Каля акенца касы стаiць высокая маладзiца. Яна абапiраецца локцем на маленькае падваконне i чытае раман. На ёй лёгкая сукенка i туфлi на тонкiх абцасах. Побач стаiць вялiкая сумка, поўная райскiх яблыкаў. Правiнцыйная прыгажуня не без цiкаўнасцi чытае перакладны раман мiнулага стагоддзя. За паўкроку ад прыгажунi пагойдваецца на крываватых нагах джынсовааблiчны юнак. Ён абапiраецца адразу на дзве нагi, што гаворыць аб яго закутасцi i несталiчных манерах. Юнак трымае перад сабою скураны партфель. Вiдаць, што партфель цяжкi, але юнак не ставiць яго на пыльную дашчаную падлогу, бо партфель новы i юнаку шкада паставiць чыстую рэч на нямытыя дошкi. У юнака рэдкiя вусы i блiзка пасаджаныя вочы. На лаўцы, побач з акном, сядзiць мажны мужчына ў светлай з мяккiм брылём кепцы. Твар у мужчыны рыхлы, бялкi вачэй мутныя, быццам ён толькi што перастаў плакаць. Мажны, унурыўшыся, глядзiць на сцяну перад сабою. Якраз прад ягонымi вачыма вiсiць тэлефонны аўтамат. Мажны мог бы глядзець у акно, але ён утаропiўся на аўтамат, быццам чакае, што той зазвонiць.
— Мiнск? — запытальна гляджу на прыгажуню.
— Усе на Мiнск. Вы чацвёрты, — упэўнены адказ.
— Я прыходзiў раней. Нiкога не было, i не было каму сказаць, што я першы. А зараз мне, пэўна ж, не павераць.
— Не паверым, — за ўсiх адказвае жанчына, яўна адчуваючы сябе гаспадыняю. — Трэба было стаяць, былi б першым, а так вы — чацвёрты...
Саджуся на лаўку, адчыняю дыпламат i дастаю часопiс, якi браў у дарогу i якi не было часу паглядзець. Гартаю тонкiя старонкi. Малюнкi, фотаздымкi, слайды — яны смяюцца i плачуць, крычаць i маркоцяцца. Афiцыйныя i лiрычныя, стрыманыя i ганарыстыя — яны мiльгацяць уваччу. Рознагарнiтурныя шрыфты размаiтых загалоўкаў лiтаральна выскокваюць з-пад пальцаў — iмкнуцца сваёй дробнай кiдкасцю зачапiцца за памяць, абудзiць свядомасць сваiм агульнадаступным сэнсам. А мне зноў захацелася спаць, а я зноў палонны стомы. Інфармацыя, так добра закампанаваная на разваротах, завiсае на паўдарозе да мэты.
Кiдаю манументалку — вiтражы, мазаiкi ды фрэскi з ляўкасамi. Прыязджаю, iду ў рэдакцыю якога часопiса цi выдавецтва, бяру заказ на малюнкi...
На станцыю заходзiць каржакаваты мужчына. Ён у майцы. Каржакаваты заходзiць на аўтастанцыю, як дамоў. Ён вядзе за руку хлопчыка. Тоўсты сонны хлопчык гучна пляскае па падлозе босымi нагамi. На галаве ў хлопчыка пластмасавы шлем пад славянскага воiна. Мужчына п'янаваты, ён, пэўна, як i я, яшчэ не клаўся спаць. Ягоная рука не адразу цаляе манетай у шчылiну тэлефоннага аўтамата.
— Алё, алё... — бас, адпаведны плячам у майцы, напаўняе залу аўтастанцыi. — Алё! Гэта хлебны? Яню паклiч. Ага, Яню... Яня, ты? Вось званю. Як хто? Мужчына. Збысь, твой муж. Кiнь гэта. Я не п'яны. Кажу, што не п'яны. Мы тут з Алегам, на аўтастанцыi. З аўтастанцыi званю, з аўтамата. Што я хачу ад цябе? Нiчога не хачу... Мо ты вернешся?! А?! Во i Алег хоча, каб ты вярнулася. Мы з бабай яму шлем i меч купiлi на дзень нараджэння... А што табе мая мацi? Не з мацi маёй ты жывеш, а са мною, з Алегам. Не кладзi трубкi. Пагавары з сынам...
Мужчына перадае хлопчыку трубку. Тая гучна стукае аб сярэбраны шлем. Хлопчык становiцца на дыбачкi, але не можа дацягнуцца да мiкрафона. Каржакаваты бярэ сына на рукi.
— Мам... Я, Алег... Не, ён не п'е. Баба казала, што зробiць у доме другi ўваход, калi ты вернешся. Мама, ты прыходзь да нас...
— Давай трубку i iдзi на двор, — шэптам кажа каржакаваты i апускае сына на падлогу. Хлопчык iдзе на пляц, сядае на кукiшкi i малюе пальцам на пяску.
— Падвучваю? Хай сабе i падвучваю, а што ў тым благога? Ён жа мой сын, вось i слухае бацьку. Я не п'ю. Што ты чуеш? Мо яшчэ скажаш, што табе смярдзiць? Ага, смярдзiць! Ідзi ты... Я кажу — iдзi ты ведаеш куды. Ты ў нас усё ведаеш. Гэта я дурны. Падла ты. Дзiця без мацi расце, а яна ў сталiцу збiраецца. Ну i едзь. Абыдземся...
Праз аўтастанцыйную залу ляцяць тэлефонныя гудкi.
— Падла ты! — яшчэ раз гаворыць каржакаваты, чапляе на храмiраваныя рогi трубку i iдзе на двор. Бацька бярэ сына за руку. Яны iдуць праз сонечны ранак. Хлопчык азiраецца на свае малюнкi. Пластмасавы востраканечны шлем блiшчыць на сонцы.
Няёмкасць вiсiць на аўтастанцыi. Мужчыны пазiраюць на прыгажуню так, быццам гэта ёй сказалi, што яна падла. Прыгажуня саромеецца. Нават праз пудру вiдаць, як чырванее твар. Яна апускае вочы i робiць выгляд, што чытае, у яе блага атрымлiваецца абыякавасць.
— Я зараз вярнуся. Калi хто прыйдзе, вы ўжо скажыце, што я трэцi, — гаворыць мажны.
— Скажам, скажам, — запэўнiвае прыгажуня.