«Навагодняя ноч». Мала клопату, каб канцы з канцамі вязаліся, каб не было відаць белых нітак. I мова герояў, бацькі-селяніна i сына-студэнта,— аўтарава. I думка маленькая: як добра, што ў нас пакуль што няма вайны...
Хоць ёсць i намёкі на значна большае: пісьмы на дзвюх мовах, французскай i нямецкай. I заключная фраза, на сённяшні прыём такая горкая, ледзь не прарочая:
«Пачынаўся тысяча дзевяцьсот сорак першы год»...
* * *
«Расказы партызан Віцебшчыны».
Мова, мова... У Чорнага ды такое: «Мы ішлі ў рукапашную. Навокал свісталі кулі. Нюра была ў першых радах. Многа яна выявіла адвагі, баявой хітрасці i ўласнай ініцыятывы...» [4]
Хто мог яму так расказаць i як ён, знаўца народнай мовы, майстар дыялога, мог так пісаць?
Што ж, i ён не пісаў гэтага на фронце, хоць i не жыў тады ў глухой тылавой раскошы. Толькі ж чаму аж так слаба?.. Ён быў патрыёт, ненавідзеў фашызм — гэта, вядома ж, бясспрэчна. Аднак мастацтва было ў яго ўсё-такі там, дзе гэта ішло з самых глыбіняў думкі i пачуцця, яго служэнне музе больш, чым у каго іншага, не любіла мітусні i спешкі. Замалёўкі партызанскіх расказаў i «Расплата» — усё-такі выдушванне з самога сябе на «патрэбу дня», i ён рабіў гэта, як умеў, значна горш, чым умелі іншыя, для прыкладу — Эрэнбург.
«Маленькая жанчына». Слабейшае — «Матчына благаславенства». Зноў моцнае — «Бацька». Цяжкахворы, не так даўно страшэнна абражаны ў сваіх найсвяцейшых пачуццях патрыёта Савецкай Радзімы, ён бачыў Беларусь, захопленую ворагам, у крыві, i гэтая сыноўняя любоў, памножаная на яго высакародную чалавечнасць, падказала яму i жывыя вобразы, i пачуцці, i думкi, якія — назаўсёды.
Не пісалася гэта «ў нумар», надрукавана значна пазней, чым трэба было б, пісалася поўнасцю «для сябе», а выйшла — для нас i для тых, што будуць пасля.
«Смерць». Піша пра адступленне немцаў на беларускай зямлі ў... сорак другім годзе. Трэба было ўяўляць i такое.
Тут ужо выступае ўпершыню i гітлераўскі памагаты, Пацейчык, найбольш выразнае пацверджанне, што дзея адбываецца ў Беларусі.
Ад Клебера з Пацейчыкам ужо аддае «Млечным Шляхам».
* * *
«Аксеніны сляды». Якое бачанне роднага здалечыні, у адарванасці! Немцы — нельга сказаць, што ўдаліся, трохі плакатныя яны. А бацька — той, што трэба.
«Паганыя косці», «Матчына кроў». Некаторыя калегі Чорнага вырашалі такое з пачварнай анекдатычнасцю. I тады, i пасля. A ў яго i гэта прыстойна.
«Агонь». I тут намацванне вялікай тэмы.
Умоўнасць месца (адзін горад, на адным гасцінцы), умоўнасць мовы (аднолькава гавораць i героі, i аўтар, i ворагі), толькі намёкі ў акрэсленні другога i далейшага планаў — усё гэта раней у яго раздражняла, часамі здавалася нават манернічаннем, а цяпер, у ваенных апавяданнях, перад абліччам вялікай тэмы — бачыцца натуральным. Там, дзе наяўнасць больш ды менш прыватных падрабязнасцей перашкаджала б галоўнаму даходзіць не толькі да беларускага чытача.
У гэтай сувязі зноў згадваецца «Млечны Шлях», асабліва пачатак гэтай глыбокай i сёння вельмі сучаснай аповесці.
«На папялішчы». Пачатак — штосьці ад той эпічнай умоўнасці, якая так уражае ў спрадвечных i несмяротных легендах многіх народаў, яшчэ адзін намёк на пошукі, намацванне вялікай тэмы.
«Стаяла вялікая цішыня i павявала духам адзіноты».
Мова высокай паэзіі, глыбокіх абагульненняў.
* * *
Не выпадковасць гэта, што ў яго столькі месца займае жанчына-маці. Спачатку i да сімвалічнай «Маленькай жанчыны».
Нашы запісы для кнігі «Я з вогненнай вёскі...», расказы многіх беларускіх маці пра ix пакуты,— i ўласныя, i за дзяцей,— яшчэ раз сведчаць, які народны, які чалавечны быў яго талент.
«Прасторны дом». Цудоўны пачатак i... так сабе канец.
Успомнілася, як я аднойчы амаль зусім па-бацькоўску востра ўявіў, як гэта цяжка было якому-небудзь бацьку прыгожай дачкі ці прыгожых дачок захаваць ix у акупацыю, сярод варожага бяспраўя.
* * *
У «Заўтрашнім дні» ўпершыню ў яго апавяданнях так выразна, свабодна з'явіліся адступленні ад эпічнасці расказу, у плевіце сюжэта адкрыта прагучала аўтарскае «я».
Адзін з яго герояў «...быў вельмі пакрыўджаны, што не быў узнагароджаны ордэнам». Так ідзе расказ пра кагосьці i раптам: «Я нядаўна чуў (у Маскве, сярод нашых эвакуіраваных.— Ян. Б.), як адзін работнік так суцяшаў сябе: «Яшчэ рана думаць, што ўсё скончана. Яшчэ не ўсе загадчыкі аддзелаў атрымалі ордэны». Як быццам ордэн павінен давацца за загадванне аддзелам, а не за працу i заслугі перад дзяржавай».