Выбрать главу
І зноў вяртаемся туды, дзе даражэй... З сабой змагаемся, А з іншымі — цяжэй.
* * *
Маркотных дзён у нас — да ліха. Маркота падбярэцца ціха — І скруха сэрцам заўладарыць І стане ў хаце гаспадарыць. А калі неба спахмурнее, Дык знікнуць вера і надзея.
* * *
Ці ты ведаеш, зорнае неба, У чым людская патрэба? Ці ты бачыш, што робіцца ў свеце, На зямной, на зялёнай планеце? Што ж хаваеш за воблакі зоркі? Ад маіх запытанняў горка.
* * *
Жыццё, чым больш і даражэй, Тым больш народжвае вужэй. Вужы ля хатаў, рэчак, ног... Як сярод іх ты выжыць змог? І добра, што не стаў вужом, Стаў жабраком, інакш — бамжом.
* * *
Хто мы, скажыце, на гэтым свеце? Можа, зачэзлага дрэва вецце, Можа, зляцеўшае з дрэва лісце, Можа, выток, што шукае выйсця? Або забытыя Богам палі... Хто мы, скажыце, на гэтай зямлі?
* * *
Ах, думка-думка, ты такая... Хіба ж не сэрца высякае? Хіба ж не крэсіва яно? Мы апусціліся на дно, — Ці здолеем калі падняцца І над сабою пасмяяцца?
* * *
Імклівы час, і дзень, і вечар, Сагнула праца нашы плечы... Ці многа душам нашым трэба? Дзівіцца і з зямлі, і з неба, Сумленна кожны дзень пражыць І гэты дзіўны свет любіць.
* * *
Айчына, Айчына, Айчына! Табой пагарджаюць злачынна, Глумяцца, знішчаюць твой люд, Выносячы свой прысуд. Збярыся і стань незалежнай Ад крыўды і праўды замежнай.
* * *
Народ мой, сціплы і скупы на словы, Стрымаць сябе заўжды гатовы. Ён ведае, куды пакрочыць, І ведае, чаго ён хоча. Праз церні глуму ідучы, Дарогу знойдзе і ўначы.
* * *
Божа, не асуджай мяне строга, Ці ж не Табою даецца дарога? Я ў цябе, светлы, не страціла веры. Плавала ў небе воблакам шэрым... Але ж і воблака прагна чакаюць, Калі ад спякотных пяшчот паміраюць.
* * *
Дарогі, дарогі — далёкія, блізкія, Сухія і гладкія, мокрыя, слізкія... Ёсць надта крутыя лясныя сцяжыны... Ды я не пра тыя, што йдуць на вышыні. Не трэба адчайнай, дзе надта заносіць, — Дарогі звычайнай душа мая просіць.
* * *
Лёс патрабуе, каб слова было, Каб пахаванае зноў ажыло, Каб верай і праўдай служыла, Каб добрых людзей здружыла, Каб несумленных вучыла, Каб шчырасцю душу лячыла.
* * *
Там, дзе кропля ўпадзе жывая, Там жыццё ажывае... Ажывае травінка і кветка, Верш напіша пра кроплю паэтка. Пацячэ ручаёчкам слова, Каб жыла, не памерла мова.
* * *
Наш час, наш век такі шалёны, Чырвоны колер ці зялёны Нам асвятляюць ліхтары, Ў гару пляцемся ці з гары... Адно скажу, што — ў бездарожжа, Там і душа прапасці можа.
* * *
Здалёк — мілейшым родны край: Перад вачыма — родны гай. Ён лёсам у маім жыцці. Вось толькі рэчку перайсці — Ізноў мой гай перад вачыма: Ўсё гэта ты, мая Айчына!
* * *
Умываецца росамі ранак. У раніцы кожнай — світанак. Я падстаўляю жмені, Збіраю шчадроты-праменні. Збіраю шчадроту — хай будзе — Аддам яе добрым людзям.
* * *
Люблю, калі наўкола Прыгожа і вясёла. Яшчэ люблю выгоду, Дзе вольна жыць народу. Глядзіш: хоць дзе-нідзе, А мне перападзе.
* * *
Зусім апусцела бацькава хата. Без мовы, без песні не будзе свята. Парог зарастае травой-лебядой, Да студні не ходзіць ніхто за вадой, І нават зязюля даўно не кукуе... Тут песень дзяўчат ніхто не пачуе.
* * *
Я з вамі... Кожны раз спатканне Нясе нам дзень, як росы ранне Пасля спякоты. Старанна выбірае ноты Мая рука, Вітаючы напевы земляка.