Выбрать главу

У першыя пасляваенныя гады Другой сусветнай вайны, перад службай на Далёкім Усходзе, служыў у Слоніме народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. А жыў ён у Альбярціне. Давайце адгорнем ягоную кнігу ўспамінаў “Доўгая дарога дадому”, дзе Васіль Уладзіміравіч пра гэта прыгадвае сам: “На гэты раз паехаў далей — у Слонім. У свеце пачыналася шырокамаштабная халодная вайна з перспектывай перарасці ў гарачую, спатрэбілася болей войска. Слонімская брыгада разгортвалася ў дывізію, без артылерыста лейтэнанта Быкава абысціся было немагчыма. Армію знайшоў амаль той самай, якою пакінуў два гады таму. Усё тое ж бязладдзе, нагнятанне небяспекі з Захаду, нястача ўсяго матэрыяльнага — ад транспарту да шынялёў. Да паловы зімы хадзіў у ватоўцы з прышытымі афіцэрскімі пагонамі на плячах. І незвычайны нават у гады вайны рэжым сакрэтнасці. Усе статуты, інструкцыі, загады былі засакрэчаныя. Калі для заняткаў патрэбна было якое настаўленне, а яно патрэбна было кожны дзень, трэба было ўранку атрымаць яго пад распіску ў сакрэтнай часці, а ўвечары здаць. Узнікала шмат блытаніны, і некалькі афіцэраў пагарэлі на тым. Адзін наш камбат, каб кожны раз не бегаць у штаб па статут, што-нішто выпісаў з яго ў свой блакноцік, які затым згубіў на занятках у полі. Праўда, блакноцік не быў зарэгістраваны, і камбат асабліва не турбаваўся. Але ж трэба так здарыцца, што яго знайшоў на ўзлеску калгаснік і зрабіў, як ён думаў, добрую справу — у кірмашовы дзень адвёз блакноцік у Слонім. Там вельмі хутка вызначылі, каму ён належыць, і праз месяц з камбата знялі пагоны. Зіму я прабыў у Слонімскай дывізіі, жыў зноў у бабкі ў Альбярціне. Кожны дзень — палявыя заняткі, у мароз, дождж і сцюжу, зіма выдалася сцюдзёная. Нарэшце — чаканая вясна, прыгрэла сонца, і Быкаў атрымлівае новы загад: адправіцца на Далёкі Усход”[25]. Летам 2010 года Альбярцін наведаў вядомы расійскі фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Жорэс Алфёраў. Прыезд у Альбярцін расійскага вучонага быў невыпадковым. Пра гэта ён сам расказаў слонімскім журналістам. Аказалася, што першы раз Алфёраў наведаў Альбярцін ажно ў 1945 годзе. А апошні раз у Альбярціне фізік быў у 1966 годзе. Рэч у тым, што бацька Жорэса Алфёрава Іван Алфёраў пасля Другой сусветнай вайны быў начальнікам арганізацыі Саюзбумтрэст. Гэта быў трэст папяровай прамысловасці, куды ўваходзіла і кардонна-папяровая фабрыка “Альбярцін”. Таму Іван Алфёраў вельмі часта прыязджаў у Альбярцін. А летам сям’я Алфёравых любіла ў пасёлку адпачываць.

Падчас наведвання Альбярціна, Жорэс Алфёраў прыгадаў 1965 і 1966 гады, калі ён з сябрамі адпачываў у Беларусі. У Альбярціне яны купілі дзве рыбацкія лодкі, злучылі іх разам, і паплылі па Ісе і Шчары ў Літву. А ў 1949 годзе Жорэс Алфёраў гуляў у футбол, ён стаяў на варотах за каманду “Альбярцін”, якая тады перамагла футбольную каманду танкавай дывізіі з лікам 2:1. А гэта каманда лічылася самай лепшай у Слоніме ў пасляваенны час.

У Альбярціне 1 студзеня 1959 года нарадзілася беларускі археолаг, культуролаг, педагог і гісторык Ніна Здановіч. Скончыла Белдзяржуніверсітэт. Жыве ў Мінску. Сфера яе навуковых інтарэсаў — матэрыяльная і сацыяльная культура Беларусі XVI-XVIII стагоддзяў.

Напісала і выдала Ніна Здановіч шэраг цікавых выданняў. У 2005 годзе з друку выйшла яе кніга “Кафлярства ў Беларусі”, дзе аўтарка грунтоўна даследавала кафлю, яе форму, тэхналогію, аздобу, гісторыю. Найперш, гаршковую, каробкавую кафлю Полацка XIV-XVII стагоддзяў, а таксама іншую кафлю. Наогул, Ніна Здановіч у Беларусі добры спецыяліст па даследаванню керамічнай вытворчасці Беларусі. У складзе археалагічных экспедыцый яна даследавала замкі ў Лідзе, Міры, Гродне, гарады Мазыр, Мсціслаў, Магілёў, Віцебск, Полацк, Чачэрск, Мінск, Слонім і іншыя. Альбярцінская даследчыца з’яўляецца сааўтарам даследаванняў “Стары замак у Гродне XI-XIII стст.”, “Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка”, “Асновы культуралогіі” і г.д.

У Альбярціне шмат гадоў жыла заслужаная настаўніцы Беларусі, паэтка Алена Руцкая. Цяпер яна жыве і працуе ў Гродне. Алена Руцкая выдала некалькі зборнікаў паэзіі і шэраг кніг для настаўнікаў па пазакласнай працы па беларускай літаратуры.

На пэўны час абраў Альбярцін сваім месцам жыхарства беларускі пісьменнік Уладзімір Бутрамееў. Ён жыў у Альбярціне, нават пабудаваў там сабе дом. Цяпер Уладзімір жыве ў Мінску. Кнігі яго выходзяць з друку не толькі ў Беларусі, але і ў Маскве.

Альбярцін ніколі не заставаўся без творчых людзей. Сёння там жывуць беларуская паэтка Ірына Войтка, керамістка Надзея Салейка, мастакі Яўген і Алег Івановы, а таксама іншыя творчыя людзі Слонімшчыны.

вернуться

25

Быкаў Васіль. Доўгая дарога дадому. Мн., 2002. С.162-164