Выбрать главу

1974

ЗВЫЧАЙНАЕ

Маленькі хлопчык так азірнуўся ўлева i ўправа, пераходзячы вуліцу з бацькам за ручку, столькі страху было ў гэтым позірку, што ў бацькі ажно сэрца забалела... З самага малку чалавеку так хочацца жыць!..

Такое было калісьці з маім трохгадовым сынам. Я ўспомніў гэта, убачыўшы ў «Комсомольской правде» здымак: паўднёва-в'етнамскае хлапчаня, знятае італьянскім карэспандэнтам каля пустых гільзаў ад амерыканскіх снарадаў, што ляжаць каля сцяны, як спраўна наколатыя дровы. На адной з гэтых цацак хлопчык сядзіць, другая стаіць перад ім, а на ёй — яго ручкі з маленькімі пальцамі. A вочы якія сумныя... Колькі матак ва ўсім нашым свеце сказала ці падумала, гледзячы на гэты здымак: «Бедны мой, мілае дзіцяня!..»

Яно ўвайшло ў жыццё, у жахлівую ваенную рэчаіснасць — не ведаючы іншага. Там, у гэтай няшчаснай краіне, на гэтым злачынным палігоне, тым в'етнамцам, што не памятаюць неваеннай рэчаіснасці, ужо далёка не столькі гадоў, як гэтаму хлопчыку з гільзай,— вельмі i вельмі многія, каму i дзесяць, i дваццаць, жывуць у рэчаіснасці ваеннай, мірнага часу не памятаюць, да мірнага часу ім трэба будзе прывыкаць.

Учора, пачуўшы пра парыжскае пагадненне, успомніў адразу, як я ў 1953 годзе расхваляваўся радасна, калі па радыё перадалі пра мір у Карэі. A ўчора, калі мы пачулі, што мір пачнецца не адразу, а праз чатыры дні, а тое, што называецца ваеннымі дзеяннямі, яшчэ ўсё працягваецца — стала горка i страшна...

Як гэта нізка, i як для кагосьці звычайна — якою звычайнасцю!.. I як балюча будзе для родных тых людзей, хто загіне іменна ў гэтыя дні — дні неймавернай подласці!..

1973

БАЛГАРСКІ КРАСАВІК

Шахцёрскі дом адпачынку, дзе мы сёння начавалі, стаіць на ўзбоччы зялёнай гары.

Доўгачаканы дождж пакрапіў, відаць, толькі на досвітку. Бледнае сонца — за павалокай, бо ад дажджу, што не праліўся як след, неба зацягнута светла-журботнай воблачнасцю.

Птушкі гоманам робяць вясну.

Новая зеляніна дрэў, у якіх бярозку бачу — як родную на чужыне.

Слухаючы вясну, якое ў нас, у Мінску, пазаўчора яшчэ не было, гледзячы на яе, дыхаючы ёю, успамінаю тых сяброў, што калісьці прынеслі сюды вызваленне, тут закончылі цяжкі, крывавы паход. А пра таго з маладзейшых, што часта бывае тут i нямала зрабіў для дружбы нашых літаратур, згадваю з намерам — дома спытацца, як ён пачаў любіць Балгарыю. Нават запісваю гэта наіўнае «спытацца ў Ніла».

Унізе, пад нашай гарою, на вялікай паляне, ад мяне завешанай сеткаю лістоты, чуваць — спяваюць дзеці. Пад акардыён.

Незнаёмы балгарскі калега, з якім мы прывіталіся на сцежцы, сказаў, што там рэпетыцыя «фальклорнага свята», якое хутка пачнецца.

* * *

Зноў, па-ўчарашняму, сонечны дзень. I свята, якім i я любуюся ў натоўпе гледачоў, што прыязна далі нам месца на першых лаўках. Нам — гэта групе балгарскіх i савецкіх пісьменнікаў, што прыехалі сюды з Сафіі на адкрыццё тыдня дзіцячай літаратуры, які пачаўся ўчора ў прамысловым горадзе з гастранамічнай назвай Пернік.

Мы — на вялізнай паляне, навокал якое зялёныя горы, на ўзбоччах якіх пладовыя дрэвы ў белым цвеце i чырвоныя дахі пасёлка Рударцы.

Дзіцячыя песні i танцы.

Колеры шопскай [1] нацыянальнай вопраткі. «Сіняе i зялёнае — мртвае i сцюдзёнае»,— так лічыць народ, i таму ён дадаў сюды белага, чорнага, чырвонага i залатога».

Гэта тлумачыць мне сусед злева, стары літаратар, былы мясцовы шахцёр.

Тое, што жывіць нацыю. Песня — малітва пра дождж. Другая песня, трэцяя... Танцы. Энергія трапятання. Здаецца, трошкі загорача, зааднастайна. «Зямля, трымайся, шоп цябе топча!..» Сусед мой смяецца i расказвае, як у Лондане здзіўляліся, калі там выступаў балгарскі ансамбль: адкуль столькі страсці? I англічанам адказалі, што ад перцу.

Пайшлі «кукеры» — старадаўнія, яшчэ паганскія маскі, пацешна спачвараныя галовы звяроў i птушак, мноства шэра-калматых аўчын i раскошнага пер'я. Гром бляшаных, глухіх званкоў i званоў, якімі горда абвешаны хлапчукі. «Захавалася гэта толькі тут, у Пернішскай акрузе»,— таксама з гордасцю паведамляе мне сусед.

Ідуць «магарэта», шэрыя, мілыя вослікі. Яшчэ на ранішняй праходцы бачыў я, як ix прывезлі ў вялізным крытым грузавіку, як яны з асцярожнасцю i адчуваннем уласнай годнасці спускаліся, дробненька тупацелі па шырокіх дошках на траву. Потым доўга, цярпліва чакалі свае чаргі, a цяпер абыякава, а то i ўпарта цягнуць казачна размаляваныя вазы. «Так i вяселле вясковае едзе»,— смяецца сусед. А цяпер на вазах поўна стомленай, радаснай малечы.

вернуться

1

Шопы — этнаграфічная група балгараў, якая жыве ў заход¬няй частцы БНР.