— Не хвалюйся. Я хутка пайду. Выкуру цыгарэту i пайду, — сказаў ён.
— Я не хвалююся.
— Хвалюешся. Бачу. Не хвалюйся, я дараваў.
— Мне дараванне не патрэбна.
— Яно патрэбна мне, — сказаў ён i ўстаў. Ён затушыў недапалак у струменi вады i шпурнуў у сметнiцу да папер.
— Колькi мы не бачылiся? — спытаў ён.
— Год, — сказаў я, бо гэта я помню дакладна — над рукамыйнiкам на сцяне застаўся надпiс: 29 верасня ў панядзелак у 20 гадзiн быць у майстэрнi з iнструментам.
— Год, гэта многа, — сказаў ён.
— Ты прыйшоў павiншаваць мяне з Новым годам?
— Не, я прыйшоў, каб прапанаваць работу, — сказаў ён i сеў насупраць мяне на чатырохногi табурэт.
— Учора я бачыў карлiка...
— Мяне гэта не цiкавiць, — сказаў ён.
— Паслухай. Учора вечарам я бачыў карлiка ў падземным пераходзе. У пераходзе было многа народу. Я курыў каля выхаду з метро. Ты ж ведаеш, я не люблю, калi ў метро многа народу — скончыўся канцэрт. Народ разышоўся. Я пачуў за спiнаю крокi падкаваных абцасаў. Мне падалося, што iдзе велiкан. Я азiрнуўся i ўбачыў карлiка. Карлiка на вялiкiх абцасах. Нашто карлiку такiя высокiя абцасы? Ты падумай, ну нашто яму гэтыя пяць сантыметраў, калi ён усё роўна застаецца карлiкам?
Адна з шасцi лямп не гарэла. Ён курыў i не слухаў пра карлiка. Яму было нецiкава. Ён устаў, потым узлез на табурэт, выкруцiў лямпу дзённага святла, тую, што не гарэла, i паставiў у сметнiцу.
— Так лепш, — сказаў ён.
— Трэба ўставiць лямпу, — сказаў я.
— Будзе больш святла i больш чысцiнi, — пагадзiўся ён.
— Трэба ўставiць лямпу, тую, што ты паставiў у сметнiцу.
— Чаму? — здзiвiўся ён.
— Яна цэлая.
— А чаму не гарэла?
— Не была ўкручана да канца, таму што адна лямпа павiнна быць запасной, як чацвёртая нага ў табурэце. Табурэт стаiць на трох нагах, чацвёртая ў запас...
— Не разумею, — сказаў ён.
— Гэта няважна.
Ён дастаў лямпу са сметнiцы i ўставiў яе. Святло мiргнула. Лямпа загарэлася. Тады ён трохi выкруцiў яе. Лямпа патухла. Ён сеў на табурэт.
— Паслухай... — сказаў я. — Сягоння ранiцай, калi ехаў на працу, я зноў сустрэў таго ж карлiка. Карлiк сядзеў у трамваi побач з неграм. Абцасаў не было, не было тых высокiх падкаваных абцасаў, былi звычайныя. Негр сядзеў, выставiўшы ногi на праход, а ногi карлiка вiселi над падлогаю. Тулава i галава ў карлiка былi большыя, чым у негра. Спачатку я не пазнаў яго. Мяне здзiвiла вялiкая галава. Я падышоў блiжэй i толькi калi ўбачыў кароткiя ногi — пазнаў яго. Калi не бачыць карлiкавых ног, можна было падумаць, што побач з неграм сядзiць вялiзны чалавек — велiкан.
— Нашто мне карлiк? — спытаў ён.
— Не ведаю.
— Я прыйшоў, каб прапанаваць добрую работу за добрыя грошы, — сказаў ён.
— У мяне хапае работы. У мяне па горла работы. Мяне не цiкавiць работа. Мяне цiкавiць — нашто карлiку спатрэбiлiся пяцiсантыметровыя абцасы?
Я не заўважыў, як той, з кiм я на "ты", знiк. Калi грымнулi дзверы, я ўбачыў пусты табурэт, i калi я ўбачыў чатырохногi табурэт, зразумеў: карлiку былi патрэбны абцасы, каб даставаць да падлогi, калi ён сядзеў на канцэрце.
* * *
Я ведаю, што ён, той, з кiм я заўсёды на "ты", прыйдзе. Прыйдзе, каб сказаць: "Здароў, злыдух!" Я чакаю. Чакаю, калi грымнуць дзверы i гулкi калiдор напоўняць упэўненыя крокi, калi ўсё будзе як заўсёды.
Часам я гавару з iм — сам з сабою, сам-насам. Але гэта блага, гэта ненармальна заставацца на год сам-насам. Трэба, каб ён, той, з кiм я нiколi не быў на "вы", прыйшоў i сеў насупраць мяне на табурэт. I ён прыйдзе. Ён прыйдзе, i грымнуць дзверы. Галоўнае, каб я быў на месцы, каб я быў адзiн i работы было па горла.
Вентылятар
Мужчына ляжаў на канапе i чытаў газету. Ён адпачываў. Мужчына паклаў пад галаву падушку i няспешна праглядаў артыкулы i фотаздымкi. Ён лiчыў, што мае поўнае права паляжаць вечарам на верандзе ў цiшынi i паглядзець газету.
У другiм кутку веранды ў вялiкiм крэсле спаў сiвы дзед. Ён быў у тым узросце, калi ява i сон вельмi хутка i амаль незаўважна змяняюць адно другое. Дзед прыйшоў на веранду, каб пагаварыць з сынам, але не заўважыў сам, як заснуў у старым любiмым крэсле.
На светлай падлозе стаяў белы вентылятар. Ад вентылятара да разеткi струменiўся тонкi дрот. Вентылятар нетаропка паварочваў цылiндрычную галаву i абвяваў вялiкую частку веранды, ад канапы да крэсла.
— Цiкавы факт, — гучна, каб пабудзiць бацьку, сказаў мужчына.
— Як? — дзед павярнуў галаву.
— Людзi крадуць грошы ў дзяржавы... На, пачытай...
— Я не чытаю вашых газет.
— I калi гэта ты газеты перастаў чытаць?
— Як вы пачалi пiсаць пра ЯГО.