Выбрать главу

Потым, у Вільні, у Аленінай аднапакаёўцы, заваленай эцюдамі й красьленьнямi, яны пiлi чырвонае вiно, прыгадваючы радкі й пэрсанажаў, і Ліне так хацелася слухаць, яна патрабавала музыкі, Міхал паставіў літоўскі джаз і, прамаўляючы гішпанскія словы зь незразумелым акцэнтам, інтанаваў Llamado Kindberg, a traducir ingenuamente por montana de los niсos, гэта таксама было, як цёплы дождж, які ўсё яшчэ ішоў за вакном, які дарыў шчасьце, было глупа пытацца пра імёны й адрэсы, яны абавязкова сустрэнуцца, у Менску, Вільні альбо Капэнгагене, пад цёплым дажджом, дамаўляцца — гэта значыць не давяраць сусьвету, так добра сядзець на падлозе, абдымаючы Міхала й Алену, не, яны не каханкі, проста сябры, хаця й могуць сабе часам дазволіць большае, але без каханьня, каханьне зьнішчае таго, хто любіць, зьнішчае жаданьнем валодаць і не аддаваць, жаданьнем затрымаць імгненьне, быць заўсёды, усе мы медзьведзяняткі пад дажджом, і апошні тост за беднага Марчэла, якога няма з намі, нарэшце яны заціхаюць, зьняможаныя, на падлозе, а потым

Міхал, які падыходзіць і асьцярожна цалуе яе ў вочы, у моцна заплюшчаныя вочы.

* * *

Дзiўнае цяпло разьлiваецца па яе целе, i Ганна высiлкам волi прымушае сябе быць тут, не правалiцца ў мiнулае, туды, дзе засталася Ліна (дзе яна пакінула Ліну?), наіўная істота без уласнай сутнасьці, гатовая распусьціцца ў сьвеце, гатовая ісьці пад дажджом немаведама куды, размалёўваць клетку дзіцячымі малюнкамі, бо Ганна ведае, што сьвет — гэта клетка, цэля, лябірынт — бяз сэнсу, затое зь безьліччу вартаўнікоў і канваіраў, гатовых прывесьці на чарговы допыт (у чым сэнс твайго мастацтва? а што ты зрабіла для Радзімы? чаму ты ніколі не падаеш жабракам?), упарта ісьці да выйсьця, адстрэльваючы вартаўнікоў, што там, за гэтым выйсьцем, пра гэта Ганна ня думала, бо галоўнае ісьці, не спыняцца, напэўна, яна не кахала Артура, бо кахаць — гэта заставацца тут, на мейсцы, а галоўнае прабрацца бліжэй да выйсьця, навонкі, у прастору, пра якую ніхто нічога дакладна ня ведае, дзе маленькая балерынка зь яе карціны танчыць у атачэньні хіжых вачэй, што глядзяць зь цемры.

Часам Ганна ненавідзела Ліну, даверлівую дзяўчынку, якая не задае пытаньняў, нікуды не сьпяшаецца і якая, здаецца, зусім не зьбіраецца аднойчы памерці, дзяўчынку-медзьведзянятка (саторы ў Вілейцы, дзякуй, чыталі мы вашага Судзукі), але цяпер пагоркі пахлі чымсьці знаёмым, прайшло столькі часу, і Ганна раптам адчула, што ёй нават

падабаецца быць крыху раздвоенай, мець побач яшчэ аднаго пасажыра, бо няма сумневаў, гэта яна, Ганна, вядзе гэтую машыну, яна кіруе і выбірае дарогу, дык чаму б не дазволіць сабе дзяўчынку-медзьведзянятка з забытай гісторыі, якая ціха сядзіць на заднім крэсьле і штосьці мармыча побач зь Міхалам, так, Міхал сядзіць і чакае, паўза зацягнулася, знайсьцi лёгкi тон i вось ужо першыя словы — сьмешна, як усё супадае, зноў аўтастоп, гэта наканаванасьць, памятаеш, як мы чыталi апавяданьне пра Кiндбэрг, i што ў нас са зборнымi канструкцыямi, цi заняўся хто-небудзь? Міхал раптам разумее, што анічога немагчыма патлумачыць, патрулі, касэты — усё гэта ў будучыні, яшчэ мусіць адбыцца, а размова адбываецца ў мінулым, а таму застаецца прыняць усё як было і вярнуцца назад, на мокрую, сьлізкую дарогу, у адзін зь летніх дзён, у мястэчка Кіндбэрг — вядома, як можна ня памятаць такiя рэчы, з канструкцыямi цяжка, прыходзiцца займацца разборнымi — даўна забытая гiронiя, лёгкая будысцкая безнадзейнасьць узору 1987 году, i раптам асьцярожнае маўчаньне — цi не замнога прамоўлена ў гэтай гульнi словаў, ці не спрабуе ён зблытаць памяць і жаданьні.

Празь некалькi кiлямэтраў паварот на Смаргонь, а потым далей на Вілейку, і Ганна пачынае крыху хвалявацца, праз дванаццаць гадоў, Вілейка, маленькая Вільня, мястэчка Кіндбэрг уласнай пэрсонай, дзіцячая гара, якая можа вярнуць цябе назад у дзяцінства, Ліна на заднім крэсьле штосьці сьпявае, Ганна спакойная і ўпэўненая, гэта яна вядзе машыну, яна выбірае дарогу і плаціць па рахунках, Мiхал змаўкае, а вось i заварот, крыху прытармазiць, а потым рашуча налева, заедзем у Вілейку, замовiм гатэль, я люблю гэтыя правiнцыйныя гатэлi, яны цяпер цалкам пустыя, паблукаем, вып’ем добрага віна, пазвонiм Алене ў Вільню, адчуць гэтую iнтанацыю спакойнай упэўненасьцi, яна можа сабе дазволiць маленькую дзіцячую казку, у якой героі сустракаюцца праз дванаццаць год, вядома, яна не тэлефанавала Артуру, яна любiла вяртацца нечакана.