Вечарам мне зрабiлася блага, я адчуў у сабе пустату. Я закрываў вочы i бачыў, як iду сам сабе насустрач, адзiн з маiх "я" быў у капелюшы. Спаць я не клаўся, я хадзiў гуляць да антычных руiн. Пад ранiцу вiдовiшча, што мучыла мяне, знiкла, яно перастала з'яўляцца ўваччу, як толькi я ўсвядомiў пра смерць "майго мастака". Мастак, якi жыў ува мне, памёр.
Вы можаце спытаць: з якой прычыны? Але я не раблю анатамiравання з'явы. Я толькi пераказваю факты. Адзiнай больш-менш вартай гiпотэзай, якой я прытрымлiваюся, з'яўляецца: смерць з прычыны рэалiзацыi магчымасцей, развiццё спынiлася, адбылася крышталiзацыя, i мастак памёр.
Ад выстаўкi я адмовiўся, бо не хацелася збiраць гледачоў ля карцiн творцы, якi страцiў самога сябе. У сваёй майстэрнi я дазволiў працаваць студэнту, якi i зараз працуе там. Мастацтва я пакiнуў не адразу, я спрабаваў маляваць i нават скончыў некалькi невялiкiх прац, толькi ўсе яны з'явiлiся дэманстрацыяй рамяства, i не больш.
Вы маеце поўнае права спытаць у мяне, а дзе я працую i чым займаюся цяпер. Я адкажу. Выкладаю красленне ў сярэдняй школе, тлумачу, чым адрознiваецца аксанаметрыя ад перспектывы. Мае вучнi, канечне, не ўсе, старанна асэнсоўваюць сакрэты двухмернай i трохмернай прасторы. Я iмi задаволены збольшага.
Часам, калi вучнi пакiнуць клас i я сяджу адзiн перад пустымi крэсламi i сталамi, мне ўспамiнаецца пляж, капялюш i я ў гэтым капелюшы; тады мне пачынае здавацца, што мастакi зусiм i не памiраюць, яны проста назаўсёды пакiдаюць нас i жывуць асобна ў нашых творах, нашых мастацкiх жэстах. Так i мой мастак iдзе па пляжы...
На фоне барака
— Алё... Ты?
— Я.
— Пазнаў?
— Пазнаў.
— Ведаеш?
— Ведаю — няма нашага Мiхася.
* * *
На аўтобусным прыпынку каля плошчы Перамогi ў час пiк стаяў паэт у незашпiленай куртцы. Ён трымаў дзве вялiзныя сумкi, напакаваныя дэфiцытнымi прадуктамi. Ён глядзеў на перапоўненыя аўтобусы, i было крыўдна, што з такiмi сумкамi нi ў гэтыя, нi ў наступныя аўтобусы не ўваб'ешся.
Да паэта падышоў малады чалавек i павiтаўся. Той паставiў на зямлю сумкi i сказаў:
— Не ўбiцца. Хм... Адзiн за адным iдуць, i не ўбiцца. Хм... Хм... А ты куды?
— Дамоў. Давайце дапамагу. Нам жа па дарозе.
— Дапамажы, бо набраў — не падняць, ажно па вулiцы сорам iсцi... Хм... Гэта ж у мяне юбiлей.
— Вiншую.
— Дзякуй. Хм... Толькi не люблю я гэтых юбiлеяў. Дэрмацiнавых папак надораць (куды iх падзець?), лухты нагавораць, брыдка слухаць. А потым стол, i сам разумееш, трэба, каб на стале было, а ў мяне талерак столькi няма, каб на iх усiх хапiла. Пайду сёння вазьму напракат. Што мы тут стаiм? Пайшлi на мост, а там, за скверам, на аўтобус сядзем.
Яны ўзялi сумкi i пайшлi па праспекце, пад вясновымi лiпамi.
— Як падумаю, што на сцэне сядзець, што вершы ў мiкрафон чытаць, аж млосна робiцца... Хм... Так мы з табой i не схадзiлi да Н., а трэба яго знайсцi, трэба да яго схадзiць. Забылi яго, знарок забылi i сябры, i ворагi. А ён у Мiнску, я нават бачыў яго, ён у такiм прыстойным палiтоне. Хм... I шалiк, i туфлi. Я нават узрадаваўся, што ён так добра выглядае... Казалi ж рознае: i што спiўся, i што звар'яцеў, i што з работы прагналi... Думаў падысцi, а тут са мной людзi былi, няёмка iх кiнуць, а пакуль развiтаўся, пакуль пачаў даганяць... Ён некуды знiк. Натоўп... Мы каля цэнтральнага унiверсама стаялi, i, як зараз, якраз час пiк быў... Добра, хоць палiто на iм новае i выглядаў ён iнтэлiгентна, толькi ў твары нешта не тое, змянiлася нешта, ён так галаву крыху набок трымаў i сам сабе ўсмiхаўся... Хм... Разумееш, стары, я не хачу сказаць, што зусiм ненармальна, але нешта ў гэтай усмешцы ненатуральнае было. Хм... Я ж яго добра ведаў, друкаваў яго, дапамагаў; толькi ў яго ж сябры былi, дзе мне за гэтымi сябрамi? Ну, сябры дык сябры, як сабе хочаш, сябры яму i дапамаглi. Хм... Трэба нам з табой да яго схадзiць, проста без папярэджання пайсцi. Ён жа — паэт. Гэта сябры думаюць, што яго няма, што забылi яго, а ён ёсць.
— Так, трэба схадзiць. Я ў канцы лета вольны буду, мы i сходзiм.
Яны селi ў аўтобус. У аўтобусе маўчалi. Сышлi на прыпынку "Кальцо".
— Я ўсё ваш партрэт нiяк не зраблю, хоць палатно падрыхтаваў i эскiзы зрабiў, — выбачаўся малады чалавек.