Выбрать главу

— Ведаеце, пакуль што я збіраюся пісаць гэтую аповесць толькі для аднаго чытача — для самога сябе. А для аднаго пісаць у шмат разоў цяжэй, чым для тысячы, таму я яшчэ не ўпэўнены, што ў мяне нешта атрымаецца.

— Чаму толькі для самога сябе?

— Мой бацька пабудаваў для іншых шмат дамоў, але больш за ўсё любові і натхнення ўклаў у сваю хату, пабудаваную для сябе самога. Хату, у якую заўсёды хочацца вярнуцца, як толькі выходзіш на вуліцу і зачыняеш за сабой весніцы. Я таксама хачу напісаць аповесць, якую б мне хацелася ўвесь час трымаць на сваім рабочым стале. Мне шмат хто казаў, што па некалькі разоў перачытваў мае кнігі. Але сам я ніколі да канца не дачытаў ніводнай з іх — я іх памятаю толькі па рукапісах. Гэта як у той прымаўцы пра шаўца, які ходзіць босы.

— А калі аповесць атрымаецца: табе не будзе шкада, што яе не прачытаюць іншыя? У хату, якую пабудаваў твой бацька, таксама заходзяць чужыя людзі.

— Але каб зайсці ў кнігу, яе спачатку трэба набыць, зрабіць так, каб яна стала тваёй уласнасцю. Я ведаю, што калі б мой бацька прадаў сваю хату, ён ужо ніколі б не зайшоў у яе, таму што яна для яго стала б чужой. Як жанчына, з якой расстаешся, і яна дастаецца іншаму. Хто ведае, — засмяяўся я, — калі-небудзь, можа, і я прадам каму гэтую сваю аповесць, каб напісаць лепшую. І ў яе з’явіцца іншы гаспадар, які будзе лічыць яе сваёй.

На кухні засвісцеў чайнік, і мы перапынілі нашу размову.

— Я на днях бачыла Наташу, — сказала Вольга Міхайлаўна, ставячы перада мной на часопісны столік перад канапай колеру марскога пяску паднос з двума кубачкамі чаю і цукарніцай.

У нашым класе былі тры Наташы, але я ведаў, якую з іх мае на ўвазе былая дырэктарка.

— Я чуў, у яе нейкія праблемы былі на працы.

— Ну якія праблемы ў бізнесменкі — грошы. Многія нашы вучні займаюцца бізнесам. Вось бачыш, як атрымліваецца: мы іх гэтаму на ўроках не вучылі, універсітэтаў яны ніякіх не заканчвалі, нярэдка таму, што не змаглі паступіць. Але яны сёння зарабляюць у некалькі разоў больш, чым іх настаўнікі… А яна пра цябе часта ўспамінае.

— Я пра яе таксама. Помніце, як тэхнічка прывяла мяне да вас у кабінет і сказала, што я лажу ў гардэробе па чужых кішэнях?

— Помню, а як жа.

— Тады вы сказалі, што потым пагаворыце пра гэта са мной, але так і не пагаварылі.

— Навошта? Я даведалася, чыя куртка табе спатрэбілася, і мне ўсё стала ясна. Між іншым, у той дзень мы з табой здзейснілі аднолькавае злачынства. Я таксама залезла ў кішэню Наташынай курткі. Праўда, я думала, што знайду там тваю запіску, а знайшла цукеркі. Я пераклала іх у іншую кішэню — без дзіркі. Але, у адрозненне ад цябе, я рабіла гэта ў прысутнасці сведкі.

— Тэхнічкі?

— Не, Наташы. Толькі я папрасіла, каб яна ніколі табе пра гэта не гаварыла. Дарэчы, яна стрымала сваё слова?

— Яна мне ніколі нават не намякнула пра гэта.

— Можа, яна і хацела калі табе намякнуць, але ты быў ужо закаханы ў іншую. Я тады яшчэ падумала, што ў табе залішне шмат кахання, якое ты можаш даць жанчыне. Нават больш, чым ёй звычайна трэба. І ў цябе яго заўсёды хоць крышку будзе заставацца для іншых. А ў школьным узросце людзі такога складу характару асабліва шчодрыя на каханне. Таму тады ў маім кабінеце мяне больш хвалявала не тое, што здарылася ў гардэробе — я не сумнявалася, што ты не здольны на такі ўчынак, — а тое, якімі вачыма ты глядзеў на сваю новую настаўніцу біялогіі.

Мы наблізіліся да самага галоўнага.

— Я кахаў яе вачыма, а не сэрцам, таму змог ацаніць яе знешнюю прыгажосць, але не здолеў убачыць тое, што творыцца ў яе ўсярэдзіне. Магчыма, яна па сённяшні дзень думае, што я злодзей.

— Ну чаму, потым я ёй сказала, што тэхнічка памылілася. Павер, без лішніх падрабязнасцей.

— Але ад гэтага яна не стала ставіцца да мяне лепш. Наадварот, цяпер мне здаецца, яна часам шкадавала, што я не аказаўся злодзеем.

Мне не хацелася расказваць маёй былой дырэктарцы пра сустрэчу з Танечкай на аўтобусным прыпынку, і я не стаў тлумачыць, чаму менавіта так мне цяпер здаецца.

— Тваё каханне да яе было вельмі агрэсіўным. Яна была зусім яшчэ маладая і не ведала, як гэтай агрэсіі супрацьстаяць. На жаль, гэтаму нельга навучыцца ва універсітэце, таму што на кожны канкрэтны выпадак мусіць быць свой падручнік. А пасля яна была ўжо ў тым становішчы, калі спакой для жанчыны не прывілея, а неабходнасць. Дарэчы, яна павяла сябе вельмі годна, калі пасля ўсяго, што з ёю здарылася, не ўчыніла ніякага скандалу, не паскардзілася ў райана, а проста перавялася ў іншую школу. Зрэшты, калі б яна была ўпэўнена, што гэта зрабілі менавіта вы, хто ведае, як яна сябе павяла б.