Выбрать главу

Калі мы перад сном развітваліся з Асенам, ён сказаў:

— Балгарыі ты многа не пабачыў, але балгараў бачыш.

Учора, супакойваючы прагнасць, думаў, што за адзін раз, за гэтыя дзесяць дзён усё пабачыць i не змог бы, як бы мяне не насіла па горах i далінах (чамусьці іменна па горах). Штосьці трэба пабачыць спакойна, зблізку. Дык чаму ж гэтым чымсьці павінна быць не Добруджа, a іншыя Балканы ды Радопы?

Да таго ж яшчэ дзесяць літаратурных сустрэч, выступленняў, столькі гутарак, знаёмстваў,— усё гэта праца, i трэба яе рабіць.

I песня, песня!.. Старая i новая.

Бай [2] Добры Коеў, стары знатны музыка з гайдай, якую ў нас называюць дудой. I малады, гарачы Коле з акардыёнам. Гэта — у калгасным доме адпачынку, дзе вясёлая «готыка» з новенькага, нефарбаванага дрэва, сутарэнне з віннымі бочкамі i сталамі, лёгкая, з выдумкай, раскоша пакояў, хола i сталовай.

Немаладая, ціхая афіцыянтка, што сама папрасіла Колё падыграць i заспявала пра дзяўчыну, якая праз бацьку, па яго віне, сядзіць дзевяць гадоў у турме i няма ўжо ёй чаго адтуль выходзіць, пра што i кажа маме, калі тая прыйшла на спатканне: «Глядзі, майка, яка я стала!..»

Камсамолачка Ваня, чорная, быстрая Ваньча, што замяняла Парашкеву i не была такая строгая, заспявала песню другую, вясёлую. Голасам рэзкім, нібы крыклівым, але прыемным. Муж вярнуўся дахаты i пытаецца ў жонкі: «Чаму тут валяецца твой паясок? А бусы ажно за ложкам? Хто ў цябе быў, вораг ці друг?..»

Амаль заўсёды, калі мы сядзелі побач, Асен перакладаў мне словы песень, як быццам зноў ды зноў сцвярджаючы, што народная песня трымаецца на мудрым змесце. Хоць бы вось гэтая, адна з песень настаўніцы Пятранкі:

Муж прыгожы, а жонка брыдкая. Яму абрыдла гэта, бо i людзі смяюцца, i ён прагнаў яе да бацькоў. Яна пайшла, узяўшы двое брыдчэйшых дзяцей, а прыгожых, якія па мужу, ён не аддаў. Аднак папрасіў яе неўзабаве вярнуцца, бо дзеці — усе, i прыгожыя, i брыдкія — аднолькава плакалі па маме.

* * *

У самалёце Варна — Сафія.

Новыя людзі выходзяць да сябе з невядомасці, а потым застаюцца толькі ў памяці, дый то не ўсе i ненадоўга. I дачыненні з імі павінны быць належныя, у імя гонару твае радзімы, у імя сапраўды чалавечых адносін. Не абавязкова браць адрасы, даваць свой (у развітальнай мітусні, расчуленасці, хоць i шчырай) — з усімі ні перапісвацца, ні блізка дружыць не зможаш. Галоўнае — не ў гэтым.

Гэта — не адкрыццё даўно вядомага, а проста ўражанне ад тых, з кім я пражыў свой светлы тыдзень у Добруджы.

* * *

Вёска Арбанасі, дача акружкома партыі. Раскошны белы дом, праз мноства вокан якога, зверху, відаць даліна цудоўнага Тырнава.

Цяпер даліна ў лёгенькай смузе сонечнай раніцы, а ўвечары горад у гэтай бяздоннай даліне выступаў тысячамі агеньчыкаў на ўзбоччах, з няпоўным месяцам у зорачным небе.

Хораша гэта — мець на чужыне друга, з якім ты рады быў сустракацца дома i які цяпер, у сваю чаргу, рады пабыць гаспадаром. Сябры ў балгарскім Саюзе пісьменнікаў самі здагадаліся ці, можа, Босеў ім падказаў пашкадаваць мяне (прыехаў упершыню, a пабачыў так мала),— далі на два дні «Волгу» з маладзенькім шафёрам, a ў дарогу ca мною паехаў Найдап Вылчаў, добры друг нашай літаратуры.

У Найданавай вёсцы Браставіца. Яго старэнькая майка паехала на памінкі ў другое сяло, i мы пахадзілі па пустым, прахалодным i міла запусцелым доміку, паглядзелі на агародзе, як прынялася, пасаджаная Найданам, чарэшня, нацадзілі ў пограбе, з вялізнай бутлі ў бутэльку, вінаграднай ракіі i паехалі далей.

З Найданавым дзядзькам, пакуль пляменнік некуды адлучыўся, i я пагаварыў цераз плот, на дзвюх мовах адразу. Што вось, бачыце, жывём сабе ў вёсцы, i гэта, канечне, не Сафія (ён), але i ў вёсцы яно, ведаеце... (я). Ну i г. д. А побач гуляў з мячыкам дзядзькаў унучак, быстры Мішо.

У дарозе, на хаду, перакусвалі. Цёплы хлеб, круглую буханку якога госцю дала цераз нізенькі плот дзядзькава нявестка, фарбаваныя, яшчэ велікодныя, яйкі, знойдзеныя ў мамінай кухні, нейкае смачнае, духмянае зеллейка, нарванае ў агародзе, ну, i ракія, якую мы па чарзе (без шафёра, вядома) пацягвалі з бутэлькі.

Дзве недаспаныя ночы, у Талбухіне i ў Сафіі, i дзень гэты, асабліва пасля абеду, быў цяжкі. Так недарэчы ў такім падарожжы!.. Горы, зялёныя Балканы, размах далінаў, плевенская раўніна, горад Ловеч, дзе мы абедалі, а потым Плевен з яго скобееўльшчынай,— усё гэта я бачыў не праз дрымоту нават, а праз няўмольны націск сну, які проста ссоўваў павекі на вочы.

A ўсё ж i ў доміку, дзе спыняўся Аляксандр II, i ў парку на гары, дзе ў лістоце тамліва стагнала нябачнае мноства галубоў, i ў «костници» з кучамі даўно папрабіваных чалавечых чарапоў — усюды ў памяці было i тое, што рабіў гэты самы цар-вызваліцель i яго доблесныя генералы трохі раней у «збунтаваных» Беларусі, Літве i Польшчы...

вернуться

2

Дзядзька. Як зварот.