Выбрать главу

- Лецішча караля Зогу, - паведаміў спадарожнік, перахапіўшы Міколаў позірк. - Быў тут у нас такі да вайны. Спачатку ў прэзідэнтах боўтаўся, потым каралём сябе абвясціў. У 39-м, калі італьянцы пайшлі вайной, збег за мяжу і больш мы яго не бачылі.

«Цікавая ў гэтых албанцаў гісторыя. Аказваецца, да вайны ў іх быў кароль», - машына выехала на скрыжаванне, і Мікола, запытальна зірнуўшы на спадарожніка, павярнуў налева. «А што ў нас? Спачатку была Кіеўская Русь, затым заявіліся літоўцы, потым палякі, потым расейцы... Карацей, нічога свайго... ні дзяржавы, ні мовы, ні караля». Мікола хацеў падзяліцца такімі думкамі са спадарожнікам, але прамаўчаў: сустрэчных машын пабольшала, і трэба было сачыць за дарогай.

Аўтастрада бегла ўздоўж самага берага, на якім завіхаліся, гулялі ў валейбол і проста ляжалі на пяску бронзавыя ад загару людзі. Надвор’е з раніцы стаяла пахмурнае, цяпер жа свяціла сонца, і бліскі на вадзе і белата прыбярэжнага пяску адбіралі вочы. Там-сям на беразе грувасціліся карпусы ці то санаторыяў, ці то гатэляў; уздоўж дарогі доўгім шыхтом стаялі пальмы з калматымі стаўбурамі; тут жа цвялілі неба сваімі вершалінамі цёмныя кіпарысы, і ў Міколы было такое адчуванне, што ён патрапіў у нейкую казку. Але чым далей ад’язджалі ад Дурэса, тым больш малалюдным рабіўся бераг, і белыя карпусы санаторыяў ужо не ўздымалі свае лоджыі сярод буйнай зеляніны, і само мора, як падалося, стала больш бурлівым, і на ім з’явіліся белыя грывы хваляў. І з кожным кіламетрам на душы расло і ўбіралася ў сілу жаданне нырцануць у празрыстую глыбіню белагрывага мора.

«І сапраўды - наведаў Албанію і не паплаваў у моры. Гэтага мне не даруюць - ні мае продкі, ні мае нашчадкі», - з гэтаю думкай Мікола скінуў хуткасць, уз’ехаў на ўзбочыну і спыніў машыну.

- А ці можна тут пакупацца?

Петрыт перасмыкнуў плячыма, маўляў, чаму ж не, і яны выйшлі з машыны.

- Раскинулось море широко, - заспяваў Петрыт, прычым прыгожым лірычным барытонам. - И волны бушуют вдали, - падхапіў Мікола, і яны разам засмяяліся.

- Ці не ў оперы працавалі? - запытаўся Мікола, уражаны вакалам спадарожніка.

- У оперы не працаваў, а вось у мастацкай самадзейнасці даводзілася розныя арыі выконваць.

Бераг быў бязлюдным, і Мікола яшчэ па дарозе скінуў з сябе вопратку.

Ён адплыў метраў на сто - далей плыць не выпадала: хвалі былі даволі вялікія і маглі зацягнуць у мора, - лёг на спіну, яго пачало люляць на хвалях, і Мікола ад захаплення нават забыўся - дзе ён, і што з ім, і хто махае яму рукой з берага, папярэджваючы, каб далёка не заплываў. Петрыт у ваду не палез. Сказаў, што надоечы памыўся ў лазні. Ну вядома, калі б спадарожнік праехаўся ад Беларусі да Албаніі, кіруючы цяжкой фурай, дык першым бы кінуўся ў ваду. Магчыма, нават не зняўшы вопраткі.

Добрых паўгадзіны Мікола чабохтаўся сярод белагрывых хваляў, наглытаўся салёнай марской вады і на бераг выбраўся дарэшты стомлены і шчаслівы. Ён паскакаў на правай назе, выліваючы ваду з вуха і са здзіўленнем заўважыў ледзь не перад самым носам бетонны бункер. Бункер па самую амбразуру ўнурыўся ў пясок і шурпатую паверхню пакрывалі рудыя пісягі ад іржавай арматуры. Мікола падышоў бліжэй, паляпаў рукой па бетоне.

- А ці нельга іх неяк выкарыстаць? - крыкнуў ён спадарожніку, які сядзеў зводдаль на пяску і з задуменнем на твары смактаў цыгарэту.

- Ды як іх выкарыстаеш... - Петрыт падняўся на ногі, абабіў калашыны гаматных штаноў. - У вёсках сена захоўваюць, склады нейкія робяць. А ў гарах іх вужакі прыгледзелі. Я аднойчы залез у адзін такі, дык іх там цэлы жмутак, сашчапіўшыся, поўзаў.

- А чаму на беразе паставілі?

Петрыт адкінуў недапалак цыгарэты, пачухаў пераноссе.

- Мы, албанцы, ва ўсе часы крыху пабойваліся мора. Бо заваёўнікі заўсёды плылі да нас па вадзе. І толькі туркі прыйшлі адтуль, - Петрыт махнуў рукой у бок фуры, - з-за гор. І мы іх годна сустрэлі. Бо горы - наш родны дом.

Непадалёку загуў цягнік - чыгунка па-ранейшаму ішла поруч з аўтастрадай - і гэта быў сігнал вяртацца да машыны. Заехаць у Дзіракастру трэба было да цемнаты.

Яны ўжо залезлі ў кабіну, хацелі разам прычыніць дзверцы, ды раптам за спінамі, унутры фуры, штосьці бразнула. Мікола з Петрытам пераглянуліся, спалохана выкуліліся з кабіны. Не было сумневу, што ў фуру ўбіўся злодзей, і Мікола, скокнуўшы на зямлю, выхапіў на ўсякі выпадак з-пад сядзення пакарабачаную манціроўку.

Тэнт быў цэлы, рамяні, на якія фура была зашпілена, ніхто не чапаў, і спадарожнікі перавялі дых. Кіроўца, аднак, вырашыў паглядзець - што там грымнула і раскрыў тэнт. На кучы паралонавых сеннікоў сядзеў і з вінаватай усмешкай на твары грыз галету Петрытаў пляменнік Фатос.