Выбрать главу

Мажны выходзiць на пляц i закурвае. Мне добра вiдаць, як ён разглядае хлопчыкавы малюнкi, як абiвае попел з цыгарэты, як ходзiць. Мажны прахаджваецца па пляцы i затоптвае малюнкi, зробленыя хлопчыкам. Мажны мяне раздражняе, бо знарок затоптвае малюнкi. Я добра бачу, як сандалеты друкуюць сляды на пясчаных абрысах. Ну, хадзi ты дзе хочаш, а нашто малюнкi таптаць? Я не памыляюся. Ён разварочваецца i зноўку iдзе па малюнках...

— Я не скажу, што ён трэцi, — гавару голасна i жорстка.

— А мы скажам, — пярэчыць прыгажуня. Яна ўжо забылася на няёмкасць.

— Цяпер я трэцi.

— Не бойцеся. Усе паедзем.

— Баяцца? Той, што ў кепцы, ён хай баiцца. Ён жа таўчэцца каля дзвярэй, бо баiцца. А я ведаю, што паеду.

Прыгажуня загароджваецца выратавальным раманам, дэманстратыўна паказвае класiчную назву на слiзкай вокладцы.

Прывiтальна сiгналячы, пад'язджае мiжгароднi аўтобус. Калi вяртаецца мажны, я ўжо стаю за юнаком. Той перастаў хiстацца i трымае партфель у адной руцэ, а ў другой сцiскае прыгатаваныя на бiлет рублi.

— Я тут стаяў, — звяртаецца да мяне мажны.

— Дзе? — раблю выгляд, што першы раз яго бачу.

— Тут, за гэтым чалавекам з партфелем, — занепакоiўся ён.

— Я цябе не бачыў.

— Слухай, хлопец, канчай.

— Сам пачаў, а мне гаворыць — канча-ай.

— Чаго ты завёўся?

— Я? Завёўся? Кiнь ты, завёўся. Я быў першы, апынуўся чацвёрты. А зараз я — трэцi, а ты — чацвёрты, — адчуваю, што i сапраўды завёўся. Ён растаптаў малюнкi на пяску, а я з пяску i вапны цэлыя суткi рабiў малюнкi. Адцягнутая паралель, але дастатковая, каб мяне раззлаваць. Наблiжаю твар да белага брыля так, каб не бачыць мутных вачэй, i цiха кажу:

— Ты — чацвёрты.

"Прыбыў прахадзяшчы аўтобуш Магулёў-Мiншк. Ёсць адно мешца", — прасiпеў рэпрадуктар.

— Усе бачылi, што я стаяў!

— А мо ты сядзеў на лаўцы i глядзеў на тэлефонны аўтамат?

— Так, я сядзеў...

— Во, ты сам i сказаў, што тут не стаяў, — перабiваю мажнога.

— Хлопец... — голас дрыжыць, — хлопец... — Ён ужо не ведае, што казаць, i пазiрае на прыгажуню. Тая, узяўшы бiлет з месцам, рашае падтрымаць пакрыўджанага.

— Ён тут стаяў, — гаворыць яна ўладарным тонам.

— Стаяў? Ён ужо сам сцвердзiў, што не стаяў, а сядзеў.

Бiцца мажны не палезе. Калi б на ягоным месцы апынуўся каржакаваты, што тэлефанаваў у хлебны, магла б i бойка пачацца; а гэты, у кепцы, пракаўтне крыўду. Ён ужо думае, як адступiцца. Спакойна, Вадзiм, спакойна. Ты ўжо заняў трэцяе месца. Яно табе не патрэбна. Цябе суцешыць толькi першае. Так што аддай трэцяе месца. Зрабi дзядзьку нечаканую радасць. Ты ж добры, толькi крыху ператамiўся i раззлаваўся з-за глупства, з-за нейкага там контуру на пяску...

— Я смехам, — гавару, — бярыце бiлет.

— Ён смехам, — мяккi брыль паварочваецца да прыгажунi, на рыхлым твары — палёгка.

— Жартачкi, — рот прыгажунi расцягваецца. — Ну ў цябе i жарты.

— У вас, — кажу ёй.

— У вас жарты! — папраўляе сябе прыгажуня.

— Так лепш, прыгажуня!

— Камплiмент? Цi спроба пазнаёмiцца?

Падсоўваючы грошы пад касавую шыбу, мажны не ўтрымлiвае колькi манет. Яны коцяцца ў розныя бакi. У мажнога калоцяцца рукi — перахваляваўся дзядзька, вось i рукi не слухаюцца.

— Ну, што вы. I думаць не думаў знаёмiцца на аўтастанцыях, — раблю iдыёцкi твар i разглядаю нос прыгажунi.

Мужчына ў белай кепцы збiрае свае манеты.

— Адзiн да Мiнска, — даю касiрцы глянцавы чырвонец. Яна выбiвае бiлет i адлiчвае рэшту рублямi.

— У вас усе рублi брудныя.

— Спознiцеся на аўтобус.

— Прабачце, я не пачуў, што вы сказалi?

— Якiя мне даюць, такiя i я даю. Другiх няма. Чырвонцы я не малюю.

— Пераканаўча...

— I не кажыце, — апошняе слова пакiдаю за ёй.

Каля аўтобусных дзвярэй юнак есць яблык, некалькi мужчын кураць. Сярод курцоў белы мяккi брыль. Заходжу ў аўтобус. У канцы салона абапiраецца на незанятае крэсла прыгажуня. Праходжу ў самы хвост аўтобуса.

— Садзiся, хлопец, — запрашае старая кабета. Яе далонь стукае па вольным сядзеннi.

— У мяне без месца.

— Тут палова без месца. Зоймеш, i тваё будзе. Я во да Бялынiч прастаяла. Змучылася.

— Мо вы сядзеце? — прапаноўваю прыгажунi.

— Дзякуй. Там крэсла зламанае. Я пачакаю, мо гэта вольнае.

— Як сабе хочаш, — саджуся. Крэсла не адкiдваецца.

Стома ўцiскае мяне ў крэсла. Яна налiвае болем суставы... Колькi iх у мяне? Нi скуры, нi мышцаў, нi сэрца, нi душы я не адчуваю. Я нiбыта складзены з адных суставаў, i ўсе яны ныюць, распухаюць, баляць, выломлiваюцца... Страшэнны боль працiнае вострым дротам хрыбетнiк. Боль канцэнтруецца ў сёмым шыйным пазванку. Я расцiраю яго. Жаданне вырваць i выкiнуць!