Выбрать главу

...10 кастрычнiка

...Паўсюль толькi й размовы, як пра новы саюз з Усходам, сацыяльны аптымiзм, новыя тэхналягiчныя пэрспэктывы. Як мне гэта нецiкава! Няма нiякiх новых задумаў, адно гэтае мэханiчнае запаўненьне дзёньнiка... Жыцьцё цячэ мiж пальцаў. Куды?

...3 лiстапада

Заходзiў Лангабард. Паголены, у новым гарнiтуры, пры гальштуку. Паведамiў, што парваў зь мiнулым (?) жыцьцём, з п’яной безадказнасьцю ды вашапрудным рамантызмам... Хоча стаць прафэсійным архiтэктарам...

...1 траўня

...На вулках незразумелы шум. Страшна падумаць — вось ужо паўгоду, як я туды не выходжу. Так, жыцьцё паўсюль. Мне здаецца, што я ўжо не адрозьнiваю — калi сплю, калi абуджаюся. Гэты пераход — ад аднаго да другога — такi крохкi, такi незаўважны. Калi жыцьцё — сон, дык сон, напэўна, таксама жыцьцё.

...20 траўня

....

...7 карстры

прынесьлi балахон шэры з адтулiнай на галаве але бяз рук прысьпешваюць кажуць усе чакаюць пытаюся каго маўчаць кажуць хутчэй мушу апошняе ёсьць толькi тое што

Менск, 1934 г.

Шамбала

(раман)

Аднойчы раніцай Лявон К. прачнуўся і знайшоў-сябе-ў-сьвеце.

* * *

...Шчотка й зубны парашок былi з пракаветных часоў, яшчэ Гераклiт iмi карыстаўся, яны былi сярод алхiмiчных прыладаў Парацэльса, Вялікі гетман Агінскі вазiў iх у невялiчкiм куфэрку, уцякаючы ад маскалёў. Цяпер яны ляжалi ў шафачцы, побач зь iншымi рэчамi, шторанiцы ён чысьцiў зубы, палошчучы рот вадой, крыху iржавай, з прысмакам хлёркi. Ён тварыў гэты рытуал, спрабуючы затушыць усе пачуцьцi, каб засталiся толькi зубы й рука, цешачы сябе думкай, што прыпадабняецца прыродзе, якая таксама не ўсьведамляе лёт восеньскага лiста цi плёскат вады, што гэта нязначнае дзэн-практыкаваньне прыдасца яму для нечага iншага.

* * *

Набрынялыя нечаканай празрыстасьцю, ейныя вочы былi адзiнай сьветлай плямкай у ягоным жыцьцi, так яму чамусьцi падумалася.

Ён перайшоў дарогу й некаторы час бязмэтна ішоў па прашпэкце, потым збочыў, сеў, прытулiўся да агароджы. Дзьмуў лёгкi ветрык.

Лявон К. выцягнуў нататнiк, у якi ён запiсваў тое, што адбывалася вакол яго. Калi ён проста сядзеў, сузiраючы навакольнае асяродзьдзе, каля яго часам спынялiся людзi, аб нечым пыталiся, часам вымушалi паказваць пашпарт.

З нататнiкам жа ён нiбыта чымсьцi займаўся, i хаця, чым ёсьць гэты занятак, Лявон наўрад цi быў здольны камусьцi патлумачыць, у паветры лунала пачуцьцё пэўнасьцi й бясьпекi.

Лявон К. знаходзiўся ў стане разьяднанасьцi са сьветам i ўласным жыцьцём, на меркаваньне знаёмага псыхiятра, у яго назiралiся ўсе прыкметы падваеньня асобы, памножаныя на астэна-дэпрэсіўны сындром i неспрыяльныя хатнiя ўмовы. У дадатак да розных пiгулак псыхiятар раiў бегаць, пiць бром i сябраваць з кабетамi, на апошняе налягаў асаблiва, пры гэтым прыцмокваў языком i рабiў непрыстойныя гэсты. У адказ Лявон ласкава называў яго майн Фройд i, у сваю чаргу, раiў больш чытаць, тут жа прапаноўваючы якi-небудзь ноўбэл прайз ноўвэл са сваёй бяздоннай торбы альбо проста кнiжку з малюнкамi, якую ён часам купляў для дачкi гаспадынi.

Зранку Лявон К. наведваў лекцыi ў несамавiтым шэрым будынку на галоўнай плошчы гораду, але пасьля дзьвюх гадзiнаў ён быў ужо вольны. Ён адразу iшоў пiць каву ў бiстро «Хвілінка», i яму здавалася, што наведваў лекцыi iншы чалавек, а ён гэты час спаў i прачнуўся толькi тут, у бiстро, i з гэтага пачаўся ягоны дзень.

Часам кава ў горадзе зьнiкала, тады пасьля дзьвюх ён адразу iшоў у пакойчык i клаўся спаць, вырашыўшы, што калi немагчыма прачнуцца сярод сну, дык застаецца толькi заснуць. Тое, што жыцьцё — гэта толькi сон, было ягонай працоўнай гiпотэзай, якая фактам пакуль не супярэчыла й да таго ж мела доўгую гiсторыка-культурную традыцыю.

Праўда, гэты сон-навакольле запэўнiваў, што ён i ёсьць адзiнай i непахiснай рэчаiснасьцю, але якраз гэтай гiпотэзе супярэчылi шмат якiя факты. Па-першае, рэчаiснасьць нiяк не магла быць незразумелым балаганам, а ўсе ягоныя сябры пагаджалiся, што вакол менавiта балаган, рэжысэр якога аніяк ня можа працьверазець. Па-другое, Лявон К. прачынаўся сярод гэтага балагану, i тады яму прыходзiлi ў галаву яго лепшыя старонкi, ён адчуваў свабоду й гармонiю. Было б дзiўна, калi б iснавалi дзьве роўналеглыя рэчаiснасьцi, калi сапраўдная рэчаiснасьць — свабода, суладзьдзе й творчасьць, дык тое, iншае — напэўна толькi сон.

* * *

Ад некаторага часу Лявон уваходзіў у невялікую містычна-дэкадэнцкую групу, якая праходзіла па дакумантацыі раённага аддзелу КДБ як «рэлігійна-антысавецкая сэкта з цэнтрам у Шамбале» і ад якой цярпліва чакалі чаго-небудзь, што можна было б далучыць да справы як рэчавы доказ.