Выбрать главу

Зімой 1943 г. сям’я Адамовічаў «пайшла ў лес» («Сыны ідуць у бой»): заставацца навідавоку ў нямецкай камендатуры было ўжо немагчыма. 16-гадовы падлетак, ідучы ў партызаны, замест бохана хлеба, пакладзенага ў торбу маці, узяў з сабою сіненькі томік Пушкіна, так пазначыўшы свае прыярытэты. Вершы класіка зачытваў у час адпачынку партызанам, якія з задавальненнем яго слухалі, крыху пазней ён заўважаў, як з кожным чытаннем меншала лістоў у томіку: з паперай у партызанаў былі праблемы. Спачатку быў у гаспадарчым узводзе, а пазней удзельнічаў у баях у Бабруйскім і Акцябрскім раёнах, у паходах «на жалезку» і іншых ваенных аперацыях, бачыў смерць у твар. Ён, не хаваючыся, зайздросціў свайму старэйшаму брату Яўгену, яго вытрымцы, адвазе...

Усё вышэйсказанае знайшло сваё адлюстраванне не толькі ва ўспамінах калег і сяброў, але і ў пісьменніцкіх задумах Алеся Адамовіча. «Вядома, — пісаў ён у аўтабіяграфіі, — рэальныя партызаны аказаліся зусім не такімі, якімі мне тады ўяўляліся. Горшымі? Не. Лепшымі? Не. Аказаліся жывымі людзьмі, а жывых адным словам не вызначыш. Калі да таго я адкрываў для сябе іншых людзей, дык тут, у партызанах, адкрыў самога сябе, бо страх смерці прасвечвае чалавека да дна — глядзі, які ты, і, калі можаш, старайся рабіцца трохі лепшым».

У канцы 1943 і пачатку 1944 гг. разам з часткай партызанскага атрада Алесь перайшоў лінію фронту і па камандзіроўцы Цэнтральнага штаба партызанскага руху быў накіраваны ў Ленінагорск на Алтаі, дзе ў эвакуацыі жыла з сям’ёй малодшая сястра маці. Вучыўся ў мясцовым горна-металургічным тэхнікуме і адначасова працаваў.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў Алесь Адамовіч вярнуўся ў родную Глушу, здаў экстэрнам экзамены за сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1950 г., паступіў у аспірантуру, якую завяршыў у 1953 годзе.

У 1948 годзе напісаў першыя радкі рамана «Сыны ідуць у бой». Мусіць, менавіта тады адчуў і абдумаў фрагменты «ўнутранага маналогу» не толькі свайго, але найперш маці, яе боязі за свайго малодшанькага, — так нарадзіўся план яго рамана «Вайна пад стрэхамі», дзе галоўнай гераіняй стала маці — Ганна Міхайлаўна Корзун. У чытача, знаёмага з творчасцю і жыццём пісьменніка, ёсць магчымасць параўнаць дакументальныя ўспаміны і глыбока насычаны аўтарскі, мастацкі тэкст, зрабіць свае прадуманыя высновы. У кожнага спосабу ўзнаўлення перажытай Адамовічам і яго родам жыццёвай рэальнасці і непазбежнасці ёсць свае перавагі і, несумненна, свае недахопы, якія з’яўляюцца абавязковым працягам жыццёвых пераваг.

У 1950 годзе Алесь Адамовіч выступіў у друку як літаратурны крытык. Пісаў на беларускай і рускай мовах. Менавіта да гэтага часу адносяцца і першыя спробы пяра: даўняе школьнае захапленне вершамі ўжо здавалася маладому пісьменніку несур’ёзным, і ён без асаблівага шкадавання ўспамінаў пра страчаны ў вайну сшытак з уласнымі вершамі. Працаваў над кандыдацкай дысертацыяй па творчасці Кузьмы Чорнага і адначасова крадком пісаў раман пра партызанскую вайну. Прычым пачынаў «з канца», пра што сведчаць даты пад раманам «Вайна пад стрэхамі» (1955—1959) і «Сыны ідуць у бой» (1950, 1960—1963).

Пасля абароны ў 1954 годзе кандыдацкай дысертацыі «Язык романа “Третье поколение” и индивидуальный литературно-художественный стиль Кузьмы Чорного» — напісаў яе за тры летнія месяцы 1953-га, бо ўсе тры гады вучобы ў аспірантуры працаваў над раманам, — стаў выкладчыкам беларускай літаратуры на філалагічным факультэце БДУ, дзе працаваў два гады, а потым перайшоў на працу навуковым супрацоўнікам у Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, дзе працаваў (з перапынкам) тры дзесяцігоддзі (з 1976 года па 1983 — загадчыкам сектара ўзаемасувязей літаратур). Пісаў пра тое, што здавалася актуальным для беларускай літаратуры: станаўленне жанраў беларускай літаратуры; Кузьма Чорны і Фёдар Дастаеўскі; творчасць Максіма Горкага і крытычныя традыцыі; ваенная і вясковая проза на літаратурнай планеце і г.д. Апублікаваныя працы заўсёды выклікалі шырокі грамадскі рэзананс, амаль усе былі перакладзеныя на рускую мову і надрукаваныя ў Маскве.

Вясной 1954 года ў Алеся Адамовіча нарадзілася дачка Наталля. Жонка Вера Сямёнаўна (Мядзведзева), філолаг, бібліятэкар, выкладчык, да апошніх дзён старанна працавала над рукапісамі Алеся Міхайлавіча, пасля сыходу пісьменніка «ў лепшы свет» друкавала на машынцы яго «Дзённікі» розных гадоў (1945—1993, публікацыя В. Адамовіч і Н. Адамовіч-Шувагінай). Апошнія дзённікавыя запісы — частка 1993 года і студзень 1994 — засталіся ў хатнім архіве ў Маскве...