Выбрать главу

Суседка працягвала чытаць. Ці варта кабетам фарбаваць валасы ў гэткі колер? У нармальнага чалавека ён выклікае… Але ёй, ёй гэткі колер быў якраз да твару. Піркс падумаў, што, калі б ён трымаў у руцэ запаленую цыгарэту, патрэбныя словы адразу ж знайшліся б. Палез у кішэню.

Партабак, які ён даставаў — ніколі раней ён не меў партабака, а гэты атрымаў у падарунак ад Бомана, на памяць, і насіў у знак дружбы, — гэты партабак нібыта стаў крыху цяжэйшым. Толькі крышку. Але ён гэта адразу адчуў. Павялічвалася паскарэнне?

Піркс прыслухаўся. Ага.

Рухавікі працавалі на вялікай магутнасці. Звычайны пасажыр гэтага зусім не заўважыў бы: машынная зала «Тытана» была адасоблена ад пасажырскай часткі корпуса чатырма ізаляцыйнымі пераборкамі.

Піркс выбраў сабе бледную зорачку ў самым куточку аконнай рамы і не зводзіў з яе вачэй. Калі яны проста набіраюць хуткасць, зорачка не зрушыцца з месца. А калі яна здрыганецца…

Зорачка здрыганулася. І паволі — надзвычай марудна — паплыла ўбок.

«Паварот вакол вялікай восі», — падумаў ён.

«Тытан» ляцеў па «касмічным тунелі», у якім на трасе не было нічога — ні пылу, ні метэарытаў, нічога, акрамя пустэчы. Наперадзе, на адлегласці тысяча дзевяцьсот кіламетраў ад яго, імчаў лоцман «Тытана», задача якога была забяспечыць свабодны шлях гіганту. Навошта? На ўсякі выпадак — хоць шлях і так быў свабодны. Ракеты дакладна вытрымлівалі расклад руху, «Трансгалактыку» быў гарантаваны палёт без перашкод па выдзеленым адрэзку парабалы на падставе пагаднення, заключанага Аб’яднаным Астранавігацыйным таварыствам. Ніхто не мог заняць яго трасу. Метэарытныя зводкі паступалі цяпер загадзя, за шэсць гадзін — з той пары як тысячы аўтаматычных зондаў сталі патруляваць сектары за арбітай Урана, ракетам практычна перастала пагражаць якая-небудзь небяспека звонку. Пояс, на арбітах якога паміж Зямлёй і Марсам насіліся мільярды метэарытаў, меў сваю патрульную службу, да таго ж ракетныя трасы праходзілі па-за плоскасцю экліптыкі, у якой круціцца вакол Сонца грымлівы метэарытны пояс. Прагрэс — нават з таго часу, калі Піркс лётаў на патрульнай ракеце, — быў вялікі.

Словам, «Тытан» не меў жаднай патрэбы лавіраваць — ён не мог сустрэць ніякіх перашкод, бо іх проста не існавала. І ўсё-такі карабель рабіў паварот. Цяпер Пірксу не трэба было нават глядзець на зорнае неба — ён адчуваў гэта ўсім целам. Калі б ён захацеў, то, ведаючы хуткасць карабля, яго масу і хуткасць перамяшчэння зорак, ён мог бы вылічыць крывізну траекторыі.

«Штосьці здарылася, — падумаў Піркс. — Але што?»

Пасажырам нічога не паведамлялі. Хіба што хаваюць штосьці? Піркс вельмі дрэнна разбіраўся ў парадках, што панавалі на пасажырскіх караблях люкс. Затое ён ведаў, што можа здарыцца ў машынным аддзяленні, у рулявой рубцы… Гэта не надта вялікая гаспадарка. У выпадку аварыі карабель захаваў бы ранейшую хуткасць альбо збавіў бы яе. Аднак «Тытан»?…

Гэта доўжылася ўжо чатыры хвіліны. Значыць, ракета збочыла амаль на 45 градусаў. Цікава.

Зоркі знерухомелі.

Карабель ішоў прамым курсам. Цяжар партабака, які Піркс усё яшчэ трымаў у руцэ, павялічыўся.

Яны ішлі прамым курсам і набіралі хуткасць. Адразу ўсё стала зразумела. Яшчэ секунду Піркс сядзеў нерухома, пасля ўстаў. Цяпер вага яго была большая. Шэравокая пасажырка зірнула на яго.