Выбрать главу

***

Ад невялікай вёсачкі, праз драўляны мост на рэчцы, цягнуўся людскі ланцуг. Паперадзе ўсіх, у галаве няроўнай калоны ехала павозка. Хударлявы конік, унурыўшы галаву, вёз белую труну, яка я ў шэрасці дня падавалася ненатуральнай і лішняй сярод чорнай апраткі людзей. Вакольную цішыню парушала толькі рыпенне калёс ды, зрэдку, кароткае галашэнне старой жан­чыны, якая ледзь перастаўляла ногі і трымалася рукой за драбіны павозкі.

— А мая ж ты Ганначка, а мая ж ты галубка, а на каго ж ты пакінула сваіх дзетак. А хто ж іх прыгледзе, хто сняданак згатуе, хто косы доньцы расчэша. Навошла ж так рана забрала цябе зямелька. Набегаліся твае ножанькі, напрацаваліся твае ручачкі. Ой ра­на, рана ты стамілася, рана, раненька ад нас пайшла...

I зноў цішыня, нудна рыпяць калёсы. Фыркае конік, узбіраецца на пукаты пагорак за рэчкай. Зусім недалёка да могілак. Вызначаюцца яны сярод астатняй лясной паласы высачэзнымі вершалінамі сасонак і бяроз. I чым бліжэй да кладоў, тым роспачней голас старой, усё больш і больш цямнее неба, збіраюцца хмары, мацнее вуркатанне грому.

У адно імгненне ўсе неяк заспяшаліся: загаманілі людзі, часцей пазіраюць на неба, конік хутчэй перабірае нагамі, мацнее рып калёс. I толькі адна нябожчыца Ганна засталася абыякавай да надыходзячай навальніцы...

Яўхім з Маркам і Варкай стаялі воддаль ад яміны, за велікаватай горкай жоўтага пяску. Труну з Ганніным целам паспелі накрыць вечкам, калі першыя кроплі дажджу ўпалі на зямлю і самотных вяскоўцаў.

Вядзьмак коса зірнуў па баках, затрымаў позірк на гарэўшым пуку саломы, па попелу якой вызначалі бабулі наступнага нябожчыка ў вёсцы: калі маленькі след — памрэ дзіця, калі вялікі — сашчэпіць рукі дарослы. Гарбун упэўніўся, што за ім ніхто не цікуе. Ен сагнуўся, быццам паправіць калашыну нагавіц, і, сха-піўшы шчэпцік жаўцяку, сыпануў на спіну Марку і Варцы.

— Нясіце без спачыну тое, што вам я даў і палажыў на плечы.— Бязгучна, аднымі вуснамі прашаптаў вядзьмак. I толькі сказаў ён гэтыя словы, як неба над могілкамі праламала даўжэзная маланка і секанула ў тое месца, дзе стаяў гарбун...

***

— Шкада, Максім, што адсталі мы ад хлопцаў і дзяўчат. Яны, відаць, выспаліся, а мы з табою пешкі ногі б’ём. I чаму яны не дачакаліся нас? Такога ніколі не было, каб пасля пагулянак пакідаць сваіх у другой вёсцы. Я ім сёння ўсыплю,— Валька лёганька трымала хлопца пад руку.

— Нічога страшнага ў гэтым, Валюх, няма. Прайшліся, падыхалі свежым паветрам. Мне дык, пасля горада, гэта проста цуд. Можа, у галаве хоць крыху прасвятлее. Я заўтра, мабыць, паеду ўжо да клетак шматпавярховых камяніц, у сваю хату-клетку.

Валька чамусьці хмыкнула. Максім не звярнуў на гэта ўвагі.

— Ведаеш, сорамна прызнавацца, але на мяне як нешта найшло: увесь час, дзе б я ні быў, лічу ўсё, што трапляецца на вока. Проста нейкае вар’яцтва. Не ведаю, як і пазбавіцца ад такога наслання,— Максім уздыхнуў, а Валька весела засмяялася. Праз некалькі крокаў яна супакоілася і, спыніўшыся, павярнулася тварам да хлопца: — Значыць, нядрэнна я цябе навучыла лічыць. Быць мне настаўніцай.

Калі хлопец з дзяўчынай падыходзілі да вёскі, поўнасцю развіднела, з комінаў хат у неба цягнуўся лёгкі дым, брахалі сабакі, наперабой крычалі пеўні — і раптам нечакана, пераадольваючы ўсе гукі, нехта ў вёсцы адчайна, з надрывам загаласіў.

Хтосьці памёр,— абыякава сказала Валька.