Выбрать главу

Міхась ТЫЧЫНА

АЛЕСЬ АДАМОВІЧ: ЖЫЦЦЁ ЯК ТВОРЧАСЦЬ І ТВОРЧАСЦЬ ЯК ЖЫЦЦЁ

Калі ХХ стагоддзе завяршылася, многае стала на сваё месца. Аднак цікавасць да постацей першага плана, такіх, як Алесь Адамовіч, не знікае ў новым часе. Па сутнасці, пісьменнік апярэджваў эпоху і бачыў, якой будзе Бела­русь неўзабаве. Адна з жыццёвых мараў аб будучыні глыбока нагадвала пра сябе ў неспатольнай празе сустрэць доўгачаканае завяршэнне ХХ стагоддзя і зазірнуць у пачатак ХХІ стагоддзя. Чытачы яго пакалення, пакалення ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, інакш ужо і не могуць. Гэта іх жыццё і іх час. Іншая справа — сучасная моладзь, настроеная на крытычнае ўспрыняцце нядаўняга мінулага.

Нягледзячы на агульналітаратурную значнасць пісьменніка Алеся Адамовіча, прыкметнае месца, якое ён займаў пры жыцці, на працягу паўвека будучы на слыху ў сучаснікаў-шасцідзясятнікаў, спрэчка наконт іх спадчыны, жыццёвага і творчага лёсу, месца ў літаратурна-мастацкім працэсе, працягваецца. Мастацкія працы Адамовіча, не зважаючы на досыць вядомыя перашкоды і супрацьдзеянне, друкаваліся амаль адразу пасля іх стварэння. Для яго як празаіка, крытыка, літаратуразнаўцы, кінадраматурга, публіцыста, грамадскага дзеяча было надзвычай важным надрукавацца ў час. Пісанне «ў стол» у спадзяванні на вечнасць пісьменніцкай працы — не ўваходзіла ў разлікі Алеся Адамовіча. Нездарма адна з яго апошніх кніг артыкулаў мела гучную назву «Мы — шасцідзясятнікі», а яе першая глава заклікала «Не перакладваць на плечы патомкаў» думкі і словы пра прыярытэт агульначалавечага над класавым як пункт адліку ўсіх каштоўнасцей, асабліва ў пытаннях вайны і міру.

Алесь Адамовіч, у адрозненні ад большасці нашага пакалення «сямідзясятнікаў», якое, па сутнасці, паступова расплылося ў магутнай хвалі папярэднікаў, з юнацкіх гадоў ведаў, дзе яго апошняе прыстанішча. Ад самога яго (аўтабіяграфічныя творы «Заглядваючы ў сябе», «Дадумваючы дарэшты. Аўтабіяграфія-85», «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой», «Vixi» і інш.) вядома ўсё, ці амаль усё, пра бацькоў. Міхаіл Іосіфавіч, бацька Алеся, таленавіты хірург, галоўурач Глушанскай бальніцы, што на Бабруйшчыне, быў вядомы на цэлую акругу — ад Бабруйска да Старых Дарог. «Радыус аўтарытэту сельскага ўрача, — па словах Алеся Адамовіча, — заслужана ахопліваў не толькі пасёлак, але і ўсё ваколле». З студзеня 1940 года знаходзіўся на ваеннай службе. З першых дзён вайны ён — на фронце, быў тэрапеўтам 13-й арміі (камандуючы — М. Пухаў), даслужыўся да падпалкоўніка медыцынскай службы.

Жыў і памёр Міхаіл Іосіфавіч «у дарозе»: выехаў на саўгасным грузавіку да парадзіхі, а ён сапсаваўся, пайшоў пешшу праз начную завіруху ў сваім цяжкім («цесцевым») кажусе, успацеў, прадзьмула, прастудзіўся. Вярнуўся дадому з высокай тэмпературай, страціў мову, анямелі рукі і ногі. Інсульт. Вясковыя і глушанскія цёткі падыходзілі да труны і цалавалі ногі нябожчыку. Уражаны гэтым мясцовы чын, партыйны сакратар, за жалобным сталом сказаў: «Нам ногі цалаваць не будуць». Не важна, як жыў, важна, як памёр. Але і тое, як жыў, — таксама важна. Алеся Адамовіча, уражлівага 22-гадовага студэнта-філолага, нядаўняга падпольшчыка і партызана, які нямала пабачыў ужо на сваім вяку смерцяў, бацькаў скон моцна падкасіў — пасля гэтага паўгода ляжаў у бальніцы.

Галоўная Падзея ў жыцці бацькі — так, з вялікай літары Алесь Адамовіч пісаў пра смерць, бачачы ў гэтым нешта большае, чым звычайная, шараговая з’ява, працэс анігіляцыі фізічнага цела. Ён быў знаёмы з ідэяй, якую найбольш выразна і ўражліва выказаў у свой час рускі паэт Арсеній Таркоўскі, яго былы сусед па інтэрнаце ў Падмаскоўі, дзе пасля пераезду з Мінска ў Маскву нейкі час жыў Алесь Міхайлавіч. Вось гэтыя словы: «На свете смерти нет. / Бес­смертны все. Бессмертно всё. Не надо / бояться смерти ни в семнадцать лет, / ни в семьдесят...»

Сказанае паэтам адпавядае высновам вядомых фізікаў. У прыватнасці, акадэміка А. Сахарава, які падзяліўся сваімі думкамі пра смерць у дыялогу з А. Адамовічам і У. Сінельнікавым: закон захавання энергіі дзейнічае ў жывой і нежывой прыродзе. А. Адамовіч верыў у асобу. Энергія, энергетычнае поле сапраўды не знікае, яго прысутнасць у свеце адчуваецца досыць доўга. А вось асоба знікае, фізічнае цела, носьбіт гэтай энергіі як пэўная цэласнасць і адзінства раствараецца ў Сусвеце. Пастаянным клопатам А. Адамовіча як пісьменніка-гуманіста была якраз асоба, чалавек як непаўторная, унікальная з’ява.

Усё гэта дзіўна, бо мільёны і мільёны смерцяў, якія прынесла ХХ стагоддзе некрафільскіх рэжымаў, як бы самі па сабе перакрываюць усякую гаворку пра каштоўнасць жыцця асобнага чалавека. Аднак жа мільёны смерцяў — статыстыка, а смерць аднаго — трагедыя. Тым большая, чым бліжэй гэты чалавек. Як востра перажываў А. Адамовіч адыход у іншасвет бацькі. Калі цяжка і пакутна памірала маці, Ганна Мітрафанаўна, Алеся Міхайлавіча выратаваў толькі шчаслівы выпадак: язва яго страўніка крываточыла якраз тады, калі ён прыйшоў у Лечкамісію наведаць хворую матулю. Смерць увесь час блукала непадалёк, разпораз нагадваючы пра сябе: memento mori! І ў вайну, што натуральна, і ў мірны час, што ўспрымаецца як Божы знак. У творах А. Адамовіча тут і там натыкаешся на згадкі пра гэты самы таямнічы момант чалавечай існасці. Часта ў трэцяй асобе, са спасылкамі на братоў па пяры, давяраючы іх вопыту і аўтарытэту.