Выбрать главу

7

Ідучы на выступленне, я не ўяўляў, што буду гаварыць. Я знарок выйшаў рана, каб да горада ісці пешкі. Многія лічаць, што думкі ўвесь час жывуць недзе ў нас. Насамрэч, яны трапляюць да нас праз наш зрок — і не важна, ці мы пры гэтым глядзім на дарогу, на чалавека, ці зазіраем у сваё мінулае. Ёсць думкі, якія круцяцца вакол нас як мухі. А ёсць капрызныя, нібы пчолы, што дзесяць разоў падумаюць, перш чым заляцяць да цябе. Але якраз такія думкі мне былі патрэбныя, а каб злавіць іх, патрэбен быў дарожны спакой, а не аўтобусная таўкатня.

У горадзе, хоць да пачатку выступлення была яшчэ амаль гадзіна, я адразу накіраваўся ў школу, зайшоў у настаўніцкую, дзе за сталом сядзеў мой аднакласнік Андрэй Несцяровіч, той самы, што арганізаваў тут сустрэчу са мной, і гартаў класны журнал. У мяне яшчэ цеплілася надзея, што да гэтага часу канфлікт паміж незнаёмым мне хлапчуком і настаўніцай уладжаны, і я магу пагаварыць са школьнікамі, не засяроджваючы на ім увагі.

Але Андрэй сустрэў мяне пытаннем:

— Ну што, падумаў, як будзеш выхоўваць юнага папарацы?

Я нявесела ўсміхнуўся:

— За папарацы будучыня. Сёння гэта аорта шоу-бізнесу, заўтра — палітыкі, а паслязаўтра… а пра паслязаўтра ў такім кантэксце лепш не думаць.

— Ну-ну, толькі не ўздумай гэта сказаць нашаму герою, а то маладыя настаўніцы будуць баяцца хадзіць на ўрокі. Дарэчы, ты ведаеш, чый ён сын?

«О Божа, — падумаў я, — толькі гэтага мне не хапала. Хутчэй за ўсё, сын якога-небудзь мясцовага чыноўніка. Цяпер зразумела, чаму ім займаецца не міліцыя, а няшчасны пісьменнік».

— Гэта сын Танечкі. Ну, памятаеш нашу біялагіцу ў восьмым класе? Яна папрацавала толькі год, а пасля звольнілася.

Кожнае яго слова ўва мне адгукалася рэхам, быццам у маёй душы ў гэтую хвіліну было зусім пуста.

Я ведаў, што які б настрой у мяне не быў перад выступленнем, нават зусім паскудны, што выклікае апатыю і паралізуе ўсялякае мысленне, у самы апошні момант я змагу сканцэнтравацца і сказаць нешта важнае — важнае для мяне, тое, што я хацеў бы, каб пачулі мае слухачы. Не мае значэння, як яны гэта ўспрымуць — адразу ці, магчыма, да іх гэта дойдзе праз дзень, праз месяц, праз год, праз дзесяць гадоў. Будаўнік, пабудаваўшы шматкватэрны дом, ніколі не зойдзе паглядзець, як жывуць у ім людзі. Для яго важна не гэта, а тое, што ён зрабіў усё, залежнае ад яго, каб ім жылося там утульна.

Перш-наперш трэба было знайсці вачыма таго хлапчука, з-за якога яны тут сабраліся. І я знайшоў яго. Не мог не знайсці, бо тварам той быў вельмі падобны на сваю маці — на Танечку. Звычайны хлапчук. Па ўсім відаць, крыху ганарлівы і самаўпэўнены, але сёння без гэтага вельмі цяжка ў жыцці.

— Я хачу пагаварыць з вамі пра каханне. Часам можна пачуць, што дарослым з васьмікласнікамі пра гэта гаварыць рана. А мне здаецца, наадварот — позна. Чым больш жыве чалавек, тым больш яго ўяўленне пра каханне скажаецца, і дарослае каханне ніколі не бывае настолькі чыстым, бескарысным, як каханне школьнае. У восьмым класе я быў закаханы ў сваю настаўніцу. Ёй было ўсяго дваццаць два гады, і яна была вельмі прыгожая. Я часта ўспамінаю яе, кожны раз малюючы ў сваім уяўленні яе партрэт. І, на жаль, кожны раз ён атрымліваецца ўсё больш далёкім ад арыгінала. І я усё больш адчуваю сябе ў гэты момант не мастаком, а рэстаўратарам, разумеючы, што кожная новая рэстаўрацыя толькі аддаляе мяне ад маёй настаўніцы, а значыць, і ад майго дзяцінства. На жаль, у мяне няма яе фотакарткі, і ніколі не будзе: фота дапамагае спыняць час і нават паварочваць яго назад. Я чуў, што ў вашай школе настаўніца падала заяву на звальненне, калі яе сфатаграфавалі на ўроку. Сфатаграфавалі так, як яна гэтага не хацела б. Мне здаецца, што калі не цяпер, то потым яна пашкадуе, што напісала заяву. Яна таксама вельмі прыгожая, і ёй няма чаго саромецца. Дзяўчынкі ёй могуць толькі зайздросціць, а хлапчукі ёю могуць толькі захапляцца. Але і той, хто фатаграфаваў яе, я думаю, ужо сёння шкадуе, што цяпер пра гэта ведае ўся школа і што з-за гэтага ён можа ніколі больш не ўбачыць сваю настаўніцу. Што яму больш не давядзецца так хвалявацца, ідучы да дошкі на ўроку беларускай літаратуры. Хвалявацца не таму, што як след не падрыхтаваўся да ўрока, а таму, што яго выклікала яна.

Я гаварыў ім пра іх настаўніцу так, быццам добра ведаў яе. Хоць насамрэч ніколі не бачыў, нават на фотаздымку. Але ў гэты момант яна сапраўды стаяла перада мной, у маім уяўленні. Як дзве кроплі вады падобная на Танечку…