Выбрать главу

Вільня ў тым часе, як і ўся дзяржава, была яшчэ местам пераважна традыцыйнай, старабеларускай культуры. Калі ў 1498 годзе ўрачыста закладаліся першыя камяні мураванай сцяны, над сталіцай разносіўся гул званоў 14 праваслаўных храмаў і толькі 7 каталіцкіх{11}. Гэтаксама ў 1517 годзе імператарскі пасол Ж. Гэрбэрштайн, пабачыўшы Вільню, адзначыў, што «храмаў рускіх там значна больш, чым Рымскага веравызнання». Пры Жыгімонце Казіміравічу грэцкая (праваслаўная) царква ўжо вальней адчувала сябе ў Княстве. Нездарма амаль праз стагоддзе нехта Іван Мялешка скажа пра гэтага манарха: «Салодкая памяць яго, бо Немцаў як сабак не любіў і Ляхаў з іх хітрыкамі вельмі не любіў, але нашу Літву і Русь нашу любіцельна мілаваў…» Ужо ў 1507 ці 1508 годзе нейкі Хведзька Янушкевіч заклаў у Вільні храм Нараджэння Багародзіцы. Затым у Тураве ўфундаваў царкву Канстанцін Астрожскі. Мітрапаліт Язэп Солтан у 1509 годзе правёў у сталіцы сабор праваслаўнай царквы, а ў 1511 атрымаў ад Жыгімонта грамату, якая гарантавала незалежнасць грэцкага духавенства ад свецкай улады ў кіраванні і судаводстве. Усё гэта рабілася дзякуючы актыўнасці і патрыятызму ўплывовага Канстанціна Іванавіча, якога яшчэ мітрапаліт Макар называў «наймагутнейшым апекуном і дабрадзеем» грэцкае царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Ды нядоўга давялося К. Астрожскаму цешыцца спакоем, займацца свецкімі і царкоўнымі справамі. Усё гэта рабілася другасным перад патрэбамі абароны краіны.

Уварванні татараў

Першымі мір парушылі татары. Яшчэ ў 1509 годзе яны ўварваліся на Галіччыну, і К. Астрожскі мусіў разам з каронным гетманам М. Камянецкім праводзіць акцыі супраць наезнікаў. А ў 1510 годзе татары з'явіліся зноў, ды з яшчэ большай сілай. Гэтым разам яны наляцелі на землі Беларусі. Асобныя загоны сягалі ажно ваколіцаў Вільні. Іх лятучая конніца пустошыла землі Княства і на наступнае лета. Выганялі татараў самастойна, пабіўшы каля Кіева, Оўруча, Брацлава…

Асабліва трывожны быў 1512 год. Наладзіўшы зноў сяброўскія дачыненні з вялікім князем маскоўскім, Менглі-Гірэй не без інспірацыі апошняга (а Масква рыхтавала вайну за Смаленск) выслаў на Валынь 25-тысячную арду на чале з трыма мурзамі[17].

Вялікі князь быў тады ў Кракаве, рыхтаваўся да шлюбу. Пачуўшы пра ўварванне татараў, ён накіраваў на іх кароннага гетмана М. Камянецкага з сваімі надворнымі харугвамі, войска падольскіх старастаў і, натуральна ж, гетмана найвышэйшага літоўскага з наяўнымі сіламі Княства. Роля галоўнага начальніка адводзілася К. Астрожскаму. Зважаючы на вялікую небяспеку, вальны сойм, які засядаў у Берасці, вырашыў надзяліць Канстанціна Іванавіча надзвычайнай уладай. У спецыяльнай «Ваеннай уставе» Жыгімонт, выпраўляючы Астрожскага на абарону Вялікага Княства Літоўскага, даў яму правы дыктатара: пакуль войска знаходзіцца ў полі, усе (князі, ваяводы, старасты, шляхта, зямяне ды іншыя) павінны слухацца гетмана, а за непаслушэнства Астрожскі вольны кожнага караць «горлам і вязеннем»{12}.

Перамога пад Вішняўцом

Злучыўшы змабілізаваныя войскі (а разам выйшла блізу 5 тысяч конніцы), Канстанцін Астрожскі павёў іх на татарскі лагер, выяўлены недалёка ад Вішняўца. Татары ведалі пра небяспеку і рыхтаваліся напасці першымі. Бітва адбылася 28 красавіка. Як толькі Астрожскі паставіў войска ў баявым парадку — на левым крыле пакінуў палякаў з іх гетманам, а на правым, бліжэй да татарскага лагера, размясціў сваіх, — татары наляцелі на яго з пранізлівым гіканнем і крыкам. Рассейваючыся ды адступаючы, яны спрабавалі завабіць рыцарскую конніцу ў поле, навязаць ёй сваю тактыку, пры якой менавіта іх флангавыя і тылавыя атакі звычайна вызначалі зыход бою.

Вершнікі Астрожскага мужна вытрымалі гэты націск, не ўцягваючыся ў бітву надта шырокім фронтам. Татары мусілі весці цяжкую барацьбу з іхнымі шчыльнымі шэрагамі. Тым часам польская конніца ўсё яшчэ не ўступала ў бой, і гетман Астрожскі звярнуўся да М. Камянецкага, каб і палякі атакавалі. Удар польскіх харугваў у фланг і франтальная атака войска Вялікага Княства, праведзеныя адначасова, скончыліся поўным разгромам 25-тысячнай татарскай арды. У захопленым лагеры пераможцы ўбачылі 16 тысяч вязняў, 10 тысяч коней, нарабаваныя багацці. А на полі бітвы і ў Гарыні, праз якую ўцякалі рэшткі разбітых загонаў, засталося каля 5 тысяч трупаў наезнікаў. Пасля гэтага тры гады крымскія татары не чапалі Вялікага Княства Літоўскага.