— Вядома, ноч. Так усё і адбываецца. Патанаеш у начы, нешта грыміць, скавыча й няможна спаць... Жанчына пацёпала плячыма.
— Пра што ты гаворыш? Хутка будзе сорак дзён... Бацька ўжо паставіў агароджу, зрабіў на заводзе... Трэба шмат грошай, дзе ж ты іх возьмеш... Калісьці і я там лягу...
— Ноч — лепшы час, каб верыць у сьвятло...
Жанчына ўзяла зэдлік, села, стомлена прытулілася да сьцяны.
— Пра што ты гаворыш? Ты ўвесь час пра штосьці гаворыш, я не разумею... Ты паглядзі на сябе, які ты стаў... Раней прыяжджаў, прыемна было глядзець... А цяпер...
Малады хлапец выцягнуў цыгарэту.
— Анічога ня здарылася. Ужо колькі год анічога анідзе... Ня варта нэрвавацца...
— Раней прыяжджаў, усё падабалася...
* * *
Наступным днём пасьля абеду хлапец стаяў у бібліятэцы, павольна гартаў томік Акутагавы. Бібліятэкарка, якой ужо не аднойчы прыходзілася спускацца ў сховішча і вяртацца ні з чым, глядзела на яго з прыкрасьцю.
Зірнуўшы на гады жыцьця, хлапец падумаў:
Пачатак стагодзьдзя, усё зразумела. Ніцшэ, Стрындбэрг, Дастаеўскі. Адзінота, пакута, Бог і ўсё гэткае: хаця б нейкія спадзяваньні.
Тут ён выпадкова пачаў чытаць апошнія радкі нататак «Зубчастыя колы»:
«...жыць у такім душэўным стане невыносна: няўжо ніхто не задушыць мяне паціху, у сьне». Надрукавана пасьля скону. 1927 год.
Некалькі сэкундаў ён стаяў у здранцьвеньні. Міжволі ў вачох зьявіліся сьлёзы.
— Божухна, няўжо чалавек можа так пакутаваць? — ён сказаў гэта паўшэптам, для сябе. Потым яшчэ раз, уголас:
— Божухна, няўжо чалавек можа так пакутаваць?!
Бібліятэкарка і некалькі наведвальнікаў са зьдзіўленьнем пагледзелі на яго.
* * *
Праз восем гадзінаў хлапец сядзеў у агульным вагоне начнога цягніка каля вакна. Побач селі жанчына гадоў трыццаці зь дзіцём і вясковая бабулька зь цяжкімі клункамі. На бязьлюдным пэроне сьпінай да яго стаяла зграбная дзяўчына з доўгімі прыгожымі валасамі.
У суседнім купэ пачалі спрачацца, нехта закрычаў, заплакала дзіцё.
Жанчына стомлена пакруціла галавой і прытуліла дзіцё да сябе, старая нешта сказала — і яе твар стаў да болю знаёмым. Дзяўчына на пэроне неўсьвядомлена паправіла валасы.
Нягледзячы на ўсе пакуты, сьвет таямнічым спосабам існаваў: ІСНАВАЎ.
Пэрон калыхнуўся, дрэвы, будынкі, дзяўчына скрануліся й паплылі. Горад паступова ішоў у мінулае.
Kindberg
Ад Курскай касы да Вiльнi колькi гадзiнаў i потым яшчэ крыху да мяжы, дзе заўсёды чакаеш найгоршага, пакуль памежнік не запытаецца, куды яна едзе, глупае пытаньне, апошняя мадэль Рэно зь беларускiмi нумарамi i эфэктнай брунэткай, энэргiчнай i крыху стомленай, вядома, яна вяртаецца дадому, так, надвор’е было фан-тас-тыч-нае, хацелася б пасьпець у Менск да дзявятай, Ганна паварочвае галаву ў звыклым гэсьце, якiм яна абрывае недарэчныя размовы, i глядзiць у будысцкую пустату наўпрост перад сабой, праз мытны ангар, рэйсавы аўтобус наперадзе, кудысьцi далёка, дэманструючы бiзантыйскi профiль, нос зь лёгкай гарбiнкай, якi так падабаецца Артуру, яе вусны яшчэ нешта прамаўляюць, але, вядома, ужо не для ашмянскiх памежнікаў, якiя мусяць разумець, што размова скончана, што для такiх, як Ганна, яны заўсёды будуць надакучлiвым i непазьбежным дадаткам да ружовага штампiка «вяртаньне на радзiму». Рука аўтаматычна цягнецца да Cosmopolitan, яшчэ сёньня на сьвітанку яна блукала па пяшчаных плёсах, самота, амаль два тыднi поўнага спакою, але гэта ўжо недзе далёка ў мiнулым, Ганна запальвае цыгарэту й прымружвае вочы, уяўляючы нечаканае вяртаньне, Артур, пацалунак i гарачая ванна, пена да столi i потым Paris Lumiére па TV 5, парыскiя тэатры — яе страсьць, галоўнае выехаць на наўпроставую дарогу, хуткасьць сто шэсьцьдзесят, бартавы кампутар з анты-радарам будзе надзейна сыгналiзаваць пра ДАIшныя патрулi.
Ганна ўключае запальваньне, памежнiк доўга глядзiць на ейны профiль, шукаючы падабенства з пашпартным фатаздымкам, якi, вядома, зроблены анфас, невыносныя сэкунды, калi ў сьвядомасьцi адбiваюцца ўсе дробязi, кроплі поту на твары кіроўцы аўтобуса, голас па рацыi, якi перадае прыкметы нейкага парушальнiка, лёгкі ветрык, пошум лістоты, чыесьці крыкi, але гэта ўжо агонiя, і праз хвiлiну Ганна ўпэўнена набiрае хуткасьць, галоўнае выехаць з памежнае зоны, напханай знакамi забароны й патрулямi, зрэшты, уся краiна -- памежная зона, пра гэта лепей ня думаць, не псаваць сабе настрой i бiзнэс Артуру, палiтыка псуе густы, яна нарэшце знайшла стыль для наступнай выставы, гострыя, рэзкiя абрысы ў пяшчаных дзюнах, паставы тонуць у жвiры, якi цячэ праз пальцы, як жыцьцё.