Выбрать главу

Аўтобус набiрае хуткасць. Крэслы парыпваюць. Буркоча матор. Музыка, лiпучая i салодкая, што патака. Нехта ўключыў магнiтафон. Гомасексуалiстычная творчасць "Новай хвалi" — "Бэд Блю Бойз". Не пераношу слiнявы пасцельны музон. Устаю i iду па гумовай падлозе, пераступаючы праз сумкi, чамаданы i рэчмяхi. Юнак, што купляў бiлет другiм, прыцiскае да жывата аднакасетнiк.

— Я суткi не спаў, твой маг не дае заснуць. Вырубi яго. Ка-лi лас-ка.

— Я зраблю цiшэй.

— Паўтараю. Прашу цябе, выключы магнiтафон. Я не "блакiтны", каб засынаць пад скавытанне гермафрадытаў.

Юнак расшпiльвае партфель i дастае навушнiкi. Яму сорамна, але ён надзявае iх.

— Дзякуй, зносак, — кiваю, ён не чуе слоў i кiвае ў адказ. Яму не пашанцавала, да Мiнска прыйдзецца стаяць.

Сiлуэты мажнога ў кепцы i юнака ў самаробных навушнiках пагойдваюцца каля кабiны вадзiцеля. Нарэшце засынаю. Тое, што бачу, — не сон, а чаргаванне рэчаў, якiя бачыў за апошнi дзень...

Пераапранаюся. Чорныя порткi без паса. Замест паса раблю зашчапкi з алюмiнiевага дроту. Пачак цыгарэт i запалкi перакладаю ў кiшэнi рабочай курткi. Цяжкая тачка спыняецца каля гурбы жвiру. Рыдлёўка перамешвае вапнавы раствор. Ён фарбуецца. Каляровыя пасмы пiгменту цягнуцца за лязом. Пялёстак кельмы шпурляе аднатонны раствор на сiта. Ім стукаю аб таз. Той, поўны чорнага раствору, цяжкi, ледзь падняць, нясу да сцяны. Яна робiцца чорнай i выклiкае жах. Мне пачынае здавацца, што я не зраблю з графiту, што яно абрынецца, цi я не паспею выразаць, а тынк засохне. Другi слой — шэры. Ён кладзецца ўдвая лягчэй i лепш зацiраецца. Упэўненасць i спакой вяртаюцца ў душу. Верхнi слой белы. Яго раблю лепшым за папярэднiя, адмысловым. Ад сцяны цягне сцвярджальным духам будоўлi. Я ем сала з хлебам i цыбуляю. Трэба як мага больш з'есцi, каб не заснуць i скончыць працу. Жую, а перад вачыма кругамi ходзiць зграбная цёрка, раўняючы i раўняючы i без таго ўжо роўную плоскасць. Прыбiваю падрыхтаваны малюнак. На iм арган у натуральную велiчыню. На арганных трубах сядзяць пташкi — два галубы i салавей. Загадзя завостраны скальпель уваходзiць у прахалодны тынк. Выразаю першую дэталь — валюту на арганным камуфляжы. Прыкладаю да сцяны далонi. Прыемная шурпатасць i чысцiня. Прыкладаюся шчакой да тынку. Трэба паслухаць, адчуць сцяну, паверыць у яе, адчуць яе падрыхтаванасць да ператварэння. Сцяна чакае. Дэталi з'яўляюцца ў рэльефнай трохколернасцi. Тынк паступова высыхае. Рэзаць цяжэй i цяжэй. Нарэшце праца скончана. Радавацца няма сiлы. Прыбiраю, пераапранаюся ў дарожны строй i iду на станцыю. Побач, над маiм плячом, ляцiць салавей...

— Прачынайся, хлопец. Мы ўжо ў Мiнску, — будзiць мяне старая.

— Я спаў?

— Спаў, усю дарогу спаў, — яна сочыць, як наплывае на аўтобус паралелепiпед шматпавярховага будынка...

— Колькi паверхаў? Палiчыць не паспела.

— Многа.

— Я налiчыла дваццаць. Можа такое быць?

— Можа быць i дваццаць два.

— Буду-уюць.

Аўтобус спыняецца. Калi выходжу на тратуар, прыгажуня ўжо стаiць на асфальце. Яна трымае сумку, поўную дробных яблыкаў, i глядзiць на мяне. На прыгажунiным твары разгубленасць.

Прыгажуня! Якая ты прыгажуня? Рыбiна ты, якую шпурнулi ў траву. Сена ты ў лужыне на асфальце. Ты спадзяешся, што мы пойдзем разам i я дапамагу несцi пачастунак тваiм сталiчным сваякам? Ты глядзiш мне ў вочы, шукаючы падтрымкi... Дарма. Ты не паверыла, што я быў першым у чарзе па бiлеты. А я iм быў, бо першы той, хто едзе дадому, а не наадварот. Сталiца — Мiнск — мой дом, а ты спадзяешся на паразуменне...

Пакiдаючы за плячыма правiнцыялку з яе велiзарнай сумкаю, накiроўваюся да таксафонаў.

— Слухаю вас...

— Добры дзень, гэта я — Вадзiм.

— Я пазнаў цябе, Вадзiм. Адкуль тэлефануеш?

— З аўтавакзала. Толькi прыехаў. Заказ я зрабiў, сто гадоў прастаiць, гарантую. Грошы пры мне, заўтра прынясу твае дваццаць пяць працэнтаў.

— А калi працэнты перакласцi на рублi, колькi прынясеш?

— Колькi прынясу, столькi i будзе.

— Якi сабака цябе ўкусiў?

— Я даручаў табе шукаць заказы, i ты iх знаходзiў. Я працаваў з табой, а цяпер мне больш не патрэбна твая дапамога. Я больш не магу цягаць тазы з тынковачным растворам. З мастака я зрабiўся маляром, атынкоўшчыкам... Добра, што ты не бачыш мяне. На руках ад вапны — слановая скура, панцыр, а не скура, а ў маёй галаве столькi пяску, што хмарачос можна пабудаваць дваццацiдвухпавярховы. Я дайшоў да ручкi, запiс у дзённiку не магу зрабiць, лiст не магу напiсаць. У мяне ўжо нi сяброў, нi жанчын няма. Адны заказы. Вiтражы i сцены, сцены i вiтражы. Са мною неведама што творыцца — я на людзей кiдаюся, як сабака...

— Як сабе хочаш, а ў мяне якраз для цябе добры заказ.