Выбрать главу

Ай, не хочацца нічога рабіць, ды і які з мяне сталяр-рамонтнік. Навошта ўвогуле тэты плот бабулінаму агароду. Лапік бульбы, дык ён адразу за хатай, а тут яблынькі ды вішні.

— Максімка, вячэраць хадзі,— гукнула бабуля.

Павячэраць — занятак варты. Тым больш збіраюся пайсці на грышча. Як гэта кажуць: «Выбірай жонку не на грышчы, а на ржышчыж

Не, па мне лепш на грышчы. Яечню кожная сасмажыць, а в ось вока палашчыць ды душу ўскалыхнуць — не кожнай дадзена.

Адзін, два, тры, чатыры, пяць... Цьфу ты, нядобрая, слупы прыперла лічыць. Не, хопіць, хопіць пад гарляк і прыступак.

Павячэраўшы, пайшоў я ў Матруніну хату. Адтуль, з-за купчастых вербаў ляцела прыглушаная, з сіпавіннем мелодыя. Чым бліжэй падыходзіў да месца пагулянак, тым ясней чуўся хрыпаты голас спявачкі. У расчыненыя вокны вылятала змучаная прайгравальнікам пес­ня: «Ах, мамачка, на саначках каталась я ўвесь дзень...», далей нельга было нічога разабраць.

Зайшоўшы ў гарбаценькія сенцы, пры цьмяным святле, сярод гурту хлопцаў і дзяўчат я пазнаў Суконную Вальку, яна жыве праз дзве хаты ад бабулі. Павітаўшыся са знаёмымі хлопцамі, я прытуліўся плечуком да сцяны, непадалёк ад Валькі.

— Сёння паедзем гуляць у Лучкі,— па сакрэце шапанула Валька.— Брыгадзіраў Лёнік паабяцаў узяць у канюшні двух жарабкоў. Запражэм калёсы і да Лучкоўскіх у госці. Я ціхенька паклічу цябе. Няхай меншыя гуляюць тут, ім яшчэ рана раз’язджаць, ды па вёсцы і пагалоску могуць пусціць. Пабудзь усярэдзіне, я за табою заскочу. Але ж і паправіўся ты, ледзь пазнала. Ну, я зараз, пачакай там.

У хаце, пад нізкай столлю з цьмянай электралямпачкай і абадранымі газетамі на сценах, танцавала некалькі дзяўчынак і юнакоў. Хутчэй за ўсё старэйшыя школьнікі. У іх пад нагамі парыпвала і прагіналася падлога. А на доўгай вузкаватай лаўцы, паўз печ, сядзела з пяток дзяцей. Яны час ад часу штурхалі адно аднаго, паказвалі на танцораў пальцамі і сарамліва, з яхідцай хіхікалі. На нейкую хвіліну акінулі мяне цікаўным позіркам і, не знайшоўшы нічога вартага іх увагі, адвярнуліся. Нікога з дзяцей я не пазнаў, ды і танцоры падаліся незнаёмымі.

Пастаяўшы крыху, прыгледзеўшыся да хаты і гульбішча, захацелася прысесці на куцы падаконнік, але ў тэты момант у расчыненыя дзверы праслізнула Валька і, лёгенька хіснуўшы галавой, зноў знікла ў сенцах. Не засяроджваючы на сабе ўвагі, я выйшаў следам.

Падводы за вёскай, у бярэзніку, пайшлі хутчэй. Там нас чакаюць.

Гучна стракацелі цвіркуны, сярод травы рэдка прамільгвалі зеленаватыя вочкі светлякоў. А пад нагамі адчуваўся лёгкі пясчаны пыл, які ўзбілі за дзень капыты кароў і коняў, ногі вяскоўцаў, колы машын і трактараў.

— Колькі да Лучкоў кіламетраў будзе?

— Ад сілы, пяць. На паўгадзіны дарогі. Ці ты ні разу там не быў? — Валька здзіўлена паціснула плячыма.— Тамака клуб добры і хлопцы з дзеўкамі мірныя. Мы з імі ў згодзе, не тое што з каменскімі сінюгамі. А, сам пабачыш. Лучкоўскія болып пад гармошку скачуць, там ці не ўсе хлопцы ўмеюць граць. Ты не падумай, што толькі адны вясковыя танцы — не. Яны і «муху», і «шэйк» так скляпаюць, што падатруць нос вашым гарадскім ансамблям. Думаю — табе спадабаецца.

Коні, уціснутыя ў аглоблі, часта і абыякава фыркалі. Над вухам нудна пішчэлі камары, а з недалёкага балотца даляталі спевы жаб.

Я з Валькай сеў на апошняй трэцяй падводзе. За фурмана ў нас быў Коля Перцаў, мо гады на два старэйшы за мяне, але ж я добра помню яго. Асабліва тое, як лавілі мы кашом рыбу ў былым кяжацкім возеры і як шчупак, уцякаючы з каша, шуснуў у расшпіленую шырынку Колевых штаноў. Але тое было даўно. Дужа даўно.

Цяпер жа коні беглі трушком, манатонна звінелі цуглі на аброцях, хіхікалі хлопцы з дзяўчатамі, а над нашымі галовамі, над вузкай дарогай сярод вялізнага лесу, рассцілалася зорнае неба з ядраным маладзіком.

— Максімка, а ці добра зараз у горадзе? — Валя плечуком дакранулася да маіх грудзей, і я адчуў лёгкую і мяккую цеплыню яе цела.— Людзі кажуць, быццам бы галаднавата і халаднавата тамака цяпер. I ты мо прыехаў да бабы Арыны, каб трошкі ад’есца.— Валя хіхікнула.

А я змоўчаў. Што было казаць? Жылося ў горадзе і сапраўды нялёгка. Толькі ж, здаецца, і вяскоўцы не дужа раскашавалі.

— Ой, Максімачка, можна, я сяду бліжэй да цябе? — Валя ледзь не ўсім делам хацела ўціснуцца ў мае, не надта ўжо і шырокія, грудзі.