Выбрать главу
Насустрач выбеглі бярозы, Напэўна, выказаць тугу. Праз лісце праступаюць слёзы, А я суняць іх не магу.
На захад сонейка спяшае, Ідзе на спад спякотны дзень: Дахаты ночка запрашае І ад бярозак — доўгі цень... Тулюся да галля шчакою, Слязы стрымаці не магу, Пагладзім роднае рукою, Падзелім з ім сваю тугу.
* * *
Капаюць, коцяцца слёзы — Плачуць бярозы... Боль разлучыў на стагоддзі, навек З мовай людскою, З ласкай людскою — З табой, чалавек.
* * *
Яшчэ такога ў свеце не было, Каб так людзей здарэнне засмучала. На сотні год спынілася жыццё, І песня над мясцінай замаўчала. Яшчэ такога ў свеце не было, Каб так зямля-матуля гаравала, Каб праз імгненне вымерла сяло, І слёз, і могілак не стала.
* * *
Бацькаўшчына мая, Роднасць светлая, Дзе лета цеплыню ўплятае, Дзе з клёнаў і бяроз злятае Заўчасна лісце, Дзе люд шукае з гора выйсця.
* * *
Краю мой рабінавы, Лес мой верасовы, Як мне шчырасць выказаць, Дзе ўзяць тыя словы? Песню спавядальную Я табе спяваю, Краю мой рабінавы, Верасовы краю.
* * *
Айчына... Тут мяне ўзрасцілі, Прыходзілі тут казкі ў сне. Калі маленькую хрысцілі, Імя тут падарылі мне. Казалі: «Хай яно свяціцца, Хай будзе доўгаю сцяжа». Акроплены святой вадзіцай Мае і цела, і душа.
* * *
Асвяці дарогі, сонца, Па якіх пайшлі сыны, Асвяці дарогі, месяц, Каб не збочылі яны.
Пасвяціце хлопцам, зоркі, Каб ім лёс не выпаў горкі. Спагадай ім, стрэчны вецер, Не затрушвай вочы смеццем.
* * *
Толькі сэрцам браць трэба Хлеб з поля і зорачкі з неба. І мроі, што недзе на донцы Патрэбныя, нібы сонца, Кожнаму беларусу... Бяры без прымусу, прымай І сам сабе дзіва стварай.
* * *
Мама, мама, не знікнеш ніколі Ты з маёй рыфмаванай долі. Будзеш жыць ты і ў песні, і ў слове, Размаўляці на бацькавай мове, Навучаць, каб была я дужай, Каб любіла сыноў і мужа, Каб наведвала край свой родны, Найчасцей — тваё боскае Гродна. Каб да сэрца радню хіліла, За іх шчасце каб Бога маліла. Каб пазыкі спаўна аддавала, Каб людзей, як сябе, шанавала.
* * *
Пад снегам дрэмлюць леташнія травы, Ім сняцца сонечныя дні. Лясок над імі кучаравы Таксама сонейка сасніў.
І гэты сон — такі салодкі — Дзяцінства цёплы, светлы сон, Нібы святочныя угодкі Шчаслівых самых, лепшых дзён.
* * *
Айчына… Шчасце ці бяда? Натхнення ты майго крыніца. Якая ў Нёмане вада! Такой ніколі не напіцца, Хоць будзеш доўга, доўга піць. Глыток адзін, другі і трэці… Жыць весялей на белым свеце, А смагі ўсё ж не наталіць.
* * *
Айчына-маці, кім мы сталі, Хіба ж не за цябе каналі? Чаму дасюль пануе гора? Дзе тыя «залатыя горы»? Скажы, Айчына, што мы маем? Сябе згубілі і шукаем?.. Чаму душы сваёй не чуем? Чаму ж сябе мы не шануем? А можа, твой народ няздольны?.. Чаму дагэтуль паднявольны?
Успамінаючы Хатынь
Куды я думкаю лячу? Аб чым сумую ці маўчу? Лячу туды, у родны кут, Смуткую ад зямных пакут… На месцах хатак — каміны, Як я, засмучаны яны. Іх перазвоны сэрцы рвуць І людзям не даюць заснуць.
Бяроза
Ты са мною, бярозанька белая, Ты са мной, як Айчына, заўжды. Твая чыстая кволасць нясмелая Неразлучна ўплялася ў гады.
Мы з табой узрасталі пад ліўнямі, Пад спякотаю разам былі… Гаравалі з табой днямі дымнымі І скрыжалі на плячах няслі…