Выбрать главу

У працы пра Якуба Коласа «Паэтычнае вярхоўе беларускай прозы» думкі пра смерць Міхала ўраўнаважваюцца пантэістычнай філасофіяй, такой блізкай менталітэту беларускага селяніна, у вачах якога смерць займае сваё належнае месца ў вечным кругавароце прыроды. Зрэшты, гэта ўяўленне з пэўнымі карэктывамі перайшло і ў хрысціянства, дзе апосталам Паўлам сказана, што зерне павінна памерці, каб затым адрадзіцца, уваскрэснуць у коласе. Якуб Колас да такіх рэчаў не быў абыякавым, пра што сведчыць яго паэма «Новая зямля», глыбока прачытаная А. Адамовічам.

У кнізе «Маштабнасць прозы», прысвечанай жыццю і творчасці Кузьмы Чорнага, сустракаем асобна вылучанае, філасофскае пытанне, заяўленае як праблема: што такое жыццё, калі побач смерць? У класіка адказ наступны: жыццё — гэта вечны рух наперад («Ты вечна ідзі. Бо калі спынішся, то пойдзеш назад і назад»).

У рамане-эсэ «Браму скарбаў сваіх адчыняю», прысвечаным М. Гарэцкаму, гэта ўжо праблема і філасофская, і гістарычная: смерць Марынкі, 17-гадовай сястрычкі братоў М. і Г. Гарэцкіх, пагібель цэлага сялянскага роду, знішчэнне беларускай вёскі, паглынанне сялянскай Атлантыды акіянскай бязмежнасцю Вечнасці. Малое і вялікае ў гэтым свеце звязана адно з адным самымі цеснымі, нават жорсткімі сувязямі: мацярык жыцця змяншаецца з кожнай смерцю — чалавека, нацыі, чалавецтва...

Ва ўласных мастацкіх рэчах А. Адамовіча таксама шмат смерцяў: гераічных, трагічных, выпадковых, гвалтоўных, заўчасных, адзіночных, масавых. У кнізе «Я з вогненнай вёскі...», запісанай калектывам аўтараў — А. Адамовічам, Я. Брылём, У. Калеснікам пад дыктоўку самога народа, перад намі мартыралог беларускіх вёсак, а ў рамане «Карнікі» — гэта ўжо самі носьбіты смерці, яе верныя паслугачы, галоўныя некрафілы ХХ стагоддзя — ад шарагоўца Тупігі і да фюрэра. У пазней напісанай аўтарам пятай частцы рамана перападае дастаткова і Яго Вялікасці «Дублёру».

У гнеўнай публіцыстыцы апошніх гадоў, у антыўтопіі «Апошняя пастараль» апісваецца магчымая пагібель усяго жывога на Зямлі, «тэарэтычная смерць чалавека як віду», пасля чаго Сусвет, які столькі часу адмоўчваецца на нашы марныя просьбы адгукнуцца, змоўкне назаўсёды.

Сам А. Адамовіч свядома, пры поўнай цвярозасці ў развазе, выбраў свабоду «перастаць быць», прыняў непадлеглае абмеркаванню рашэнне «сысці ў небыццё». І як заключны акорд глыбокіх і журботных разваг пра смерць успрымаецца аповесць-тэстамент «Vixi» (Закончаныя главы незавершаная кнігі) з ягонай думкай, перанятай у старажытных: не так важна, як жыў, важна, як памёр. Скон як кропка ў «Кнізе жыцця». Працяг жыцця «ў запаветнай ліры» — гэта ўжо другая частка кнігі.

Пасля смерці А. Адамовіча была апублікавана кніга «...Имя сей звезде Чернобыль» (2006), у якую ўкладальніца, дачка пісьменніка Наталля Адамовіч, уключыла раздзелы «З запісных кніжак» (1981—1992), пісьмы (В. Быкаву, І. Дзядкову, М. Гарбачову, Я. Веліхаву, Стэнлі Крамеру і інш. — май 1986—1990), артыкулы, выступленні (чэрвень 1986 — 1992), сцэнарый «...Имя сей звезде Чер­нобыль» і інш. У выступленні А. Адамовіча на VIII з’ездзе пісьменнікаў СССР (1986) прагучала цытата з Евангелля. Іаан Багаслоў патлумачыў значэнне слова «чарнобыль» — «палын»: «10. Трэці анёл затрубіў, і ўпала з неба вялікая зорка, палаючы, нібы светач, і ўпала на траціну рэк і крыніцы водаў. 11. Імя гэтай зорцы палын; і траціна ўсіх водаў зрабілася палыном, і многія людзі памерлі ад водаў, бо яны прагорклі». У зале прысутных ахапіў шок.

Прырода сама па сабе не мае аксіялагічнай вартасці, каштоўнасці там і толькі там, дзе ёсць свабода выбару, дзе мы прымаем адказнае рашэнне. Можна, як гавораць палякі, «жыць, жэбы жыць». А можна жыць так, як жыве звычайны лісток на дрэве: убіраць у сябе вуглекіслату, а аддаваць кісларод. Алесь Адамовіч не баяўся дыхаць атрутнай атмасферай эпохі, пранізанай выпарэннямі смерці, бо ведаў, што без кіслароду духоўнасці, які генерыруе літаратура як мастацтва слова, немагчымае існаванне сучаснага чалавецтва. Як сказаў Восіп Мандэльштам: «Паэзію паважаюць толькі ў нас — у нас за яе саджаюць у турму, судзяць, забіваюць!»