Выбрать главу

Нягледзячы на тое, што ўсё нiжэйпададзенае — рэальнае апiсаньне сапраўдных падзеяў, якiя адбывалiся на ўсiм добра вядомых пляцоўках нашага КАХАНАГА ГОРАДУ, усе пэрсанажы, як гэта iм i трэба, — прыдуманыя. Тым ня менш, усялякае падабенства да ўяўных цi рэальных асобаў, усялякае супадзеньне iмёнаў, прозьвiшчаў, датаў i нават знакаў прыпынку — невыпадковае.

(словы, што мусiлi патрапiць напачатак аднаго зь ненапісаных раманаў, але так i не патрапiлi, невядома зь якiх прычынаў)

VI

Я сядзеў i чакаў Герду. Яна спазьнялася, як заўсёды, як усе спазьняюцца ў гэтай шалёнай гісторыі. Я сядзеў i думаў пра тое, што адмысловыя стасункi з часам даюць нам нарэшце нейкiя зьвесткi пра сьвядомасьць Аўтара, якога пакуль нiхто ня бачыў. Спазьнiцца — значыць прыйсьцi кудысьцi, але ня ў час. Ня ў час — гэта значыць, што часу ўжо няма. Што ж застаецца, калi ўжо няма часу?

Я чакаў Герду. Я ведаў, яна так нiколi й не патрапiць прыйсьцi ўчас. Яна была чужая ў гэтым горадзе, вулкi якога не трываюць асьцярожных, мяккiх, упэўненых крокаў, якi патрабуе непрысутнасьцi, у якiм добра жывецца адно прывiдам. Яна была жывая.

VII

Сон: рыба на апаленым сонцам жвiры. Не трапеча, ляжыць маўклiва, вада адыходзiць усё далей ды далей. Вочы зь невымоўнай пяшчотай глядзяць у маю душу. Тут я згадваю: рыбы ня мовяць.

VIIa

«Сьвятло спытала ў Нябыту: Цi ёсьць Вы, Настаўнiк? Можа, Вас няма? I, не пачуўшы адказу, пачало ўглядацца ў ягоную паставу. Абрысы: нешта цёмнае, пустое; хоць увесь дзень углядайся — ня ўгледзiш; слухай — не пачуеш; дакранайся — не дакранесься. — Што ж гэта за дасканаласьць! — закрычала Сьвятло. — Цi здольны хто-колечы яшчэ на гэта? Я магу адно прысутнiчаць цi адсутнiчаць, ды зусiм ня быць не магу. Я дайшло толькi да адсутнасьцi — як жа стацца такiм, як Вы?!»

там была твая сьмерць а ты спадзяваўся скончыць гэтае падарожжа ўрачыста пад гукi жалобнага сьпеву а ён спадзяваўся перайсьцi на другi бераг i застацца а яны думалi пазьбегнуць а нехта... але штосьцi iншае глядзела цяпер з-за прычыненых зьнянацку дзьвераў па мерцы кожнага зь iх i па тваёй таксама кожны плыў да берага але ўладная плынь зносiла й запавольвала жаданы фiнал магчыма тое што яны сустрэлi было фiналам канцом а для некага пачаткам iншай дарогi але ўсё вынiкала з таго дзе ты прыстаў i ты спадзяваўся верыў у непазьбежнасьць у вырок у лёс у тое што твой човен што iшоў увесь час супроць плынi сярод мерцьвякоў ледзь варушачых губамi каб сказаць тое што кажуць усе што даўна ўжо сказалi i немагчымасьць быць тут адно спадзявацца на фiнал на магчымае ўцелясьненьне ў iншым часе сярод iншых дэкарацыяў што там казаў Плятон але гэтая рака несла твае старонкi на якiх палымнеў адчай пра душу а ты спадзяваўся згадаць вечнае ды згадвалiся твары а потым дарагiя твары што былi поруч цагляныя камянiцы сярод якiх а потым зноў адчай i хвiлiны суладзьдзя ў якiя ты быў нечым большым чым проста жыцьцё чалавека ах так Плятон: душа несьмяротная

VIII

Ах Вiктарас М., Шосты Патрыярх, аматар Камю й футболу, сябра Гайдэгера, настаўнiк Дайсэцу Судзукi й Вадзiма Д., бязьлiтасны крытык дыямату, якi ты лiчыў жывым трупам! Твае доўгiя ногi вытыркалiся з кудаба калгаснага трактара, калi ты адважыўся на доўгае паломнiцтва, уцякаючы ад савецкага войска на аддзяленьне фiлязофii, вымушаны патрапiць на бульбу! Ты быў фрагмэнтам iншага сьвету сярод аднастайнае нямоты аднолькавае цяпершчыны. Ты быў прыдуманы намi, ад пачатку й да канца, ва ўсiх дэталях i падрабязнасьцях, разам з тваiм славутым падарожжам на Ўсход (у чым сутнасьць прыходу Шостага Патрыярха?), разам з тваiм даўгiм дзэнскiм дубцом, якi ты зазвычай выцягваў а палове на другую ночы, пасьля трэцяй пляшкi армянскага каньку (твая першая пляшачка была сапраўдным саторы, калi ты яе выцягнуў сярод вулiцы беларускай вёскi, зьнянацку, на першай бульбе) — i пачынаў змагацца з двойчасьцю сьвету, зь бiнарнымi апазыцыямi і з пэрманэнтнай адсутнасьцю грошай.

* * *

Пра сябе: ён жыў у едкiм i цягучым вымярэньнi нязгаснага болю й пiсаў доўгiя, як восень, дзэн-сказы, што цёплаю хваляй накатывалiся на сэрца, спакушалi нядвойчасьцю й узьяднаньнем, казалi як быццам нiчога i ўсё ж зашмат ды ўрэшце пакiдалi там, дзе ты ёсьць: сярод нязбытнага фарсу, у каморы, на Сьвятой Зямлi.

* * *

Ах, Вiктарас М., ты ведаў гэта напэўна. Усе мы пэрсанажы недапiсанага раману, але ж хто Аўтар? Зноў i зноў гэтае адчуваньне: мы патрапiлi ў лябiрынт, нехта гэта заве сьветам, нехта хаваецца ад яго, хтосьцi — ад самога сябе, напачатку паволi, потым хутчэй.

Прамінулыя гады падарылi яму сумны досьвед: у гэтым лябiрынце ўсё роўна анiчога ня знойдзеш. Магчыма, анiчога проста няма, а магчыма, ёсьць, але недзе далёка. Так што можна й не шукаць, а папросту ведаць, што нешта недзе ёсьць, і жыць з гэтым веданьнем, у салодкiм самазабыцьцi... сьвету.