Увечары мы ездзілі ca свае дачы ў Тырнава. Куплялі на бяссонным базарчыку зялёны часнок, цыбулю i рэпічкі, радзіску. Потым хадзілі ўдвух з Найданам па старых, вельмі крутых, i навейшых, таксама незвычайных, вуліцах. Знадворку слухалі нашу прастадушную турысцкую «Кацюшу» ў рэстаране, што строма тырчыць над абрывам даліны, зорна прыгожай у стракатасці агнёў, пад шум вады ў імклівай Янтры. Раўніннаму чалавеку, мне нават боязна было, што тыя домікі-агеньчыкі на ўзбоччах — могуць пазвальвацца i палятуць...
Горад, у якім колькі хочаш мясцовых мастакоў можа спакойна хавацца сярод мастакоў прыезджых, туляючыся «ад задач сучаснасці», сто год малюючы экзотыку цэлага i асабліва закуткаў.
Успамінаецца ўчарашні Ловеч. Нават не горад, а мост, «адзіны такі ў Балгарыі». На мосце — абапал крамы i крамкі. Ці не пра гэткі марыў Манілаў? А звыш яго мары яшчэ i цырульня на мосце, метры ca два кубатурай, але ўсё роўна не так сабе, не абы-як, a «Фігара».
Наш белы дом у росным i духмяным садзе, сонечным i звонкім ад птушыных галасоў.
Вярнуўшыся з гэтага росквіту дахаты, прыйдзецца яшчэ раз пачынаць вясну.
* * *
Забуксавалі за Габравам на гліністым аб'ездзе, разкоўзаным пасля дажджу. Трэба выйсці i падапхнуць. А потым добра i пастаяць.
Зялёна-сонечнае прыволле. Усё цвіце. А над усім, на высокім даляглядзе — халодная, снегавая гара Мазалат. Там недзе побач i Шыпка, куды мы едзем.
...Букі i кусты на Шыпцы яшчэ не распусціліся. Трохі сцюдзёна i, «на наша шчасце», сонечна,— многа відаць навокал з гэтай суровай гары.
...Веска Шыпка ў даліне. (Прыемна, што шыпка — проста шыпшына.) Багатая царква, збудаваная з ласкі рускага цара. Мемарыяльныя дошкі з мноствам імёнаў i званняў тых, што тут, на гістарычным перавале, загінулі амаль сто год назад. I тут, як i ў Плевене, уперамешку з афіцэрамі, усюды названымі пайменна,— «і іншыя»,— «нижних чинов 647», «нижних чинов 118», «нижних чинов 3»...
* * *
Калофер.
Домік-музей Хрыста Боцева, на які мы паглядзелі цераз плот. Зачынены. Бацька нацыянальнага героя быў «даскал», настаўнік, i дамок не бедны.
А на поўначы ад музея, ад горада — гара Вяршыня Боцева, якая раней, пад туркамі, называлася Юмрук-Чал, узняты кулак.
Свая гара... Ці думаў Хрыста пра гэта, бегаючы тут хлапчуком?..
* * *
Карлава. Каракачанскае [3] вяселле.
Уранні мы бачылі вясельнае шэсце на вуліцы Габрава. Царственна прыгожую маладую ў белі i танцы аб'яднаных сваякоў перад святочна вясёлым натоўпам.
А тут яшчэ больш песенна-музычнай радасці, яшчэ яскравейшыя ўборы. Таксама народныя.
Мы спыніліся i «ўліліся ў цатоўп», бо i Найдан, аказваецца, такога вяселля яшчэ ніколі не бачыў. Пралезлі мы i ў гарсавет, дзе паглядзелі ўсю, вельмі няхітрую цырымонію.
Студэнт-медык i медсястра. Ён ледзь асмеліўся пацалаваць яе, па абраду, а яна дык i зусім ужо сарамлівая.
Калі сваякі пачалі, віншуючы маладых, абдымацца з імі, я, як ад музыкі, ледзь не заплакаў. Пасля сказаў пра гэта Найдану, i ён прызнаўся, што таксама. Чалавечае шчасце, калі яно радуе i цябе.
...Дом-музей іхняга Каліноўскага. Васіл Леўскі. Якая беднасць у гэтым доміку!.. Прадукт народа — мысліцель i рэвалюцыянер.
Гэта было яму вельмі няпроста — пад жахлівым турэцкім прыгнётам быць інтэрнацыяналістам, ваяваць за свабоду i турэцкай беднаты.
* * *
Даліна Ружаў.
Яшчэ зялёныя кусты. Лаванда. Магутныя арэхавыя дрэвы.
A побач з нашай дарогай — якое там побач! — снегавыя вяршыні Балканаў.
Туркі, што засталіся тут пасля 1878 года. Многія нават вярнуліся тады з уцёкаў ці прымусовага высялення сваімі, у час адступлення. Спрадвечныя, патомныя майстры па ружах, садавіне ды гародніне.
Прыемна чуць пра гэта. Успамінаецца Хікмет. Трэба i тут, у гэтай справе, перш за ўсё адчуваць народ.
Дарэчы, i ў Добруджы, сярод балгараў, жывуць туркi. Каля мора, на шум якога, халодны i радасны, нас вазіла руплівая Парашкева, бачыў я i турэцкую вёску. A ў акружным, сучасным Талбухіне мне ix паказвалі на вуліцах. Пазнаць можна хіба толькі па жаночых квецістых, шырачэнных шараварах. Павольныя, ціхія хлебаробы, зусім не падобныя на былых прыгнятальнікаў.
* * *
Цяпер, убачыўшы тое, што я ўбачыў за гэтыя два дні, можна прыплюсаваць i Добруджу. Каб гаварыць, што i я, нарэшце, быў у Балгарыі.
Яна мне была патрэбна, цяпер гэта ясна.
Што толькі я зраблю для яе?..