Учора ён слухаў простыя словы пра дзяцінства ў маленькім мястэчку, пра тое, як увосень пачынаюць сьвяціцца зіхоткім сьвятлом дрэвы ў прысадах, як сьпявае па начох вецер.
Дзіўным чынам ён адчуў, што гэта магло б быць мэтай: спакваля, асьцярожна выгадаваць у душы вецер, восень, прысады, просты самотны шпацыр у абляцелым парку. А потым разуменьне: Герда жыла там, а ён гэта прадумваў. Адно прадумваў.
Café «У Топія»
I
Як i ўсе iншыя кавярнi, якiя я сьнiў, гэтая пачыналася з даўгога калiдору, абарванага ў нiшто, i з гэтага нiшто спакваля, праз шэрае рэчыва сну, пачыналi праступаць абрысы. Зь цьмянае невыразнасьцi ўзьнiкалi сьцены, зь ледзь бачнага хваляваньня паветра нараджалiся столiкi, крэслы. Потым падрабязнасьцi: смарагдавы колер цяжкiх, глуха захінутых фiранак, затанулая субмарына ў зялёна-атрутных водарасьцях на карцiне над стойкай бара, хваравiтыя шэпты, далёкiя галасы. Сярод усiх гэтых дэкарацыяў сапраўды рэальнымi выглядаюць толькi сьцены: ад iх патыхае жахлiвым холадам, як быццам па-за iмi — вечная зiма.
Усё гэта апаноўвае маю сьвядомасьць, беручы ў аблогу памяць i жаданьнi, паралiзуючы волю, зьнiшчаючы ўсялякi ўспамiн пра мажлiвасьць яшчэ нечага iншага, як гэта часьцяком здараецца менавiта ў сьне — недзе там, далёка... Дзе гэта — там?
Але варта аднекуль зьявiцца лёгкаму, цёпламу, паўднёваму ветрыку — i ўсё павольна пачынае мяняцца: праз колькi часу я са зьдзiўленьнем знаходжу сябе сярод югендстылю, у прасторным, прэстыжным «Cafe New York», дзе цьмяныя турэцкiя
ўплывы амаль распусьцiлiся сярод пампэзнае Венскае сэцэсіi, крыху разбаўленыя румынскiм фальклёрам. Ёзэф Ацiла (я чамусьцi ведаю, што Ёзэф гэта прозьвiшча, а iмя менавiта Ацiла) распавядае сумную гiсторыю пра тое, што праз колькi часу гэтая кавярня будзе звацца «Будапэшт». Натуральна, нiхто гэтаму ня верыць, усе сьмяюцца, я запрашаю ўсiх у «Зялёны штраль» на келiшак «бэнэдыктына». Замест гэтага мы ўсе чамусьцi трапляем у невялiчкую кавярню ў адным паўднёвабеларускiм горадзе, што месьцiцца ў гроце на беразе Сожа, на ўскраiне старога парку. Я закiдаю ў музычны аўтамат савецкi пятачок i Марыля Радовiч пачынае сваю надрыўную песьню пра «каляровэ ярмаркi».
II
Цi гэта адно сон? А насамрэч усяго гэтага проста няма й, паводле дзiўнай лёгiкi каляровых галюцынацыяў, праз хвiлiну я ўбачу побач з сабою твар Апапеiча, унiфiкатара й атэiзатара нашых сьцiплых студэнцкiх мазгоў? Але гэта немагчыма й ня можа быць, бо гэта значыла б, што ўсё, чым я ёсьць, — плыткi й нетрывалы фантом, а ёсьць толькi ён i цяпер вось даходзiць да самых глыбiняў майго сну (калi гэта сон).
...Цень гэты, якi прывiдам прайшоў праз маю сьвядомасьць, плiшчыўся калiсьцi ва ўсе каморкi майго жыцьця, а цяпер я бачу, што ён дабiраецца й да маiх сноў. Так, гэта ягоны твар. Ён павольна праступае зь цемры, акрэсьлены шэрай пацуковай вастрынёй. Ах, гэты нястомны шукальнiк дысыдэнтаў! Зразумела, мы думалi ня так, як ён. Але тут ён на чужой зямлi: сярод мрояў, няўцямных трызьненьняў, сярод сноў — сярод каляровага iлюзыёну згубленага аднойчы пакаленьня — пакаленьня нянавiсьцi, пакаленьня няспраўджанае любовi.
Так, мы ўмелi ненавiдзець. Мы авалодалi гэтым мастацтвам дасканала. Усяго толькi пару словаў, нават не словаў, не — усяго толькi адзiн халодны, пагардлiвы позiрк — i iх трэсла, ванiтавала, перакручвала, карцела пiсаць дакладныя. Але што можна зрабiць супроць нянавiсьцi? Адно ненавiдзець у адказ. I мы прымалi гэтую зваротную нянавiсьць як кшталт сапраўднасьцi, як дасканалы знак нашае праўды.
I ўсё ж такi нянавiсьць — гэта залежнасьць i няволя. Залежнасьць ад таго, што ты ненавiдзіш. Гэты крок мысьленьня кiнуў нас далёка наперад, цi, лепей сказаць, вывеў нас з абсурдных апазыцыяў у сфэру вольнасьцi... у залатыя сны...
* * *
Але што можа сказаць Шосты Патрыярх чалавеку, якому няма куды прыйсьцi?
* * *
I вось гэтая кавярня. Маё прыватнае мейсца на Шырокiм Менскiм Прашпэкце ў Нiкуды. Нэўтральная тэрыторыя, дзе можна палiць цыгарэту й думаць пра сваё. Сапраўды: пра сваё. Хаця што мы маглi лiчыць сваiм у гэтым сьвеце? Боль? Нянавiсьць?
Але ж гэта iхная тэрыторыя. Выдавала на тое, што адзiна магчымае выйсьце было ў маўклiвай салiдарнасьцi: кавярня, кубачак кавы. Тайнiца чалавечага твару, цiхая ўлада магчымасьцяў. Цiшыня рэчаў. Гэта не было домам, не было прытулкам. Даўна прамоўлена — наш дом унутры нас. Але ж i ўнутры мы не пачувалi сябе гаспадарамi. Мы хацелi любiць, а вымушаныя былi ненавiдзець, мы прагнулi радасьцi, нам вярталi боль. Мы былi выгнанцамi й шукалi свой дом у бяздомнасьцi. Адно гэтыя сны, залатыя мроi...