Выбрать главу
Малітва! Малітва! Прымала ад маці Я словы святыя твае, Каб стала і чыста, і светла ў той хаце, Дзе родны салоўка пяе.
Салоўка! Салоўка! Куды адлятаюць Пасля тваёй песні сыны? Дзе сілы, якія іх зноў вяртаюць Да кожнай пяшчотнай вясны?
* * *
Калі часам бываю у скрусе, Чую рэха маёй Беларусі. Адклікаецца рэхам мой бор, Ночка з небам, паўнюткім зор, Адклікаюцца рэхам палі І дарогі, што ўдаль праляглі. Адклікаецца Нёман-рака, Ўсхліпы кнігаўкі, спеў жаўрука, Цэрквы, вёскі і гарады... Адклікаюцца рэхам гады. 

Роздум

Жывем, каб гэты свет сагрэць…

* * *
Лёсам нарочана слову служыць… Як ручаёк, мая мова бяжыць І ў акіяне вялікім не згіне... Кропляй бурштыну станеш, Аўгіння. Нехта падыме яе на ўзбярэжжы — І заблішчыць твая кропля ў замежжы.
* * *
Зямля ў нас — золата і срэбра, Галоўнае з зямных прыгод. Нам неба вызначае код, Яно ўсё дасць, што сэрцу трэба. Вядзі, вядзі размовы з небам, Не завядзі ў бяздонне вод Ні сам сябе, ні свой народ, З галоднымі дзяліся хлебам.
* * *
Пачаў ісці? Ідзі, не стой! На тое дадзена дарога. Ў жыцці цікавага так многа, Другія пойдуць за табой. Не цешся ўяўнай прастатой: Жыццё з усіх спытала строга. Не для сябе — кагось другога Ты захавай набытак свой.
* * *
Каб не пакрыўдзіці нікога, Жыві сумленна на зямлі, Такімі ж родзічы былі, — Ніколі не жадай чужога. Калі ж жаданні не ад Бога, Каб злітаваўся, не малі, Бо чэрці ў пекла завялі, — Адтуль не выпусцяць жывога.
* * *
Адводзіць слова боль і страх, Яно глыбокае, як мора, Свой асабісты мае нораў, Свае і сілу, і размах.
Хіба ж, скажы, яно не птах? Ды вартасць мае тое слова, Што з сэрца вылеціць людскога, Каб асвяціць камусьці шлях.
* * *
Ёсць нітка таямнічая між намі, Яна — не для чужога вока, Жывецца з ёю нам не адзінока, І разарваць яе мы можам толькі самі.
Але навошта? Так пасуе гаме, Як небу — незабудка сінявока. І рэчка сіняя яшчэ далёка. Не трэба клясца: мы з табой не ў храме.
* * *
Не трэба між людзей граніц, Не трэба візаў і даведак, Чужых вачэй, зайздросных сведак, Не трэба з гора падаць ніц.
Празрыстасць рэчак і крыніц — Для нашых для агульных дзетак, Не трэба на іх лёсе метак І тых знішчальных навальніц.
* * *
Мастак і з гліны злепіць дзіва, Паўстане ў велічнай красе І асалоду прынясе, Каб толькі ты глядзеў зычліва, А не з пагардай, не кічліва... І ўсё ж зычлівыя не ўсе, Хоць змалку ходзяць па расе. Прымай іх хібіны цярпліва.
* * *
Жыць — гэта йсці і не стаяць, Шукаць, жадаць, ствараць, знаходзіць. Хай, можа, і не ўсё выходзіць, Галоўнае — ход думцы даць. І нечаканае — спаткаць, Не гаварыць надзеі: «Годзе!» Той, хто ідзе, заўсёды дойдзе І пракладзе для іншых гаць.
* * *
Свой крыж яшчэ нясуць салдаткі, Іх боль прыглушаны, пякучы... Жыццё — бы цёмны лес дрымучы: Стагоддзем зменены парадкі. А шлях ізноў такі нягладкі! Нам родных песень не агучыць, І будуць нас да скону мучыць Няпростыя жыцця загадкі.
* * *
Якая цемра, слота, стынь... Жыццё імгненна, нібы сон, — Цячэнне і хвілін, і дзён Адносіць нас, як тую плынь.
Пакуль не прагучыць: «Амін...» І цэдзіцца цяпло акон... Не забывайце тых імён, Што правялі нас да Святынь.
* * *
Ты быў нядаўна малады, Мог проста ў мора акунуцца, Мог ад хваробы адвярнуцца, А зараз — з ёю назаўжды. Маланкаю ляцяць гады — Не паспяваеш азірнуцца, Як прымушае час вярнуцца І глянуць на свае сляды.