Выбрать главу

Зрэшты, мушу сказаць, што пад «этнапаталёгiямi» Клакоцкi разумеў пэўныя этнiчныя скрыўленьнi, узаемапранiкненьнi і ўзаемазамены — адным словам, пэўную крывiзну, «няправiльнасьць» мясцовай этнiчнай прасторы. У гэтай частцы сьвету (у тэкстах Клакоцкi называў яе заўсёды Паўночнай Сарматыяй, але ў прыватных гутарках — Вялiкiм Шпiталем) няма нiчога назаўсёды вызначанага: лёгшы спаць балтам, ты прачынаесься славянiнам, выйшаўшы з дому палякам, вяртаесься немцам, з усiх бакоў цябе спрабуюць пераканаць, кiм ты ёсьць i кiм ты быць ня мусiш. Натуральна, што большасьць людзей здаровага клёку ад гэтага гармiдару называе сябе «тутэйшымi». Клакоцкi, якi цягам свайго жыцьця аддаў данiну польскiм, лiтоўскiм i жмудзiнскiм захапленьням i якi ўрэшце спынiўся на беларушчыне, хацеў крыху зьмянiць пэрспэктыву: ён хацеў быць адразу ўсiмi. «Пяць маiх твараў, як пяць люстэркаў, глядзяць у сьвет i ня бачаць...»

Але што значыць быць усiмi?! Альбо ўсім. Як мы памятаем, толькі Бог ёсьць усім. Ці ня значыць гэта, што Адам Клакоцкі хацеў стаць Богам?

Мушу сказаць, гіпотэза, што Адам Клакоцкі — гэта насамрэч адно зь імёнаў Бога, таксама абмяркоўвалася, хаця, па зразумелых прычынах, без асаблівага імпэту...

* * *

А цяпер пра галоўнае — пра загадку Архiву. Чаму менавіта сны былі выбраныя з патэнцыйна бязьмежнай размаітасьці фактаў чалавечае сьведамасьці? На адным з нумараваных аркушаў рукой Адама Клакоцкага выведзены сказ, надзвычай характэрны для тутэйшай мэнтальнасьці (я мяркую, ён належыць яму самому), якi ўсё ставiць на сваё мейсца: «Тое, чаго няма, кранае мяне сваёй далiкатнай адсутнасьцю».

Энцыкляпэдыя для героя: дзяцінства

Ён памятаў: яму сьнілася дзяцінства, такое знаёмае, прапахлае разваранай бульбай і нямоўкнай гаворкай радыё. Была цішыня цёплага летняга вечара, ён ішоў па незнаёмай вуліцы куды вялі ногі. Ён ішоў з «гарэлага балота», так звалася сьметня, куды звозілі мэталёвае ламачча з усяго гораду. Старэйшыя хлапчукі часьцяком наведваліся туды і прыносілі прыгожыя падшыпнікі, якія потым зваліся «цокамі». Сёньня ён пайшоў туды з старэйшымі, але заблукаў сярод сьметні і ўшчэнт запэцкаў кашулю. Затое набраў падшыпнікаў, вельмі прыгожых. Асабліва калі адмыць іх ад мазуту. Ён выцягнуў падшыпнікі з кішэні, паклаў на асфальт, паспрабаваў адмыць іх у невялікай калюжыне. Паспрабаваў таксама пачысьціць кашулю, але мазут толькі расплыўся вялікаю плямай. Ён спрабаваў зноў і зноў, але нічога не атрымоўвалася, мусіць, мазут застанецца назаўсёды. Гэта было вельмі блага — як ён пойдзе цяпер дадому?

Ён бадзяўся па вуліцах, ня ведаючы, што рабіць.

Дахаты ісьці не хацелася, там будзе лямант і плач і ўсё іншае. Падшыпнікі ўжо ня цешылі, па вуліцы зь імі было нязручна ісьці, ён паклаў іх на ходнік і пакрочыў далей. Надыходзілі прыцемкі, пачалі запальвацца ліхтары, ён прысьпешыў хаду. Трэба было да зьмярканьня патрапіць у парк, там ён будзе цяпер жыць, так ён вырашыў.

* * *

Мы мусім быць там, дзе мы знаходзім сябе сёньня, — падумаў ён, прачнуўшыся, — на ханскім піры, на зыходзе другога тысячагодзьдзя ад нараджэньня аднаго самотнага ўтапісты. А потым яшчэ: нідзе нічога не адбываецца.

Ён сядзеў у невялічкім калідоры хімкорпусу, паліў. Ішоў 1984 год. Учора Віктарас М. вынайшаў самае кароткае азначэньне дыямату: жывы труп. Так, усё праўда, вось ужо трэці год ён сядзеў у трупярні, дзе гэты труп ціха распадаўся на катэгорыі, паняткі, тэмы і праблемы. Кожны мог выбраць штосьці сабе, на ўсё далейшае жыцьцё. У ціхім філязофскім тупічку.

Ён чакаў Герду, яна спазьнялася, як заўсёды, ён выцягнуў нататнік і пачаў пісаць ашалелым рытмам, амаль бяз паўзаў. Словы клаліся навосьлеп, чорныя, сьляпыя словы суму.

Дзе ж Герда?

Учора яны блукалі пад дажджом, увесь вечар, зазіраючы ў вокны, размаўляючы пра восень, пра дождж, пра дзяцінства. Ёй бы не спадабаліся ягоныя змрочныя трызьненьні, ён ведаў гэта дакладна. Яна была, нібы вада, хуткая і плястычная, магла цекчы ў якой-колечы прасторы, абмінаючы, ветла і незаўважна, усіх мерцьвякоў сьвету.

Потым, у пакойчыку, ён пацалаваў яе ў вусны, упершыню. Адчуў цёплы спакой яе цела, белыя пагоркі грудзёў.

Седзячы тут, на калідоры, ён ужо амаль ня верыў, што гэта было насамрэч, што гэта магчыма.

Ён падняўся і пайшоў па калідоры пагледзець расклад заняткаў. Лекцыя пра спадара Дэкарта. Можа, варта й паслухаць.