Выбрать главу

Лежачы на пляжным лежаку пад палатнянымi парасонамi, я думаў пра капялюш. Нашто ён мне? Можа, каму i прыдасца, а мне толькi — купiць i выкiнуць. Можна яшчэ падараваць. А каму? Хто яго насiць будзе? Можа, дзе-небудзь далёка-далёка i носяць, а ў нас нават на пляжы нiхто не надзене. Дзяўчына? Ды няма такога дзявочага твару, якi б мог паспрачацца ў прыгажосцi з такiм высокiм i яркiм капелюшом. А якая дзяўчына пагодзiцца, каб капялюш быў прыгажэйшы за твар? Нiякая. Дзецям ён вялiкi. Жанчына? Ды жанчына хутчэй атрымае сонечны ўдар, чым пагодзiцца з выглядам, якi можа стварыць з яе саламяны ўбор. Мужчына? Калi незнаёмаму я падару капялюш, ён не зразумее, а знаёмых у радыусе ста кiламетраў я не маю. Я разважаў i разважаў, пакуль не скемiў: адзiнае месца, якое застаецца для капелюша, гэта мая ўласная галава. Я ўявiў сябе ў капелюшы i пераканаўся, што кветкi трэба паабрываць.

З капелюшом пад пахаю я прыйшоў да антычнай руiны, схаваўся ў цень i больш як гадзiну прамучыўся, але спароў кветкi. "Прыгожа!" — сказаў я ўголас забароненае для мастакоў слова. Я надзеў капялюш i пайшоў да мора. Рэплiкi, якiя пачуў на пляжы, я запомнiў надоўга. Я не магу гарантаваць нi парадак, у якiм яны ляцелi ў мяне, нi дакладнасць кожнага слова, але агульны сэнс быў такi:

— Жлоб! — было першае, што я атрымаў, пакуль прайшоў некалькi кiламетраў па бетону.

— Мама, паглядзi, якi дзядзя, i я хачу такую шапку.

— Вы працуеце ў цырку?

— Ходзяць жа такiя, i як iх толькi зямля носiць!

— Вазьмiце мяне з сабою.

— (Цалкам нецэнзурны выраз.)

— Я такога... яшчэ не бачыла, колькi жыву.

— Такi не купiш, самаробны... Якая пластмасавая штампоўка? Кажу табе саламяны i самаробны, i колер дзiкi, нi адна фабрыка так не зробiць.

— Вам да твару i вельмi.

— Фраер... Мы такiх... (Далей доўга i незразумела пра што.)

— Вiдны хлопец, i раптам такое.

— У, гэта да!

— Дажылiся! Унiтаз на голаў надзень. З такiх i пачынаецца! Можа, усе голыя хадзiць пачнём? Цьфу!

— Ёсць жэст! Ёсць!

— Усё паўтараецца.

— Зноў хiпi? Цi гэта панк?

— Не, ён чысты.

— Кажу табе, недзе схавалi кiнакамеру i здымаюць, вот не верыш... А я кажу — здымаюць.

— Знойдзецца каму сапсаваць настрой.

— Толькi так i трэба, толькi так.

— А дзе вашы рапаны?

— Што чырвана, то хораша.

— На большае розуму не хапiла.

— Д'ябал спакусiў, няйнакш.

— Патрэбны зялёныя порткi да чырвонага капелюша.

— Не порткi патрэбны, а пяро паўлiна за вуха i пальмавы лiст у руку, а так бездухоўна выйшла, без палёту, ведаеце, без прарыву.

— А здымiце яму капялюш, i хто ён? Нiхто!

— Не скажыце, зараз ён якраз лiдэр i кумiр.

— Ізаляваць яго... Ізаляваць...

— А што гэта за дзядзя?

— Гонар у хлопца ёсць, не кожны так зможа. Адзiн супраць усiх. I дзеля чаго? Спытайце. А дзеля самога сябе.

— Шкоды ён не робiць.

— Яшчэ як робiць. Ён парушае звычкi i ка... (далей не пачуў).

— Моцна, па-нашаму.

— У iм нешта ад Адама, ад першага чалавека, ёсць, напэўна, адзiнота.

— Нашто вытыркацца?

— Ён ёсць, згодны. А як жа астатнiя, iх на пляжы тысячы?

— Цiкава, кiм ён працуе?

— I што ж гэта ты, хлопец, робiш, га?

— Ён чырванее.

— Заўтра яго не будзе, гарантую.

— (Пачатак сказа я не пачуў) ...iрт i агонь.

— Чалавекам i толькi чалавекам.

— З капелюшом два метры трыццаць адзiн цi трыццаць два сантыметры.

— (Жорстка i нецэнзурна.)

— Яму ўсё роўна.

— Такiх трэба шкадаваць, а вы такое гаворыце.

— Ха-ха-ха-ха...

— Пустата.

У мяне няма жадання рабiць аналiз рэплiк, i не таму, што я не бачу, хто стаiць за кожнай з iх, а таму, што гэта марная справа.

Пляж скончыўся, яго перагароджваў высокi дашчаны плот. Я прайшоў праз браму i апынуўся на вялiзнай пустэчы, спрэс застаўленай бетоннымi блокамi i трубамi. Цiха i жалобна было сярод будматэрыялаў. Мора манатонна шархацела прыбярэжным жвiрам. Я прайшоў праз гэты часовы склад i выйшаў на бераг катлавана. Вялiкi катлаван, якi вырылi пад фундамент невядомай мне пабудовы, прыцягваў, як прыцягваюць варонкi стадыёнаў. Па разварочанай экскаватарнымi гусенiцамi дарозе я спусцiўся ў катлаван. Мяне абступiлi пясчана-скалiстыя стромы, над якiмi навiсла густое паўднёвае неба.

Шорсткi свiст прымусiў мяне азiрнуцца. Камень упаў побач. На беразе катлавана цямнелi постацi падлеткаў. Я паказаў iм кулак. Другi камень таксама ўпаў побач, а трэцiм яны пацэлiлi мне ў калена. Я схапiў з-пад ног вялiкi глыж i пабег да падлеткаў. Калi я апынуўся наверсе, задыханы, з глыжом у руцэ, падлеткаў нiдзе не было вiдаць. Блокi i панелi стабiльна ляжалi на шэрай бястраўнай зямлi. Кароткiя ценi падкрэслiвалi асветленыя сонцам фактуры i паверхнi, за якiмi нашэптвала бясконцыя гекзаметры абыякавае мора. Я паглядзеў у катлаван. На сподзе валяўся мой капялюш. Я вярнуўся на пляж i пайшоў той жа дарогаю, памiж тых жа людзей, толькi нiхто не глядзеў на мяне i не крычаў услед.