— На жаль, не ведаю горада. Марпорт, пляж i аўтавакзал...
— Можна каля марпорта.
— У восем чакаю. Там добрая кавярня.
* * *
На пляж ён не хадзiў. Вясна на поўднi канчалася, i вось-вось павiнны былi закрасаваць магнолii. Мужчына падумаў, што дома толькi пачынаецца вясна i на дарожных адхонах па леташняй шорсткай траве з'яўляецца мяккая зелянiна. Ён iшоў па горадзе, думаючы пра вясну i жанчыну ў шаўковай блузцы, i яму зажадалася сесцi ў любы, першы, што трапiцца, аўтобус i паехаць абы-куды. Трапiўся двухсалонны "Ікарус", але мужчыну не пашанцавала. Аўтобус спынiўся на прывакзальнай плошчы. Вадзiцель у сапсаваны мiкрафон аб'явiў, што чыгуначны вакзал — гэта апошнi прыпынак, i папрасiў пасажыраў выйсцi. Мужчына зайшоў у прыгарадныя касы i ўзяў бiлет на электрычку. Да адпраўлення яшчэ заставалася колькi хвiлiн. Ён вярнуўся на прывакзальную плошчу, каб разгледзець вежу з гадзiннiкам. Вежа траплялася на кожнай другой паштоўцы. Стромкая, чатырохкантовая, пад тонкiм высозным шпiлем, з круглым гадзiннiкам, вежа была сiмвалам горада. На глыбока-чорным цыферблаце памiж арабскiмi лiчбамi блiшчэлi латунныя знакi задыяка. Мужчына знайшоў свой знак — Вагi. Вагi былi памiж дзевяткай i дзесяткай. Не супадае, падумаў ён, мой любiмы час пачынаецца недзе ў сем вечара, а заканчваецца не ў дзесяць, а прыкладна ў восем. Мужчына пачаў разглядаць другiя знакi, але пара была iсцi на электрычку, i ён запомнiў, акрамя свайго, знак Скарпiёна. Скарпiён быў падобны на павука з хвастом. Электрычка ляцела над пляжамi i прыбоем. У вагоне было блакiтна i хiстка ад мора, святла i руху. Мужчына не ведаў, куды i нашто ён едзе, але яму падабалася глядзець на жывую стужку прыбою, на паўпустыя пляжы, на кандовыя хваляломы... На станцыi, дзе ён сышоў, пахла свежым хлебам. За стойкаю ў прывакзальным буфеце двое армян у модных нясвежых кашулях пiлi пiва з вялiкiх шкляных куфляў. У буфеце, акрамя пiва i бутэрбродаў з сырам, нiчога не было. Мужчына ўзяў бутэрброд. Хрумсткая скарынка яшчэ цёплага хлеба з сырам i маслам нагадала мужчыну яго дзяцiнства i чэргi па хлеб. Пiва мужчына не пiў. Ад пiва ў яго пачынала балець галава. Мужчыну захацелася выпiць паўшклянкi белага вiнаграднага вiна, але вiна ў буфеце не было. У прыстанцыйным кiёску яму трапiлася на вочы паштоўка з бананавым дрэвам. Ён купiў дзве i падумаў, што яны зусiм не патрэбны яму. У кiяскёркi мужчына спытаў, цi можна за гадзiну зайсцi ў лес; тая сказала, што можна, i растлумачыла, як iсцi. Невялiкае паўднёвае мястэчка пахла сераю i марскою соллю. Зеленкаваты пыл ляжаў на прыдарожнай траве. Сцежка стромка пачала ўздымацца на гару. Iсцi было цяжка. Незнаёмы, хай сабе i светлы, лес насцярожваў. Глiнiстую зямлю засцiлала вялiзнымi плоймамi леташняе лiсце. Белыя, што крэйда, камянi выступалi з-пад лiсця i здавалiся кавалкамi святла. Мужчына падняў адзiн гладкi, але не слiзкi камень. Было прыемна адчуваць у руцэ важкасць i цеплыню прыдарожнага каменя. У вiльготна-цёмнай ямцы, дзе толькi што ляжаў камень, заварушыўся чорны, нiбыта выпацканы машынным алеем, скарпiён. Гiдлiвасць апякла мужчыну. Ён вярнуўся на станцыю. У горад мужчына даехаў аўтобусам. Лежачы ў нумары, ён чытаў Мора. Думкi блыталiся, забывалiся папярэднiя абзацы, логiка ўцякала, сэнс расцярушваўся... Ён адклаў кнiжку i пачаў рабiць спробы ўспомнiць жанчыну. Успамiны былi падобны на замаруджаны, блага зманцiраваны тэлефiльм. Складны столiк з паштоўкамi пад веернымi пальмамi. Побач — маладая жанчына. Торс, вылеплены блузкаю, спаднiцай i ветрам. Пальцы пералiчваюць пачак паштовак. На паштоўках бананавае дрэва i гатэль. Жаночыя вусны шэпчуць лiчбы. Адсутнасць макiяжу. Блакiтна-зялёнае вока. У iм — мужчына i свет... Мужчына адчуў, што засынае. Каб не заснуць, ён прыняў душ i апрануў свежую кашулю.
* * *
Вечарэла. Мужчына i жанчына сядзелi за белым сталом у кавярнi марпорта. Высока над пiрсам стаяў скрылiк маладзiка.
— Паштоўку з бананавым дрэвам я сабе набыў.
— Нашто яна табе? — жанчына глядзела на маладзiк.
— Вырашыў даведацца, чаму дзед з папугаем прадае менавiта гэтую паштоўку.
— Даведаўся?
— Так.
— I чаму?
— Таму, што бананы тут не выспяваюць.
— Пры чым тут бананы? Яны не выспяваюць, бо не хапае цяпла...
— I шчасця тут няма, бо яму не хапае цяпла, — перабiў яе мужчына. — Ён табе абяцае. Разумееш?! Ён табе абяцае шчасце i каханне ў наступны раз, калi ты зноў прыедзеш сюды. За абяцанне ты плацiш грошы. Другiя табе нават не абяцаюць кахання. А ён тым i адрознiваецца, што абяцае. Праз год ара зноў будзе сядзець навязаны, зноў будзе гадаць i прарочыць, толькi ў другiм горадзе...
— Глупства, — спынiла яго жанчына.
— Чаму?
— Глупства, вось i ўсё. Гэты хабёл з папугаем не такi разумны, як ты думаеш.