Выбрать главу

— Спаў.

— Добра. Яшчэ адно неабавязковае пытанне. Ты не помнiш, якi бачыў сон?

— Сноў не было.

— Добра. Усё добра.

— Я згодны рабiць крэматорый.

— А ў мяне i сумненняў не было. Твая тэма, твой аб'ект.

— Гэта мой апошнi аб'ект. Калi трэба пачынаць?

— Учора. Праект i дамова ў тваёй паштовай скрынi.

Вымаю з паштовай скрынi пакунак. Цiкаўнасць падганяе мяне. Разгортваю слiзкую кальку праекта. На ёй накрэслены конус. Чыстая, дасканалая фiгура, як i павiнна было быць. Толькi нешта занадта вялiкая зала. Якi маштаб? Шукаючы маштаб, вочы чапляюцца за назву — праект цырка.

Уваччу круцяцца стракатыя, шматгранныя, рознакаляровыя шкельцы вiтража-калейдаскопа, а ў iх адбiваюцца твары i постацi. Рагоча мажны. Хiхiкае юнак. Смяецца прыгажуня. Каржакаваты пасадзiў сына на плечы. Хлопчык аберуч трымае, каб не звалiўся з галавы, свой шлем...

А ў рэшце рэшт?! — думаю я. — А ў рэшце рэшт...

Капялюш пажарнага колеру

Можа, гэта i адзiная значная падзея ў маiм жыццi, але я не шкадую, што давялося адчуць смерць мастака, якi жыў у маёй душы. Кожны чалавек мае схiльнасць да мастацтва, толькi, вядома, не кожны становiцца мастаком, а тым больш не кожны ведае, што мастак можа i памерцi, загiнуць раней за самога чалавека. Таму я i напiсаў невялiкi тэкст, якi, можа, i дарэмна назваў апавяданнем, тэкст пра лёс мастака, якi быў ува мне.

Мастак жыў ува мне даволi доўга, i нельга сказаць, каб умовы былi благiя цi я меў жаданне пазбавiцца ад яго. Наадварот, я дапамагаў яму i калi наведваў школу мастацтваў, i калi займаўся ў акадэмii на аддзяленнi жывапiсу. У вучнёўства i ўдасканаленне таленту я верыў i пасля заканчэння вучобы, якая давалася цяжка з прычыны маёй схiльнасцi да максiмалiзму. На выставах мае карцiны звычайна вывешвалi сярод плакатаў. Каляровыя рэпрадукцыi, пад якiмi чорным на белым выдрукоўвалася маё прозвiшча, часцей за ўсё выклiкалi спрэчкi. Не адзiн раз я даставаў з паштовай скрынкi лiсты ад невядомых апалагетаў i апанентаў маёй творчасцi. На тэлефонныя парады пакiнуць займацца маразмам я адказваў маўчаннем. Сябры мяне хвалiлi. Ворагi, як i належыць паводзiць сябе ворагам, ганiлi, не прымалi i крытыкавалi ў друку i на сходах. Некалькi старэйшых мастакоў актыўна падтрымлiвалi мяне, i я адным з першых сярод сваiх аднакурснiкаў атрымаў майстэрню. Запланаваны рост сучаснага мастака адбываўся даволi нармальна, калi не лiчыць канфлiктаў памiж мной як чалавекам i мастаком, якi жыў ува мне. Прычыну я бачыў перш за ўсё ў тым, што "мой мастак" не прымаў замацаваных iншымi канонаў i будаваў свае законы i правiлы.

Прайшло некалькi гадоў пасля заканчэння акадэмii, i на стэлажы ў майстэрнi назбiралася даволi многа скончаных прац. Я напiсаў заяву на персанальную выстаўку. I мяне ўключылi ў спiс. Праз паўгода я павiнен быў развесiць свае палотны па сценах невялiкай светлай залы ў Палацы прафсаюзаў. З падпiсаным дазволам на выставу я пакiнуў Саюз мастакоў i пайшоў у процiлеглы бок ад сваёй майстэрнi. Я хадзiў па горадзе i сам не заўважыў, як апынуўся ў касах Аэрафлоту. Я разглядаў оп-артычную рэкламу, калi да мяне падышоў незнаёмы i шэптам спытаў:

— Вам патрэбен бiлет на поўдзень?

Незнаёмы меў iнтэлiгентны выгляд, белыя рожкi кашульнага каўняра свяцiлiся на чорнай воўне швэдра, выгляд зусiм не стасаваў з прапановаю.

— Магу дапамагчы, — я пачуў яшчэ раз голас, якi быў надзiва падобны да голасу майго настаўнiка фiласофii. Незнаёмы паправiў акуляры. Ён даволi спакойна пачакаў, пакуль я перабраў усе, колькi ўспомнiў, "за" i "супраць".

— Дапамажыце, — сказаў я. Незнаёмы кiўнуў, i я ўбачыў акуратную лысiну, падобную да танзуры. Ён забраў мой пашпарт i грошы, а праз паўгадзiны я ўжо меў бiлет на самалёт i сядзеў на алеi, дзе так прыемна думалася, што заўтра буду ў далёкiм паўднёвым горадзе.

Прыморскi горад з акультуранымi руiнамi некалькiх старажытных дзяржаў мне спадабаўся. Ранiцамi, калi ўсе адпачыннiкi накiроўвалiся на пляж, я хадзiў да разбураных сабораў. Мой расклад вiдавочна не супадаў з раскладам прыезджых, i я адчуваў волю i лёгкасць. Я жыў, як вольная пташка, пакуль не ўбачыў капялюш.

Якi быў капялюш! Яго колер, ярка-пажарны колер я любiў з дзяцiнства. Пажарным я называю колер, якi мы бачым на пажарных шчытах, вогнетушыцелях i пажарных машынах. Густа-чырвоная фарба на металёвых i драўляных паверхнях з цягам часу набывае спецыфiчнае адценне, гэта не чырвоны, не пунсовы, не пурпуровы i не руды, не ржавы i не бурачковы, не малiнавы i не аранжавы, як не крывавы i не вогненны, а менавiта пажарны колер. Саламяны конус са скруглёнай вяршыняю быў за верх, а палi былi роўныя, шырокiя i аднолькавыя з усiх бакоў. Белыя, вышываныя шоўкам кветкi аздаблялi незвычайны ўбор. Я толькi ўбачыў такое дзiва на палiцы галантарэйнага кiёска, i рука сама выцягнула нататнiк з грашыма. Але я падумаў, што рэч у гаспадарцы зусiм не прыдатная, i ўсе яе вартасцi, мастацкiя i эстэтычныя, не маюць нiякага дачынення да самай мiзэрнай функцыянальнасцi, я так падумаў i адышоў ад кiёска, за шклом якога агнiўся капялюш.