Выбрать главу

Ганна крыху расслабляецца, пры хуткасьцi пяцьдзясят краявiд за вакном праплывае надта павольна, сылюэты пагоркаў пачынаюць нагадваць штосьці няўлоўна знаёмае, пахi дзяцiнства. Наперадзе нейкi дзiвак няўпэўнена апускае руку, Ганна нiколi не спыняецца, нiколi не мяняе сваю аўтамабiльную самоту на бязглуздае марнаваньне часу ў дарожных размовах, але пагоркi за вакном пахнуць чымсьцi знаёмым, знаёмая пастава, i гэты гэст, нiбы з далёкага ўспамiну, зь дзяцiнства, не, гэта немагчыма, адкуль пасярод дарогi, тут, праз столькi гадоў.

* * *

Мiхал няўпэўнена апускае руку безь якога-колечы спадзяваньня спынiць гэтую машыну, усё адразу пайшло ня так, як задумваў, ён выйшаў на патруль, кляцканьне затвораў, i ён, з торбай бэтакамаўскiх касэтаў i глупым кошыкам для грыбоў, поўны назад.

Рэно спыняецца праз дваццаць мэтраў, гэта не мiраж, асьцярожна апусьцiць кошык на зямлю, спакойныя, упэўненыя крокi, ён не сьпяшаецца, пачакаць, сесьцi на задняе мейсца, дзякуй вялiкi, вы мяне страшна выручылi.

Пагоркi за вакном пахнуць забытым мiнулым, Ганна павольна кранаецца зь мейсца й паварочвае галаву, дэманстратыўна разглядаючы ў люстэрка чалавека на заднiм крэсьле, анiякiх сумневаў, праз дванаццаць гадоў выпадкова падабраць на гэтай жа дарозе, Ганна трымае паўзу, смакуе гэтыя сэкунды маўчаньня, да таго як будуць прамоўленыя першыя словы, радасьць сустрэчы, банальная й непазьбежная.

Лiна?! Мiхал нарэшце дазваляе сабе падняць голаў i крыху разгледзець эфэктную брунэтку ў апошняй мадэлi Рэно, страшна знаёмы профiль, лёгкая гарбiнка, няўжо, прайшло столькi часу, i вось гэтыя зялёныя вочы, да якiх ён аднойчы дакрануўся губамi.

* * *

Слова аднойчы, як і тузін іншых словаў-падманак, спрабуе нэўтралізаваць загадку часу, разьбіваючы яго на сотні і тысячы дробных «аднойчы», кожнае зь якіх мае дакладную адрэсу (аднойчы тут, іншым разам там), скончаную і самадастатковую, як прыступкі, але ўсё гэта ўрэшце сканчаецца вялікім аднойчы нідзе, і ўжо няма аніякіх адгадак, толькі пустата, як быццам прыступкі раптам абрываюцца, у бездань альбо ў неба.

Міхал даўна ўжо не спрабаваў дзяліць на кавалкі тое, што аніяк ня дзеліцца, ён адчуваў час як вецер, які дзьме і выдзьмувае кавалкі твайго жыцьця, часам лагодна й ледзь заўважна, калі ўсё вакол амаль не варушыцца, а часам як ураган, але галоўнае не падманвацца, што ты некуды ідзеш, па прыступках альбо па дарозе, разьбітай на кавалкі дробных аднойчы, насамрэч ты стаіш, нібы помнік, і вецер часу выдзьмувае зь цябе ўсё неістотнае, найменш трывалыя рэчы адыходзяць адразу, імпэрыі развальваюцца, руйнуюцца гарады і якая-небудзь сьціплая шафа застаецца з табой найдаўжэй.

Міхалу хацелася верыць, што вецер часу зьдзьмувае толькі абалонкі, але памяць, якая турбавала й не пагаджалася, зноў і зноў вяртала неістотныя дробязі, зь якімі не было як даць рады, і ён з жахам разумеў: ягоныя вочы ўсё больш углядаюцца ў мінулае і што сапраўдная таямніца часу ў тым, што аднойчы не адбылося, хаця магло адбыцца, імкнулася да здарэньня...

* * *

...тысячу гадоў нiхто не называў яе Лiнай, i Ганна раптам нямее, адчуваючы, як дзiўнае цяпло разьлiваецца па яе целе, як яе сьвядомасьць раздвойваецца, i вось яна стаiць на пустой дарозе, дванаццаць год таму, пад дажджом, за дзесяць кiлямэтраў ад Вілейкі, хiпушка-першакурсьнiца, якая вырашыла праехацца аўтастопам да Вільні. Дождж, які раптам пачаўся ў прыцемках, старыя дрэвы паабапал дарогі, ціхі й цёплы летні дождж, і яна раптам штосьці зразумела, адчула, лёгкія пяшчотныя датыкненьні, кроплі вады зь неба, і вось яна павольна ідзе па дарозе, прымружыўшы вочы, з адчуваньнем немагчымага шчасьця, амаль не рэагуючы на машыны, нібы аголеная, аўто спынілася за дзесяць мэтраў перад ёй, яна моўчкі адчыніла дзьверы й проста села на задняе крэсла, да Алены, нічога не тлумачачы, з прасьветленым тварам, з адчуваньнем немагчымага шчасьця. Міхал вёў машыну, і было так лёгка, яны адразу ўсё зразумелі і таксама сталі шчасьлівымі, таксама адчулі гэты дождж, Алена загадкава ўсьміхнулася й наліла каньяку, хаця ў гэтым не было патрэбы, гэта Міхал першы назваў яе Лінай, і яна раптам прыгадала, што так і не сказала, як яе завуць, але гэта было неістотна й было глупа пярэчыць, Ліна дык Ліна, Алена дапамагла зьняць мокрую вопратку, яна накінула стары плед, каньяк дадаў цеплыні і лёгкасьці, яшчэ крыху — і яна, напэўна, магла б паляцець, але яна проста сядзела, шчасная, слухаючы, як Міхал распавядае пра Ліну, дзяўчынку-медзьведзянятка з Картасаравай навэлы, якая спрабуе аўтастопам дабрацца ад Сант’яга да Капенгагэну і, напэўна, у яе атрымаецца, і гэтая дзяўчынка сустракае па дарозе Марчэла, які прадае зборныя канструкцыі паўсюль, дзе толькі можна, яна слухала гісторыю крыху няўважліва, яшчэ каньяку, так, дзякуй, і ў самы адказны момант, у Самы Трагічны Момант, калі пасьля начы каханьня Марчэла высаджвае Ліну на дарозе, яна раптам пачала ціхенька напяваць сабе «за дахамі места», ад залацістага цяпла цягнула на сон, яна засынала на хвіліну й прачыналася й раптам сапраўды адчула сябе Лінай з Картасаравай навэлы, Вільня, Капэнгаген, паўсюль ішоў цёплы дождж, і гэта было самае істотнае ў сьвеце.