Iх выкiнулi пад Ваўкавыскам. Парашуты раскрылiся адразу, як вялiкiя белыя кветкi ў цёмным полi Радзiмы, уначы. Самалёт крыху затрымаўся, каб разьвiтацца, каб ветла памахаць крыламi, на адну хвiлiну даўжэй, чым трэба, якраз дастаткова дзеля таго, каб аператыўная група iх iдэнтыфiкавала й высунулася вялiкiм паўколам у меркаванае мейсца прызямленьня, падымаючы па рацыi ўсе мабiльныя сiлы ў раёне. Калi ж стала зразумела, што вецер зносiць iх за раку, у бок лесу, дзе яны маюць усе шанцы адарвацца, заблытаць сьляды, камандзiр даў каманду адкрыць агонь i бліскавічныя кулi з шаснаццацi аўтаматаў i аднаго дробнакалiбровага кулямёту панесьлiся насустрач белым кветкам, што павольна спускалiся ў цёмнае поле радзiмы. Яны былi расстраляныя ў паветры, уначы.
* * *
Апошнiя здымкi? Два гады таму. Я гартаў копiю справы. «Здымак невядомай». Яна ляжыць на мокрай траве, спакойная, жахлiва прыгожая.
Анiякiх дакумантаў i папераў не было знойдзена. Сьледчы нават ня мог iдэнтыфiкаваць асобу, так яна й засталася — «невядомая».
* * *
Гаспадар фатаздымку разгублена змаўкае. Можна паставiць кропку ў гэтай гiсторыi, расплацiцца за вячэру, выйсьцi на цёмную начную вулiцу забытага правiнцыйнага гарадку ў штаце Нью-Джэрсi, можна вярнуцца ў дзяцiнства, на хутар пад Ваўкавыскам, да бабулi, у цiхую летнюю ноч, калi так хочацца выбрацца з ложку, цiха апрануцца, незаўважна выйсьцi ўва двор, далей, да рэчкi, i далей, купал парашуту, брэх сабакаў, стрэлы й хлопчык, якi глядзiць i глядзiць, як ты сыходзiш зь нябёсаў, спускаесься па абшарпаных, брудных прыступках, сюды, да нас, у пекла, у цёмнае поле Радзiмы, стрэлы й сабакi з Аiду ўжо чакаюць, бягуць з ашчэранымi пашчамi.
Магдачка, Эўрыдыка.
Энцыкляпэдыя для героя: радзіма
Радзіма — Крыўя* (Атлянтыда)
Узрост: 27 год
Імя: Францішак
* 1. Пахаваная на ядлоўцавых пустэчах.
2. Ціха пульсуе ў крыві.
3. У восьмым стагодзьдзі апусьцілася на дно гісторыі.
4. Сёньня існуе як культурны міт.
* * *
Расчыніць дзьверы і ўвайсьці ў гастраном «Радзіма»: кавы, калі ласка. Падвойную з цукрам. Мусім тут сабрацца, дамаўляліся а дванаццатай, тут, пад гадзіньнікам. Будзем чакаць.
Чакаць-чакаць. Тут, пад гадзіньнікам, час спыняецца, можна згадаць дзяцінства. Заўсёды можна згадаць дзяцінства.
Запытацца — як — калі — высьпела гэтае цела, гэтая абалонка і што ўнутры? Якім чынам душа прыняла форму безнадзейнай выспы, замкнутае манады — сярод абставінаў, дэкарацыяў, іншых целаў? Куды, бяздомная вандроўніца, ідзеш, паліш цыгарэту, аглядаеш урбаністычныя краявіды? Адна.
Адна.
* * *
Ціха пульсуе ў крыві радзіма.
Выспа
Невялiчкi калiдор зноў i зноў прыводзiў да дзьвераў, трэба было вяртацца й пачынаць свой шпацыр нанова. Чалавек у даўгiм шпiтальным халаце атрутна-зялёнага колеру, здавалася, ня меў анiякай спакусы адчынiць гэтыя дзьверы. Яшчэ не даходзячы да iх, ён спакваля рыхтаваўся да павароту, сам паварот атрымоўваўся лёгка й натуральна. Чалавек ведаў: дзьверы замкнутыя. Ведаў таксама, што, калi, спадзеючыся на чыюсьці нядбайнасьць, дакрануцца да клямкi, сьпiнай можна адчуць пiльны позiрк санітара. I нават калi зробiш выгляд, што гэта выпадковасьць, вочы санiтара будуць сачыць за табой да канца дня. Так што ня варта. Лепей сказаць сабе, што ўсё добра, усё натуральна, i, застаючыся на самоце, дазволiць думкам вольна блукаць сярод рэчаў, пераходзiць ад аднаго да другога, згадваючы зноў i зноў тое жыцьцё. Асаблiва памяталася, як радасна прамовiў шафёр таксi, што яго прывёз: «Вось мы і прыехалі. Бадэнскі курорт». Так, найлепшае мейсца для мэдытацыі, падумаў ён тады, — тут ад цябе не чакаюць разумных учынкаў, розум можа адпачыць у размовах з далiкатнымi дактарамi.
Ненармальны, сапраўды ненармальны. Пастка, зь якой няма выйсьця.
* * *
Пачуцьцё безнадзейнасьцi, але безнадзейнасьцi звыклай i цёплай, агарнула яго, i з таго, што яна гаiла, мелася быць яшчэ больш безнадзейна. Ён спынiўся каля вакна. У цьмянай восеньскай золi ападала лiстота, сьцежка гублялася ў лiстоце й цемрадзi: было так блiзка й так далёка, як Парыж, як Быцьцё, як Вольнасьць. Ён адпрэчыўся гэтых простых жыцьцёвых сьцежак часткова па сваёй, часткова не па сваёй волi. Прырода была адцягненасьцю, сном. Рэальнасьцю было: невялiчкi калiдор, санiтар, палата.
* * *
Ён нерухома стаяў каля вакна, углядаючыся кудысьці праз шкло, кудысьці далёка-далёка. Ён адышоў у глыбiню памяцi, да мрояў.