Выбрать главу

Ён, як заўсёды, мае рацыю, і ў гэтыя хвіліны, седзячы ў трохпакаёвай мінскай кватэры, у якой у мяне ёсць свой рабочы кабінет, бібліятэка ў некалькі тысяч кніг (не лічачы электронных версій), нарэшце, DVD-прайгравальнік з калекцыяй у некалькі соцень любімых фільмаў, адным словам, у кватэры, дзе ёсць усе ўмовы і для працы, і для адпачынку, я думаю пра тое, што недзе за 180 кіламетраў ад Мінска, у невялікай вёсачцы Туровічы няма ніякіх умоў для творчасці, бо заставацца аднаму там можна толькі ў сне. Я думаю пра тое, што тэлевізар там ловіць усяго тры праграмы, а чытанне кніг нагадвае заняткі сексам без кахання. І ўсё ж я вельмі хачу туды, асабліва цяпер, у гэтыя хвіліны. Хачу так, як ужо даўно не хацеў. Я разумею, што віной гэтаму Танечка, як разумею і тое, што гэта часова.

Нягледзячы на тое, што некалі я вырашыў больш нічога не забіраць з вёскі сюды, у Мінск, з таго, што звязана з маім дзяцінствам, у свой апошні прыезд я паклаў у дарожную сумку сшытак па біялогіі для восьмага класа — той самы, у якім некалькі старонак спісаны Танеччынай аўтаручкай, і якой я цяпер пішу гэтыя радкі. Я адвязу сшытак назад, як толькі закончу аповесць: там ён мне больш патрэбны, чым тут. Проста і ў мастацкім творы рэальныя даты і факты я заўсёды пераправяраю, і калі пішу, што ў кастрычніку ў восьмым класе мы праходзілі па біялогіі тэму «Будова і функцыі галаўнога мозгу», то так яно і павінна было быць насамрэч. Камусьці з чытачоў гэта падасца драбязой, непатрэбшчынай, але абавязкова знойдзецца і той, хто захоча пераправерыць які-небудзь факт, прыведзены ў творы. Можа нават пераправерыць, калі папраўдзе праходзілі тэму «Будова і функцыі галаўнога мозгу» ў восьмым класе ў 1985 годзе. Я павінен думаць і пра такога чытача. Дарэчы, якраз гэтую тэму мы праходзілі на ўроку, на якім Танечка на вачах усяго класа парвала газету з вершамі, пад якімі стаяла імя аўтара: Сяргей Васілевіч і назва школы: Федзюковіцкая СШ. Ці можна асуджаць юнага аўтара за тое, што, адчуўшы, як у душы ў яго ўсё закіпае, ён падумаў, што ніколі не даруе ёй гэтага?..

4

Гісторыя з газетай здарылася ў пятніцу, а ў нядзелю раніцай ён зайшоў да сваёй аднакласніцы Ларысы Шацько, прыхапіўшы з сабой сшытак па алгебры з рэшанымі на панядзелак задачамі. Ларыса жыла ў былой пачатковай школе, усярэдзіне настолькі пераробленай, што цяпер цяжка было здагадацца, дзе ў ёй раней былі класы, а дзе настаўніцкая. У Ларысы ўжо сядзеў Валік Пранчук — са сваім сшыткам па алгебры. Пакуль яны спісвалі задачы, Сяргей гартаў тэлефонны даведнік, шукаючы побач з хатнімі нумарамі і адрасамі знаёмыя прозвішчы: Александровіч, Антановіч, Атрашкевіч… Байкоў, Барадзіна, Барэйша… Гурыновіч, Гурыновіч, Гурэвіч… Варатынец, Васілеўская… Далей тройчы паўтаралася прозвішча Высоцкі, і ў яго на сэрцы нібы пасяліліся адразу тры радасці, бо ў тры разы вырасталі шансы на тое, што побач з адным з гэтых прозвішчаў указаны тэлефон Танечкі. Але які?

— Першы, — сказала Ларыса. — А ты што, хочаш пазваніць ёй?

Пазваніць? І што ён ёй скажа? Нічога не скажа — проста паслухае яе голас.

Ён зняў трубку і адчуў, як хваляванне паступова пагружае яго ў бязважкасць. Ларыса і Валік перасталі спісваць, яны глядзелі на яго так, быццам ён збіраўся даць нырца з высокага моста ў раку: варта яму перадумаць, і кожны палічыць яго баязліўцам.

Пасля чатырох ці пяці доўгіх гудкоў на тым канцы пачулася кароткае:

— Алё!

За нейкае імгненне ён паспеў падумаць, што дома ў яе зусім не такі голас, як на ўроку, і ў яго было адчуванне, што гэтым голасам яна не гаварыла ў трубку, а шаптала яму на вушка.

Сам не разумеючы, што з ім адбываецца, ён спытаў, крыху роблена, панізіўшы голас:

— Гэта Таня?

— Таня, — пасля кароткай паўзы сказала яна. — А з кім я гавару?

— Таня, я хачу з табой пазнаёміцца! Таму што я больш не магу без цябе, не магу кожны дзень бачыць цябе на вуліцы, не знаходзячы прычыны, каб падысці і загаварыць з табой! Мне адзінока без цябе!

Ён гаварыў і баяўся спыніцца, баяўся, што яна чакае паўзы, каб грозна (здзекліва, раздражнёна — як заўгодна!) сказаць: «Васілевіч, заўтра мы разам пойдзем да дырэктара, і там ты паўторыш тое, што толькі што сказаў мне».

— Можаш гаварыць мне што хочаш, толькі не кладзі трубку. Я і так не рашаўся пазваніць табе цэлы месяц.

Ён не ведаў, што яшчэ гаварыць ёй, і з жахам чакаў яе грознага прысуду.

Але яна засмяялася і сказала:

— Малады чалавек, я, між іншым, замужам.

— Тады… тады я ўкраду цябе! — амаль закрычаў ён, ахмялелы ад магчымасці так размаўляць са сваёй настаўніцай, і тут жа пачуў праз трубку незадаволены далёкі мужчынскі голас.