Выбрать главу

Бо нават калi й пачынаеш нешта шукаць, кудысьцi iсьцi — усё заблытваецца. Па-першае, немагчыма сфармуляваць, што шукаецца. I што хоча знайсьцiся. Немагчыма гэта назваць. Бог, Быцьцё, сэрца сьвету — усе гэтыя словы маюць доўгую гiсторыю, на якую яны самi ўжо прагнуць забыцца. А не забываецца. Па-другое (i памяць, паслужлiва запабягаючы, сьведчыць) — каб знайсьцi тое, што немагчыма назваць, трэба зьмянiцца самому — а значыць памерцi. А каму хочацца памiраць дачасна?

Магчыма, аднекуль, зь нейкай дзiўнай, уфундаванай у сапраўдным быцьцi прасторы, усё гэта бачылася б iнакш. Тое, што мы тут завем безнадзейнасьцю, там завецца каханьнем, а мае абрыдлыя бадзяньнi па прасторы сваiх i чужых тэкстаў там кладуцца непахiсным кiрункам: у неба. Напрасткi. Хто глядзiць на нас, каму мы цiкавыя? Анёлы, дэманы?

У павуце вулак i словы, да агiды знаёмыя, прымушаюць разам з усiмi забыцца й прымаць усё як ёсьць i нават не чакаць, а толькi заходзiцца часам слабымi рэфлекторнымi рухамi. Словы, што ўсё блытаюць.

Дык дзе ты, сьвятая зямля? Хiба толькi там цяпер ноч i ўсе папросту леглi спаць: i Буда, i Заратуштра, і Iсус. А мы тут, пэрсанажы абсурднага раману, навобмацак шукаем тое, што даўна ёсьць i вядома, і непераможна?

* * *

Рэч вось у чым: cogito, якое задае гэтыя пытаньнi, ня мае надзейнае нiцi, каб выбрацца з лябiрынту. Мы можам дэкляраваць умовы магчымасьцi веды, але цi ня будзе гэта адно маленькiм свойскiм лябiрынтам у лябiрынце вялiкiм. Пытаньне ня ў тым, цi дагонiць Ахiл чарапаху, а ў тым, хто мы — Ахiл цi той, хто глядзiць на Ахiла. Ахiл не пытае сябе, цi дагонiць ён чарапаху, ён проста бяжыць. I, магчыма, у iншым кiрунку.

X

— Ты недасканала цалуесься, — сказала яна й засьмяялася свайму нахабству, — хто цябе вучыў?

Я не хацеў памятаць ейнага iмя, я зваў яе Гердай, гэта пасавала да яе зграбнае паставы, калi яна стаяла за стойкай бара ў «Хвiлiнцы», невялiчкiм бiстро, разьмешчаным дакладна на сярэдзiне Доўгага Менскага Прашпэкту ў Нiкуды. Мы прыходзiлi сюды ледзь не штодня, шукаючы паратунку пасьля зануднага фiлязофскага тупiчку на сёмым паверсе хiмкорпусу. Яна падавала нам кубачкi, i мы разумелi: кава ня ёсьць проста кавай, рэч ня ёсьць проста рэччу.

Яна была бiзантыйкай, iстотай з далёкай краiны Ўільяма Батлера Ейтса, так мы вырашылі аднойчы.

* * *

— Гэта зусiм нескладана, — яна прамовiла бадзёра й неяк адчайна, ускiнуўшы галаву, як быццамзьбiралася ўзьляцець, i пацалавала мяне ў вусны, сярод вулiцы, аднекуль з вышынi.

— Я не змагу цябе ўратаваць, — сказала яна. — Ты шукаеш занадта шмат, Дыятыму й Арыядну адначасова. Так не бывае.

* * *

Я ведаю, я хацеў зашмат. Я ведаю, так будзе заўсёды.

Ейныя рукi ўзьнесьлiся ў неба, адчайна, у раптоўным гэсьце. Рух гэты стагодзьдзямi спаў у глыбiнях i цяпер, прарваўшыся на паверхню, ня мусiў спыняцца, але... яна ўжо была згубiла сябе ў гэтым руху, амаль што патанула на дно свайго адчайнага памкненьня i, каб затрымацца (альбо ўзяць з сабой), яе рукi, як выратаваньне, абвiлi шыi двух мужчынаў, што сядзелi побач.

Двое мужчынаў, аднолькава жаданых, хаця й парознаму, у розныя часы i ў розных абставiнах, асьцярожна прачнулiся (?) — цi наадварот — асьцярожна ўступiлi на тэрыторыю гэтага сну, гэтага самазабыцьця, знайшлi сябе разам, побач зь ёй i прынялi гэта так, як мы звычайна прымаем сны — з засяроджанай удзячнасьцю i адначасова з прыкра-салодкiм шкадаваньнем, што ўсяго гэтага няма наяве.

Рэчаiснасьць, ява, паверхня жыцьця, на якой яны так упэўнена iснавалі, цiха праламiлася, і праз гэтую прабоiну пачаў сачыцца атрутны сон, сплятаючы целы й думкi ў нешта адзiнае, у якiм кожнага паасобку ўжо не было, у якiм кожны паасобку быў недарэчы — у нешта адзiнае, што ўжо не было простай сумай трох целаў цi трох душаў — але лёгкiм, эфiрным рэчывам, празь якое быў бачны (каму?) — альбо яўлены (кiм?) — твар Бога (багоў?!).

* * *

Якiя багi явiлiся тае начы?

Лёгкае, эфiрнае рэчыва, i вось яны крыху ўзьнiмаюцца па-над зямлёй, недастаткова высока, каб загiнуць, каб быць сплеценымi/спаленымi, як Iкар, каб назаўсёды застацца ў гэтым тройчым сьне (калi гэта быў сон) — i ў той жа час недастаткова нiзка, каб на ўсё забыцца.

У нейкiм адценьнi сну (палёту?!) яны прачнулiся з адчуваньнем цiхага шчасьця i сышлi, кожны ў свой бок, распалiся зноў на аскепкi трох самотаў, ведаючы, што гэтая прабоiна назаўсёды застанецца ў памяцi, як незагойны пралом, — праз памяць — у вышыню, у надзем’е.