Выбрать главу

ІІ

Другi сон апiсвае незвычайнае здарэньне з рабi N. Аднойчы яму прысьнiўся ягоны ненароджаны сын у чорнай скураной куртцы, зь пiсталетам. Сын ягоны гучна сьмяяўся, лаяўся матам i друкаваў вершы пад псэўданiмам «Аристарх Леденящий». Рабi N. на наступны дзень разьвiтаўся са сваякамi, закапаў Тору ў цiхiм мейсцы сада i сышоў. Далейшая гісторыя разгортваецца досыць складана, часам нагадваючы люстэркі й лябірынты Тысячы й адной начы: апісваюцца ягоныя падарожжы, сустрэчы й размовы, даўгія дыскусіі з хасыдамі...

На сярэдзіне раптам паўстаюць тэалягічныя пытаньні... На жаль, менавіта гэты рукапіс моцна пацярпеў пры пераездах, і таму мы ня можам дакладна сказаць, чым скончылася гэтая гісторыя...

ІІІ

Апошнi сон датаваны пачаткам нашага стагодзьдзя. Мiтрапалiту Сергiю прысьнiлася «голая рыба». Як праiнтэрпрэтаваць гэты факт i чаму «голая рыба» патрапiла ў фонд этнапаталёгiяў, зразумець цяжка. Яна (рыба) паводзiла сябе так ласкава й так непрыстойна, што стары, паважаны мiтрапалiт, якi не без самазадаволенасьці (у якой каяўся) аглядаў сваё жыцьцё, ня вытрымаў i зьлёг з сардэчным прыступам. Не давяраючы нiкому, ён распавёў свой сон маладому паслушнiку, адзінаму чалавеку, да якога меў пэўны давер і вiдавочную сымпатыю. Паслушнiка гэты сон уразiў ня меней чым самога мiтрапалiта. Ён доўга спрабаваў зразумець, што значыць «голая рыба», перапытваў Сергiя, але той ня мог анiчога дадаць.

Трэба сказаць, што паслушнік сапраўды хацеў расшыфраваць сон, але яшчэ болей ён хацеў дапамагчы мітрапаліту, што пачаў згасаць літаральна на вачох. Паслушнік вывучаў розныя тэксты, ад звычайных соньнікаў да працаў Фройда, які тады толькі пачынаў набываць сваю папулярнасьць. Але ўрэшце спыніўся на Сьвятым Аўгустыне. Як мы памятаем, Аўгустын доўга спрабаваў зразумець, дзе мы можам знайсьці ў гэтым сьвеце знакі боскасьці. І пасьля розных развагаў, якія мы прыводзіць ня будзем, ён прыходзіць да высновы: знак боскасьці ў гэтым сьвеце — у паразе чалавечага розуму, у абсурдзе.

Мітрапаліт Сергій памёр у глыбокім душэўным спакоі, зь ціхай і яснай усьмешкай.

* * *

Як мы бачым, усе тры сны маюць вiдавочны «паталягiчны» калярыт.

А цяпер пра нататкі Клакоцкага.

Сам Клакоцкi пакiнуў пэўныя фрагмэнтарныя тлумачэньнi, зь якiх можна зразумець, што сабраны матэрыял бачыўся яму як пэўны ўрок цi пэўнае пасланьне, а магчыма, нават падыход да разгадкi некаторых тайнаў, што так хвалявалi яго ўсё ягонае жыцьцё.

Пасьля ўважлівага прачытаньня я пераканаўся, што нататкі Клакоцкага апярэджвалі сваю эпоху і былі ў пэўным сэнсе адказам на шматлікія рэдукцыянісцкія ініцыятывы...

Паводле формы, тэксты Клакоцкага — гэта фрагмэнты спантанных роздумаў, часам нават асобныя сказы, якія відавочна былі інсьпіраваныя этнапаталёгіямі. Гэтыя нататкі згрупаваныя ў дзьве тэмы.

Першая з гэтых тэмаў — тэма паверхнi. Мы жывем на паверхнi самiх сябе, успрымаем паверхню рэчаў, падзеяў, i ў гэтым няма анiчога дзiўнага. Бо наступны крок думкi палягае на тым, што за паверхняй пачынаецца доўгачаканая глыбiня, варта праламiць паверхню й мы абавязкова знойдзем сябе ў нечым абсалютна iншым: фантастычным, прыемным альбо, наадварот, жахлiвым. Адным словам, мы знойдзем сябе ў unheimliche. З нататак Клакоцкага зразумела, што ён трымаўся больш пэсымiстычнага пагляду. Глыбiня, лiчыў Клакоцкi, зусiм не абавязковая. Трэба адразу сказаць, што Клакоцкi, насуперак прыхiльнасьцям сваёй эпохi, ня верыў анi ў глыбiнi, анi ва ўнiвэрсальнасьць, анi ў агульначалавечыя праўды. Ён настойваў, што любое падваеньне сьвету — на глыбiнi й паверхнi, праўды й няпраўды, сутнасьцi й вонкавасьцi — непатрэбная данiна манiхейскiм iлюзіям, i за адной паверхняй папросту пачынаецца другая, за другой трэцяя i гэтак далей: уся вычварнасьць гэтай думкi не адмяняе саму магчымасьць. Ёсьць толькi ўнiкальнасьць, i ўсялякая спасылка на ўнiвэрсальную праўду — гэта апэляцыя да паверхнi абжытай i знаёмай, альбо, як ён яшчэ пiсаў, — да знаёмага твару. Праўдзiвае пытаньне, якое Клакоцкi задаваў самому сабе ў сваiх нататках, — што ж нам рабiць з гэтымi бясконцымi паверхнямi i цi ёсьць нейкi сэнс альбо сыстэма ў iхным чаргаваньнi.

Другая тэма — уласна «этнапаталёгiі». Трэба адразу сказаць, што ў выбары слова няма анiякай пагарды, нават скепсісу, што да этнаграфiчных захапленьняў ягонай эпохi. Клакоцкi сам прымаў удзел у большасьцi «этнапаталягiчных» праектаў свайго часу, а пад канец жыцьця слоўца «этнапаталёгiя» сталася ў яго ўлюбёным тэрмiнам, якi ён ужываў зь вiдавочнай асалодай.