Выбрать главу

Пачалася сеча, якая доўжылася амаль цэлы дзень. «І сышліся абодва палкі ў бітве, і біліся да шасці гадзін абодва палкі…» Маскоўскія ваяводы сціскалі стомленае доўгім маршам, зусім малалікае войска Астрожскага ды накідалі яму сваю тактыку бою. Нарэшце ўдар іх засаднага палка, які абышоў пабаявішча лесам ды каршуном наляцеў збоку, канчаткова вырашыў зыход няроўнага міжбою. Рэшткі гетманавых людзей кінуліся ўцякаць, аднак мала хто ўратаваўся. Пераможцы разбурылі мост праз раку Трасну ў тыле зможаных ды бязлітасна секлі іх, тапталі, тапілі — «з-за трупаў конь не скакаў…»

Гэтак загінулі амаль усе, хто прыйшоў з Астрожскім да Вядрошы, — найлепшыя ваяры Вялікага Княства! Уцячы адтуль здолелі адно колькі сотняў з чатырма ротмістрамі ды Станіславам Кішкам. Новагародскі намеснік Іван Храптовіч, маршалак Рыгор Осцікавіч, Мікалай Глябовіч і шмат хто іншы трапілі ў палон. Сярод захопленых у няволю быў і паранены гетман Канстанцін Астрожскі.

Вестка пра страшную трагедыю на Вядрошы дайшла да Аляксандра, калі той з войскам ужо мінаў Барысаў. Вялікі князь быў ашаломлены, аднак не страціў рашучасці і паспяшаўся ўмацоўваць абарону Воршы ды Смаленска. Пасля рушыў да Полацка, бо і з поўначы дзяржаве пагражалі маскоўскія войскі — пскоўскія палкі князя А. Абаленскага.

Для ваяводаў Івана ІІІ перамога пад Дарагабужам далася гэтак дорага, што яны адразу пасля бітвы зноў папрасілі падмацавання. Прыйшлі два свежыя палкі. Тады ж з Масквы ў Крым да Гірэя паімчаліся ганцы з просьбаю Івана ІІІ яшчэ раз ударыць па Вялікім Княстве. Аднак час быў згублены. Эфект ад грандыёзнай перамогі не быў скарыстаны напоўніцу. Цяпер ваяводы мусілі мець справу з новымі сіламі, прыведзенымі Аляксандрам, з умацаванымі і гатовымі да адпору залогамі гарадоў. Пасля Вядрошы яны захапілі бадай толькі Пуціўль і Белае ды заняліся пусташэннем воласцяў. У сталіцы ж Маскоўскай дзяржавы трыумфавалі — «бысть тогды радость велия на Москве».

А Вялікае Княства Літоўскае аблятала змрочная навіна пра лёс корпуса Астрожскага. Ад 1435 года не вяло яно вялікіх войнаў, не практыкавалася ў бітвах і менш за ўсё чакала вось такога выніку канфрантацыі з Масквою. Фактычна Маскоўшчына ў 1500 годзе ўпершыню здабыла значную перамогу над Вялікім Княствам. Першую вялікую перамогу ў адкрытай палявой бітве, якіх раней маскоўскія ваяводы пазбягалі.

Апеляцыі вялікага князя Аляксандра

Разгублены Аляксандар у шматлікіх пасольскіх лістах спрабаваў апеляваць да хрысціянскае маралі і заклікаў свайго цесця апамятацца. Нагадваў, што той без аніякае прычыны парушыў «дакончанне і крыжовае цалаванне», што, «пра годнасць сваю забыўшыся і запісы парушыўшы», Іван ІІІ павёў на Вялікае Княства Літоўскае свае шматлікія войскі і «паганства многае», што ваяводы маскоўскія тут «шкоды вялікія ўчынілі, замкі знакамітыя паздабывалі, воласці папалілі і людзей пабралі… да Масквы завялі».

Хаўрусніку Маскоўшчыны Менглі-Гірэю Аляксандар пісаў пра падступнасць Івана ІІІ, спрабуючы нейтралізаваць паўднёвага суседа: «…калі ён нам, зяцю свайму, слова свайго, дамовы і прысягі не стрымаў, хіба ён будзе табе доўга стрымліваць? А што братам сваім родным парабіў таксама праз прысягу, і якою смерцю іх памарыў, і іншым суседзям сваім тое чыніць».

У граматах да заволжскага хана Шах-Ахмета і да сваіх братоў — караля польскага Яна Альбрэхта і караля вугорскага Ўладыслава — Аляксандар прасіў дапамогі ў вайне супраць «такога падступнага і непамятнага непрыяцеля», дакляраваў рашучасць «землі свае бараніці і за крыўды свае яму мсціці», аднак на справе быў схільны любым шляхам залагодзіць канфлікт, каб хутчэй пазбавіцца жахлівае вайны. Нават па гэтых граматах да манархаў заўважалася слабасць вялікага князя Аляксандра: просячы дапамогі ў вайне, ён адначасова прасіў паспрыяць яму ў замірэнні. Ён жадаў міру, міру з Іванам ІІІ, які захапіў усю Севершчыну, частку Смаленшчыны ды іншыя ўсходнія землі Вялікага Княства Літоўскага!..

Трагедыя на Вядрошы сталася тым заломам, які пазначыў пачатак новых часоў у супрацьстаянні дзвюх найбуйнейшых дзяржаваў Усходняй Эўропы — часоў маскоўскай ініцыятывы.

Кайданы маскоўскай няволі
Зняволены гетман у Волагдзе