Ну, калі ты ўжо гэтак просіш, адрэжу ад цябе на капейку!
Потым Пятрок пачаў адразаць і на рубель. Нарэшце, Пятрок сьцізорыка ўжо не вымаў, а браў Басіны бутэрброды цалком... Гэтак вось і цяпер, зьеўшы бутэрброд, ён выцягнуў за руку з-за стала Басю і закружыўся з ёй у вальсе каля прафэсарскай кафэдры. Вальс ён граў сам сабе на губах. Трымаючы Басю шчыльна, але настолькі, каб можна было сваім корпусам адкінуцца назад, Пятрок кружыў Басю да шаламлівасьці, і яна, быццам у вялікай жарсьці, клала яму сваю галаву на плячо, заглядаючыся ў ягоныя вочы знарок спакусьліва і міргліва. Потым ініцыятыву забірала Цыпіна, пачынала знарок круціць Петрака налева, ведаючы, што ён умее танцаваць толькі ў адзін бок. Гэта называлася вальсам Цыпінай. Прысутныя сьмяяліся і білі ім у ладкі...”[22].
У 1936 годзе, хоць шлюб і не быў зарэгістраваны, Бася Цыпіна нарадзіла ад Пятра Шырокава дачку Алесю, якую ў пасведчанні аб нараджэнні так і запісала: Шырокава Аляксандра Пятроўна, 1936 года нараджэння... Але ў гэты час бацьку Алесі і яшчэ адзінаццаць студэнтаў інстытута абвінавацілі ў “буржуазным нацыяналізме”. Яны апынуліся аж у Новасібірскай вобласцьі. Пятро Шырокаў быў асуджаны на пяць гадоў, Якуб Ермаловіч і Масей Сяднёў на шэсць гадоў і г.д. Шырокаму ўдалося ўладкавацца кавалём, а некаторых яго сяброў закінулі аж на Камчатку.
За сувязь з “ворагам народа” Басю Цыпіну на апошнім курсе выключылі з інстытута. Работу ў Мінску ёй не давалі, сачылі за кожным крокам. Але настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй не хапала, і таму яе літасціва накіравалі ў Смалявіцкую сярэднюю школу выкладаць беларускую мову і літаратуру. З ёю паехала і дачка.
У Смалявічах Басі Цыпінай жылося вельмі цяжка: бясконцыя праверкі то з раённага аддзела адукацыі, то з райкама партыі, то з КДБ. Але яна не здавалася, пісала ва ўсе інстанцыі з просьбаю, каб адбыўся над мужам паўторны суд. І ў 1940 годзе па хадайніцтве ўсё той жа Басі Цыпінай Пятра Шырокава і яго сяброў прывозяць у Мінск для “перагляду справы”. З Мінска адпраўляюць у Чэрвень, дзе і асуджаных застае вайна.
Нямецкія самалёты ўжо бамбілі горад, таму савецкай уладзе было не да зняволеных. Так Тодар Лебяда са сваімі сябрамі апынуўся на волі. Гэты момант Масей Сяднёў занатаваў у сваёй паэме “Мая вайна”:
Пятро Шырокаў дабраўся да Віцебска, дзе жыла яго маці. Тут ён ізноў узяўся за пяро — пісаў вершы, апавяданні і драматычныя творы. Адначасова рэдагаваў газету “Беларускае слова”, што выходзіла тры разы на месяц. У Віцебску была закончана і п’еса “Загубленае жыццё”, якая ўпершыню была пастаўлена на сцэне Віцебскага драмтэатра. Дарэчы, у 1943 годзе беларускі рэжысёр Вячаслаў Селях-Качанскі ажыццявіў пастаноўку гэтай п’есы і на сцэне Мінскага гарадскога тэатра. Пазней, на эміграцыі ў Германіі, разам з кампазітарам Міколам Равенскім, ён арганізуе эстрадную групу “Жыве Беларусь” і зноў ажыццявіць пастаноўку “Загубленага жыцця”. Вяртаўся да яе В.Селях-Качанскі і жывучы ў г. Элізабет (ЗША). У 1952 годзе ў Канадзе п’еса “Загубленае жыццё” выходзіць з друку асобным выданне. І толькі ў 1995 годзе яна была апублікавана на радзіме ў часопісе “Тэатральная Беларусь”. Гэтая драма — першая антыбальшавіцкая п’еса ў беларускай літаратуры, якая праўдзіва паказвае гады калектывізацыі і сталінскіх рэпрэсій на Беларусі.