Там быў спакой. Ён iшоў па зiмовым лесе, адзiн. Пад нагамi прыемна рыпеў сьнег. Сярод белай халоднай чысьцiнi быў ягоны дом, лёталi белыя птушкi. Сiвагракi? Калi гэта яны, трэба iсьцi за iмi. Празрыстасьць, лёт былi ягонай iстотай, але яны былi толькi тут, сярод гэтае мроi, калi ён iшоў немаведама куды. У рэчаiснасьцi было колькi крокаў па невялiчкiм калiдоры, да дзьвераў.
* * *
Чалавек адрынуў сябе ад халоднага восеньскага краявiду, павольна зайшоў у палату. Санiтар з палёгкай уздыхнуў i адвёў вочы: ня сёньня. Стары й спрактыкаваны, ён не даваў веры павольным крокам i быў упэўнены, што адбудуцца падзеi. Але якiя й калi? Гэтага санiтар ня ведаў i таму цiкаваў з насьцярожанасьцю й увагай. Самае крыўднае было тое, што чалавек нiбы й не заўважаў гэтага цiкаваньня. Ягоная хада была вольная. Ён быў ня тут.
Чалавек падышоў да свайго ложку, прылёг. Ляжаць яму не хацелася, ён зрабiў гэта амаль што iнстынктыўна. Мог зайсьцi санiтар i сказаць «удзень ляжаць нельга». Але цяпер у палаце нiкога не было, усе пайшлi на працатэрапiю.
Працатэрапiя значыла: усiм клеiць капэрцiкi.
У прасторным пакоi стаяў пах клею. Хворыя сядзелi за сталамi. У кожнага пэндзалiк, слоiк з клеем, папера. Усе клеiлi капэрцiкi, сур’ёзна й засяроджана.
Чалавек быў адмовiўся працаваць. Санiтар, ня ведаючы, што рабiць, паклiкаў доктарку, але тая адно запiсала нешта ў картцы й нiчога не сказала. Такiм чынам ён займеў дзьве гадзіны вольнага часу, калi ў палаце нiкога няма. Гэта была маленькая перамога, але хворыя глядзелi на яго з прыкрасьцю. Ён быў ня iхны.
* * *
Бралася на зьмярканьне. Пачалi выпаўзаць прусакi, ён быў ужо не адзiн. Можна запалiць сьвятло, гэта спалохае iх, але толькi на хвiлiну. Яны нутром адчувалi надыход ночы й анiякiм штучным сьвятлом iх не падманеш. Была нейкая дзiўная сувязь мiж паводзiнамi прусакоў i навакольнай рэчаiснасьцю: прусаксфрагэ.
Чалавек уявiў сабе карцiну: куток палаты, частка сьцяны, ложак, закратаванае вакно. За вакном цемра, палата ж асьветленая зыркiм сьвятлом. Усё мусiць быць проста, але ў той жа момант моцна й трагiчна, як у Ван Гога. Ван Гог ведаў, што гэта такое — вар’ятня.
Чалавек адчуў, што цяпер ён разумее ўсё i ўсё здольны прыняць i пражыць. Гэта было толькi на хвiлiну, але што гэта? Што дало яму моц на гэтую хвiлiну? Магчыма, вочы Ван Гога з аўтапартрэту, там, дзе ён у адзёжы дзэнскага мнiха. Зялёныя вочы. Ён падсьвядома згадаў гэты аўтапартрэт, калi падумаў пра мастака. Нейкае веданьне, нiбы маланка, працяла ўсю ягоную iстоту, але ад яго засталася толькi памяць. Каб намаляваць карцiну, трэба было затрымаць маланку, трэба было проста быць. Дзе ж шукаць сьцяжынак да «проста быць»?
Чалавек ведаў, што нiякiх сьцяжынак шукаць ня трэба, што гэта моўнае ашуканства. Але ў пэўных варунках такога ашуканства было не пазьбегчы. Дый чаму б не сказаць «сьцяжынка», калi ўжо ўсё роўна, як казаць? Дарэчы, можа, гэта ёсьць самае сапраўднае выйсьце да Ван Гога: калi ведаеш, што Слова немагчыма, узяць ды сказаць: сьцяжынка. Сказаць проста, услухоўваючыся ў само гучаньне, ня думаючы пра мэтафiзычныя складанасьцi. Хто ведае, можа, мы навучымся такiм чынам без унутранага фальшу казаць слова БОГ?!
Ва ўсiх гэтых думках не было нiчога новага, дый справа была не ў навiзьне. Наадварот, было цудоўна, што сярод такiх размаiтых дэкарацый людзi прыходзяць да агульнага. Дзiўна, спадзявальна — ты сядзiш у вар’ятнi, зь якой выбрацца амаль што немагчыма, а хада тваёй думкi такая ж, як у Картасара, якi сядзiць у сваёй кватэры ў Парыжы.
Чалавек падняўся з ложку — пачалi вяртацца хворыя. Ён выйшаў на калiдор, зноў падышоў да вакна. «Божухна, што здарылася, дзе мы, — падумаў ён, — калi ў гэтым шукаю спадзяваньне?!»
* * *
Запалiлi сьвятло. Нешта зьмянiлася ў палаце, зьявiлася нейкая цеплыня, спакой. Можа таму, што доктарка пайшла дахаты i застаўся толькi санiтар, а можа, з-за блізкай ночы. Хаця гэтай цеплынi зусiм не было адкуль узяцца. Шпітальнае сьвятло не лагодзiла, яно было жорсткiм i неўтаймаваным, абгастрала i высьвятляла кожную рысу, кожны колер. Нанова праявiлiся сьветла-зялёныя колеры сьценаў. Чорныя краты на вакне злучалiся зь цемраю. Жабрацкiя ложкi, коўдры i бялiзна з шэрымi плямамi — цi то кроў, цi то падаўленыя прусакi — сьвяцiлi брудна-белым, нiбы заляжалы сьнег на тлустай чорнай зямлi. I ўсё ж цеплыня прабiвалася праз усё, яе трэба было не вытлумачваць, а проста прымаць. Але ж як гэта цяжка, не прымаючы жыцьця, прыняць ягоную цеплыню!
Увечары выпадала крыху вольнага часу. Хворыя зьбiралiся ў хол, iм дазвалялася глядзець тэлевiзар. Звычайна выносiлiся крэслы, адбывалася кароткая спрэчка — што глядзець, — i нарэшце ўсё зацiхала.