Выбрать главу

Ці не гэтага чакаў ён усе шэсць змрочных гадоў?

Вяртанне абаронцы

У жніўні 1507 года Астрожскі выехаў на Севершчыну, каб нібыта пракантраляваць там пільнасць маскоўскіх залогаў. Адтуль, з татарскага памежжа, і пачаўся яго апошні кідок да волі. Далёка абыходзячы гарады, мінаючы людныя дарогі, ён безаглядна ўцякаў з краіны, якая драпежна абрынулася ды ўжо колькі гадоў паліла і нішчыла яго Айчыну. Ён уцякаў з краіны, якой не цярпеў, з якой мусіў і даўно прагнуў змагацца…

Пераапранутыя ў сялян, Астрожскі з ардынарцам супакоіліся, толькі ўбачыўшы старожу Вялікага Княства Літоўскага — вершнікаў у бліскучых шышаках, з адмысловымі тарчамі[14], даўгімі дзідамі і лёгкімі кордамі. А 25 верасня яны былі ўжо ў роднай Вільні…

«Любоў да Айчыны і нянавісць да Расеі прымусілі яго асароміць сябе ганебнай справай: ашукаць манарха, мітрапаліта, парушыць клятву, статут годнасці і сумлення…» — сурова напіша М. М. Карамзін. Аднак Айчына, любоў да яе — хіба ж гэта не найвышэйшы статут годнасці ды сумлення?

Вяртанне Канстанціна Астрожскага стала значнай для Княства падзеяй. Жыгімонт адразу вярнуў яму Брацлаўскае стараства. У дадатак князь атрымаў пасады старасты луцкага і маршалка валынскага. Ды ці не сама важным было вяртанне чына гетмана найвышэйшага, які ўжо праз месяц Жыгімонт забраў у Станіслава Кішкі і перадаў яму. Трэба было бараніць краіну. Другі таленавіты ваяр Міхал Глінскі не браў ніякага ўдзелу ў ваенных падзеях таго году. Наадварот, якраз праз яго дзяржава неўзабаве зноў апынулася ў небяспецы.

Бунт Глінскага

Князь Міхал Глінскі даводзіўся дзядзькам Канстанціну Іванавічу. Паводле слоў самога Менглі-Гірэя, гэта быў «першы малойца» на ўсё Вялікае Княства. Свае юначыя гады ён правёў у Нямеччыне, на вайсковай службе ў саксонскага герцага, дзе шмат чаму навучыўся і здабыў немалую славу. Вярнуўшыся на радзіму, карыстаўся асаблівай павагай і даверам вялікага князя Аляксандра ды займаў пры ім важныя дзяржаўныя пасады. Аднак трэба ж было такому здарыцца, што праз Глінскага трапіў у няміласць да манарха троцкі ваявода Ян Забярэзінскі і ў выніку нават страціў ваяводства! З таго часу Забярэзінскі ледзь стрымліваў нянавісць да маладога князя і дзе мог ціха шкодзіў яму. Калі ж не стала Аляксандра, ён абвінаваціў Глінскага ў дзяржаўнай здрадзе, а будучаму манарху Жыгімонту перадаў вестку, што герой бітвы пад Клецкам збіраецца сам заняць велікакняскі пасад. Абражаны Глінскі прасіў Жыгімонта разгледзець гэтую справу на судзе, зняць з яго абвінавачанні, а Забярэзінскага пакараць за паклёп, але той усё адкладваў судовы разбор. Тады самалюбівы князь узняў бунт помсты.

Здарылася гэта лютымі маразамі на самым пачатку 1508 года. Сабраўшы з родных і блізкіх войска ў 700 коннікаў, бунтоўны князь вырушыў са свайго Турава на расправу з Я. Забярэзінскім{10}. Таго знайшлі ўжо 2 лютага ў маёнтку пад Горадняй і адсеклі яму галаву. Затым паспрабавалі ісці на Коўню, каб схапіць там важнага закладніка — Шах-Ахмета, аднак давялося вярнуцца. Міхал Глінскі пачаў рассылаць з Турава лісты па краіне з прапановай далучыцца да яго. Сюды ж, у ягоную рэзідэнцыю, неўзабаве прыехаў пасланец Масквы дзяк Г. Маклакоў. Глінскаму прапанавалі прыняць падданства Васіля ІІІ. Масква гарантавала, што аддасць у поўнае валоданне бунтаўніку ўсе гарады і воласці, якія мае і якія яшчэ здабудзе сілай. І Глінскі пайшоў на ўсё… Іронія лёсу: славуты герой Клецкае бітвы стаўся здраднікам Айчыны.

Хутка ягоныя людзі забралі Мазыр (яго здаў Глінскаму мазырскі намеснік), пайшлі на Слуцак ды сутыкнуліся там з рашучай абаронай. У Міхала Глінскага сталі з'яўляцца ня толькі маскоўскія людзі, але і паслы крымскія, малдаўскія. Планаваліся вялікія ваенныя дзеянні. Трэба было толькі дачакацца маскоўскага войска.

І ваяводы заспяшаліся. Ужо ў красавіку 1508 года на Смаленск павялі палкі Я. Захар'ін з Масквы і Д. Шчэня з Вялікіх Лукаў. Асобныя групоўкі ішлі на Полацак і Слуцак. А да Глінскага пад Бабруйск прывялі свае палкі князь В. Шамяціч і А. Мажайскі. На пачатку траўня яны разам пайшлі на Менск. Аблажыўшы горад, іх войска занялося рабаваннем і пусташэннем ваколіцаў Менска, хадзіла адтуль ажно да Слоніма.

Толькі тады дайшло да мабілізацыі сілаў на абарону краіны. Гетман Астрожскі першы сабраў вершнікаў і рушыў на свайго бунтоўнага дзядзьку. Ужо ў траўні ён заняў Тураў, гняздо паўстанцаў. У Лідзе збіралася шляхоцкае рушанне. Сюды праз Берасце ўжо спяшаўся з Кароны і Жыгімонт з 3-4-тысячным войскам палякаў. Калі сілы аб'ядналіся, кароль і вялікі князь прызначыў галоўным начальнікам над імі Канстанціна Астрожскага.