Выбрать главу

— Прабач, я не разумею.

— Гэта проста. Мы памiраем, i хваля смерцi змывае нас i нашы сляды, як марская хваля знiшчае малюнак на пяску. Кожны ведае, што знiкне. I рана цi позна знiкне памяць аб iм, але ён спадзяецца на цуд, на рай, на памяць iншых людзей... Спадзяецца на заўтра. А я — не, не спадзяюся на заўтра. Я не веру папугаю, не веру паштоўкам, не веру сонцу над морам. Я веру, што каханне тут, зараз, i я веру, што кахаю цябе...

Мужчына стаяў на пяску каля мора. Хвалi кацiлiся на бераг i вярталiся ў мора. Жанчына стаяла спiнаю да зямлi, а мужчына — спiнаю да мора. I было сонца. I быў дзень. I быў вецер. Ён маляваў на пяску. А хваля змывала малюнак. Ён маляваў аголеную жанчыну. А хваля не пакiдала i следу. Ён маляваў хутка i не паспяваў. А хваля паспявала. Ён рабiў некалькi лiнiй, i малюнак знiкаў. I ён зразумеў, што не трэба маляваць жанчыну, што яе для яго няма, што ёсць толькi ён i сонца, ён i мора. I ён пачаў маляваць сонца, мора i горад. I зноў не паспяваў. I ён зразумеў, што не трэба маляваць мора, i сонца, i горад, што ён паспее напiсаць на пяску, у прасторы памiж папярэднiм i наступным, толькi адно слова.

Вертыкаль, птушка кранае дзюбаю вертыкаль — лiтара К.Птушка iмкнецца ўзляцець, гарызанталь перакрэслiвае крылы — лiтара А.Дзве вертыкалi i агульная дыяганаль — лiтара И.Круг, вертыкаль — лiтара Ф.Кропка над И.

Мужчына паспяваў.

Ён паспяваў напiсаць слова.

Слова ў прасторы памiж папярэднiм i наступным. Кайф. Хваля. Кайф. Хваля. Кайф. Хваля. Кайф...

Потым было звычайнае — быў мужчына i была жанчына, была блiзкасць i сонца, i мора, i вецер...

— Ты маляваў мяне? — спытала жанчына.

— Так.

— Малюнкi былi добрыя?

— Так.

— Яны былi падобныя на мяне?

— Так, — сказаў мужчына.

Вечарэла. Да электрычкi яны iшлi праз платанавы лес. Светлая зелянiна платанаў трымала ў сабе дзённае святло. У электрычцы яны не гаварылi. На прывакзальнай плошчы мужчына спынiўся i, разглядаючы вежавы гадзiннiк, спытаў:

— Якое тваё сузор'е?

— Скарпiён.

— Не люблю скарпiёнаў.

— I я iх не люблю, але ж гэта толькi назва, выпадковая назва сузор'я, а не зоркi. Да зор назва не мае нiякага дачынення.

— Цiкавы адказ.

— Я гэта прачытала ў нейкiм часопiсе.

— У якiм?

— Не памятаю, помню, там былi фотаздымкi з замежнымi модамi.

* * *

Ранiцай у кавярнi да мужчыны за стол падсеў незнаёмы, кава была гарачая, i ён нязграбна трымаў фiлiжанку ў двух пальцах.

— Добрая кава, — сказаў незнаёмы.

Мужчына ў адказ кiўнуў.

— Ведаеш кавярню "Тры магнолii"?

Мужчына iзноў кiўнуў у адказ.

— Там няблага каву гатуюць. А больш у гэтым горадзе добрай кавы не знойдзеш.

— Курыць будзеш? — мужчына паклаў на стол пачак цыгарэт.

— Не, я не куру.

Каля буфетнай стойкi стаялi i перагаворвалiся дзве маладыя масквiчкi. Незнаёмы паглядзеў на загарэлых жанчын i сказаў:

— З жанчынамi тут блага. Рэстаран. Таксi. Грошы. А без гэтага нi адна не згодзiцца з табою пайсцi. Блага тут з жанчынамi. А адкуль у мяне тыя грошы, ну, адкуль яны наогул бяруцца ў гэтых "чорных"? Блага тут з жанчынамi.

— Блага, — сказаў мужчына.

Незнаёмы дапiў каву i выйшаў з кавярнi. За стол да мужчыны селi дзве загарэлыя масквiчкi.

— Прабачце, у вас ёсць запалкi? — спытала першая.

Мужчына паставiў на стол французскую запальнiчку. Жанчыны закурылi.

— Ты ведаеш, колькi каштуе паштоўка ў гэтага папугая? — спытала першая.

— Колькi? — перапытала другая.

— Два рублi.

— I ты купiла?

— Сорам сказаць. Не вытрывала. Купiла.

— I што?

— "Вас чакае каханне" было напiсана на паштоўцы.

— I ўсё?

— Усё.

— За два рублi можна было i больш напiсаць... Мужчына выйшаў з кавярнi i накiраваўся да кiёска сваёй знаёмай жанчыны. Ён iшоў па вулiцы, якая пахла смажаным тлушчам i гарачым алеем. Пачаўся курортны сезон.

— Як iдзе твой гандаль? — спытаў мужчына.

— Нiшто, — адказала яна.

— Я заўтра ад'язджаю. Пакiну табе сонца, мора i вецер.

— А я не люблю пляж, не люблю мора.

— Чаму?

— Рэдка туды хаджу. Адкладаю на заўтра, а заўтра так i застаецца заўтра.

— Разумею. Я вырашыў зрабiць падарунак, — ён паклаў на слiзкiя паштоўкi "Утопiю" Томаса Мора.

— Мне яна не патрэбна...

Да кiёска падышоў стары чалавек у белых шортах i белай кашулi з кароткiмi рукавамi. Нос у чалавека быў заклеены белай паперай.

— У вас ёсць канверты "авiя"? — спытаў ён.

— Ёсць.

— Мне адзiн.

— Калi ласка.

— А чаму ён такi пакамечаны?