Выбрать главу

Там і прайшло астатняе жыццё мужнай і непакорлівай Рагнеды. Праз сённяшняе Заслаўе цячэ маленькая рачулка з цікавай назваю — Княгінька. Гэта памяць пра полацкую князёўну.

Пра незвычайнае жыццё Рагнеды напісана шмат вершаў, апавяданняў і нават кніжак. Беларускія мастакі малююць яе партрэты і ствараюць скульптуры. Палачане мараць пра помнік гэтай славутай дачцэ Беларусі, якая ўратавала ад пагібелі полацкі князёўскі род.

Новая вера

У тыя часы, калі жыла Рагнеда, на зямлю нашых продкаў прыйшла новая вера — хрысціянства. Людзі адмаўляліся ад ранейшых багоў і пачыналі маліцца Ісусу Хрысту. Яны верылі, што гэта быў пасланы з нябёсаў сын Божы, якога нарадзіла зямная жанчына Марыя. Ісус Хрыстос вучыў праўдзе і дабрыні.

Вучоныя хрысціянскія святары, якіх запрасілі князі, прывезлі з сабою шмат кніг. На славянскіх землях будаваліся цэрквы. Часта іх узводзілі на тых месцах, дзе калісьці маліліся былым багам. Але нашыя прашчуры яшчэ доўга не маглі забыць іх і спраўлялі свае старажытныя святы. Некалькі стагоддзяў даўнейшая вера існавала побач з новай. Старых багоў не забывалі нават князі.

Прыняцце новай веры прынесла старажытным беларусам павагу суседніх еўрапейскіх народаў, якія ўжо былі хрысціянамі. Болей стала пісьменных людзей. Пры цэрквах адчыняліся школы, дзе дзяцей вучылі чытанню, пісьму і ліку, а таксама спевам.

Побач з цэрквамі будавалі манастыры. Там жылі манахі і манашкі — людзі, якія адмовіліся ад зямных клопатаў, каб служыць Богу. Але яны не толькі маліліся. Пры манастырах былі  школы. Манахі і манашкі збіралі і перапісвалі кнігі, лекавалі хворых.

Першаю манашкай на Беларусі стала Рагнеда. Калі чалавек ішоў у манастыр, яму давалі новае імя. Рагнеду назвалі Настассяй.

А што здарылася з яе сынам Ізяславам, які некалі выратаваў маці ад смерці?

Пра гэта пойдзе гаворка ў наступным апавяданні.

Пытанні і заданні

1. Што такое летапіс?

2. Чаму Полацак называюць бацькам беларускіх гарадоў? Які іншы горад можа параўнацца з ім сваім узростам?

3. Паспрабуй намаляваць старажытны Полацак.

4. Чаму нашыя продкі казалі, што дно ў Дзвіны залатое, а берагі срэбныя?

5. Як называлася першая беларуская дзяржава? Як звалі яе першага князя?

6. Чаму вяселле Уладзіміра і Рагнеды людзі назвалі крывавым?

7. Раскажы, як Рагнеда з сынам вярнуліся на радзіму.

8. У якім горадзе жыла Рагнеда пасля вяртання з Кіева? Дзе знаходзіцца гэты горад?

9. Як называлася новая вера нашых продкаў? Што яна прынесла старажытным беларусам?

10. Што такое манастыр? Раскажы, як жылі манахі і манашкі.

11. Чаму ў Рагнеды з’явілася новае імя?

Ізяслаў і Брачыслаў

Жыццё ў разлуцы

Вы памятаеце, як князь Уладзімір адправіў Рагнеду і малога Ізяслава з Кіева на радзіму?

Для выгнаннікаў пабудавалі горад Ізяслаў, названы так на імя князевіча. Але жорсткі кіеўскі валадар разлучыў маці з сынам. Ізяслава завезлі ў Полацак, і больш Рагнеда яго ніколі не бачыла. Яна вельмі сумавала па сыне, які калісьці ўратаваў яе ад смерці, аднак Уладзімір загадаў не адпускаць Рагнеду ў родны горад.

Тым часам спалены і разрабаваны Полацак ужо ўзняўся з папялішча. На высокім беразе Дзвіны полацкія майстры зноў пабудавалі магутныя драўляныя сцены. За імі стаялі дамы багатых людзей. Там жыў і князь Ізяслаў. Ён таксама надта тужыў па сваёй маці.

З свайго вакна Ізяслаў бачыў, як па шырокай Дзвіне плывуць пад ветразямі прыгожыя купецкія караблі.

Хлопчыку хацелася стаць вольным, як людзі на гэтых караблях, ды прыстаўленыя Уладзімірам слугі мелі загад удзень і ўначы сачыць за Рагнедзіным сынам і ні на крок не адпускаць яго ад сябе.

Князя Уладзіміра ў Полацку так ненавідзелі, што ні знатныя, ні простыя людзі доўга не давалі сваім сынам гэтага імя. Не называлі Уладзімірамі і полацкіх князёў.

Першы беларускі асветнік

Рагнедзін сын рана навучыўся чытаць і пісаць. З дзяцінства ён больш за ўсё любіў бавіць час з кнігамі.

Зрабіўшыся дарослым, князь Ізяслаў пачаў клапаціцца пра тое, каб грамаце вучыліся і іншыя палачане. Пры ім у Полацку з’явілася першая школка. Настаўнікамі ў ёй былі вучоныя манахі, а падручнікамі — царкоўныя кнігі.