Выбрать главу

Калі пагоня на ўсёй хуткасці падляцела да лесу, гетман ускінуў булаву, за ім палкоўнікі ўзнялі свае буздыганы[20], і «ўцекачы» як па камандзе крута павярнулі ў бакі, а маскоўская конніца апынулася — о жах! — перад чорнымі пашчамі гарматаў… Трапныя залпы ва ўпор касілі ашаломленых ратнікаў, і тыя панічна кінуліся ўцякаць. Цяпер ужо харугвы Астрожскага, развярнуўшыся, спяшаліся наўздагон рассеянаму ворагу. Гэта быў поўны разгром усёй маскоўскай арміі.

Пераслед яе даведзеных да жаху рэшткаў — а іх гналі на працягу 5 міляў — стаўся падобны да бойні, якую спыніла ноч ды густыя пушчы, што ратавалі ўцекачоў ад імклівых вершнікаў Астрожскага. Але й там шмат хто знайшоў свой канец, загінуўшы ў балоце, заблукаўшы ў бяскрайнім лесе. Іншыя патанулі ў Дняпры ды Крапіўне, калі ў паніцы спрабавалі пераправіцца. Трупамі маскоўскіх ратнікаў былі ўсцяж засланыя палі паміж Воршай і Дуброўнай. Летапісцы лічылі, што пад Воршаю іх загінула ад 30 да 40 тысяч. Шмат хто трапіў у палон, у тым ліку ўсе вышэйшыя камандзіры: Булгакаў-Голіца, Чэляднін, якога дагналі, 8 іншых ваяводаў — разам 48 военачальнікаў, а таксама 1500 дваранаў.

Васіль ІІІ уцёк са Смаленска, калі пачуў пра такі вынік генеральнай бітвы, умацаваўшы перад тым смаленскі гарнізон ды павесіўшы на валах тых, хто быў гатовы здаць горад Астрожскаму (смаленскія князі, паны і ўладыка паспелі паведаміць гетману, што хочуць вярнуць Смаленск у Вялікае Княства Літоўскае). А Дарагабуж па дарозе на Маскву наагул загадаў спаліць — каб не скарыстаў непрыяцель.

Раніцай 9 верасня гетман Астрожскі правёў агляд палонных. 380 сама радавітых накіраваў да Жыгімонта ў Барысаў, менш заможных разаслаў па замках[21]. Затым з 6-тысячным корпусам ды часткаю лёгкай артылерыі (усё браць не выпадала, бо восеньскія дажджы ўжо папсавалі дарогі) рушыў на Смаленск. Але дзеля прамаруджвання, недастатковай колькасці войска і асабліва гарматаў вярнуць горад адразу не ўдалося. Аблога ж зацягнулася і была малаэфектыўная. Таму, калі наблізіліся зімовыя халады, К. Астрожскі вырашыў вяртацца, так і не авалодаўшы стратэгічнай фартэцыяй. Ужо 3 снежня 1514 года ён трыумфальна ўязджаў у сталіцу праз Вострую Браму, як рымскі консул пасля вялікай перамогі, на чале сваіх пераможных харугваў, з багатаю здабычай і шматлікім палонам.

Значэнне велікапышнай перамогі, здабытай на Крапіўне, наўрад можна было ацаніць адразу. У крытычны момант быў абаронены суверэнітэт дзяржавы, больш-менш стабілізавана становішча на ўсходзе краіны. На які час пацішэлі і крымскія наезнікі. А маральна стомленыя ад няўдач ваяры Княства нарэшце акрыліліся.

К. Астрожскі дамогся рэваншу за паразу на Вядрошы, звёў даўнія рахункі з Масквою. Ці здагадваўся гетман, што ягоная перамога стане адной з сама значных ваенных падзеяў у гісторыі шматвяковага супрацьстаяння Масквы і Вільні? Што яе будуць памятаць пакаленні. Што ў 1561 годзе, напярэдадні Полацкай вайны, Жыгімонт Аўгуст напіша Івану Жахліваму: «Калі хочаш бітвы, дык ідзі са сваім войскам да Воршы, дзе Канстанцін Астрожскі даў вам сябе ведаць»{16}. І ў 1564 годзе, калі ўдалося без асаблівых намаганняў адагнаць маскоўскія войскі ад Дуброўны, летапісец адзначыць, што «такой вялікай здабычы і пры вялікай бітве Аршанскай ня ўзята»{17}.

У той далёкай мінуўшчыне была складзеная песня, прысвечаная бітве пад Воршай{18}. Народны твор услаўляў князя Астрожскага і горад, пад якім ён здабыў вялікую перамогу:

Ой у нядзельку параненька