы, якія хочуць так многа сказаць. Амаль дзіцячая душа, многа якой выліваецца ў ціхай, шчырай ігры…

Мы разлучыліся ў дні вайны, a зноў сустрэліся ўлетку саракавога года, у лагернай штрафкампані. Саша ўцякаў дахаты, i злавілі яго недзе ў Польшчы. Ужо не з тым гармонікам, які ён прывёз у войска з роднай вёскі каля Валожына, а з новым, нямецкім. Палонныя, што працавалі на арбайтскамандах, атрымлівалі па трынаццаць марак у месяц, бонамі, за якія, праз вахмана, можна было купіць толькі тое, што не ахоплівалася картачнай сістэмай: кавалак мыла, пачак тытуню, люстэрка, брытву, чамадан, гармонік ці мандаліну. Сябры па арбайтскамандзе ў складчыну набылі Калечыцу акардэон, i ціхае дваццацідвухгадовае дзіця пайшло пасля з гэтым скарбам дахаты — з Германіі ў Беларусь, начамі… Калі Сашу прыгналі ў нашу штрафкампані, я заўважыў i пазнаў яго здалёк, у брамцы. З музыкай за плячыма, яшчэ больш схуднелы i доўгі. Калечыц ішоў перад вахманам без шапкі. Ён быў з чорным «гарохавым» чубам, мне яшчэ незнаемым, адгадаваным у палоне. Сустрэў Сашу, як i кожнага штрафніка, унтэр Кугель, гарладзёр i кацюга. Тры здаравенныя поўхі, першае прывітанне штрафкампані, навічок атрымаў адразу, каля ўвахода ў нашу драцяную загарадзь. I ён, ужо адзін, ішоў насустрач мне — яшчэ да слёз чырвоны ад новай крыўды, але ўжо з усмешкай на даўно няголеным твары, размахваючы доўгімі рукамі.

I вось ужо больш за паўгода мы спім побач, спачатку ў штрафным, а з восені — у агульным бараку. У галавах нашых нараў, на палічцы, стаіць бывалы Сашкаў акардэон, найбольшы скарб барака № 3.

Цяпер Калечыц ішоў у першай пары, глядзеў на бычыны карак фельдфебеля i ўспамінаў тры курыныя яйкі. Пазаўчора Элер прынёс ix аднекуль, вельмі задаволены ўдачай. I сапраўды — перамога! Па харчовых картках прыходзілася па адным яйку ў тыдзень на кожнага немца, а тут!.. Эх, доннэрветар!.. Але як толькі фельдфебель выняў ix з кішэні, каб нахваліцца, адно залатое яйка раптам упала з рукі на брудную падлогу склада і, пэўна ж, разлілося. А гэты дзябёліна стаў ракам i, амаль прыпаўшы вусамі да закарэлай дошкі, хлябтаў сырую яечню i толькі хрыпла пакрэктваў, прыцмокваў ад задавал ьнення…

Сашавы думкі перабіў палонны, што ішоў за ім. Таксама чарнявы, але куды шчуплейшы, нават маладзейшы з выгляду. Француз Ружэ. Ён незнарок наступіў Калечыцу на пятку i з вінаватай усмешкай дакрануўся да яго пляча:

— Пардон, Сашка. Ві-ба-чай.

Імя гэта ці прозвішча — Ружэ, Калечыц, добра не ведаў. Бо колькі тут можна даведацца адзін пра аднаго, калі пры сустрэчах карыстаешся ўсмешкамі, жэстамі ды тым нейкім дзесяткам нямецісіх слоў, якія кожны з ix калечыў па-свойму? Праўда, Ружэ пачаў вучыцца ад Сашы слоў беларускіх і, у сустрэчным парадку, вучыць таго па-французску. Ну, ведаюць — адзін: «мерсі», «пардон», «сіль ву пле», другі: «дзякую», «вібачай», «калі ляска»… Пацеха толькі, прыемная забаўка. A ўсё ж яны змаглі дагэтуль сяк-так узаемна даўмецца, што Сашка — земляроб, «бляншрус» i цяпер ужо «савецік», а Ружэ — рабочы, ткач i таксама (кулак, узняты з усмешкай) «рот фронт». Француз быў прыгажун з малымі, белымі, нібы жаночымі рукамі. А беларус, хоць i рахманы, любіў па-хвацку вітацца. Калісьці, знаёмячыся з Ружэ, ён добра-такі ціскануў яму руку. Хлопец ахнуў ад болю, а потым, з поўнымі слёз вачыма, паказаў збянтэжанаму «бляншрусу» сваю малую, знявечаную руку i расказаў, растлумачыў па-іхняму, пра сваё няшчасце. Летась, калі Ружэ працаваў на будаўніцтве аўтастрады, ваганетка падмяла яго i зламала руку ў запясці. Яе злячылі няўдала: каму там было непакоіцца…