Выбрать главу

Аб’ектам увагі Адамовіча-крытыка былі праблемы раманнага жанру, творчага стылю, мастацкай індывідуальнасці, культуры творчасці, досыць новыя і нязвыклыя ў літаратурнай навуцы пасляваеннага перыяду. З першых публікацый ён ваяваў з вульгарна-сацыялагічнымі шаблонамі, эстэтычнай глухатой крытыкі. Нажыў на крытычным полі нямала ворагаў: на змену «сталінскім кадрам» ішлі маладыя, такія ж абаронцы літаратурнага правінцыялізму, якія для дасягнення «перамогі» не шкадавалі нічога і нікога. Малады крытык з першых сваіх публікацый, сярод якіх вылучаліся артыкулы «Стыль і творчы напрамак», «Вучоба пісьменніка і яго індывідуальнасць», «Грамадскае значэнне літаратуры», «Аб эстэтычнай глухаце ў крытыцы», «Багацце творчых індывідуальнасцей», выявіў шырыню кругагляду, чуласць да праўды, непрыманне вульгарна-сацыялагічных шаблонаў, тонкае адчуванне творчай своеасаблівасці пісьменніка, яго індывідуальнага стылю, уменне ўважліва чытаць мастацкія тэксты і страсць змагара за высокі грамадзянскі і эстэтычны ўзровень беларускай літаратуры. Жыццё можа падарыць пісьменніку сапраўды яркую і значную знаходку толькі ў тым выпадку, калі ён сам ідзе насустрач фактам, калі ён падыходзіць да жыцця з вялікай думкай. Для таго каб заўважыць жыццёвы факт і ўбачыць у ім вялікія эстэтычныя магчымасці, каб перадаць на пісьме гэта сваё першае непасрэднае і шчырае ўражанне, патрэбна не толькі ўчэпістая да падрабязнасцей памяць, але і пэўная светапоглядная сталасць, якая прыходзіць з узростам і вопытам.

Пазней, праз чвэрць ХХ стагоддзя, Алесь Адамовіч вырашыў сабраць свае даўнія і новыя літаратурныя артыкулы ў зборнік «Літаратура, мы і час» (1979) і схамянуўся, бо рука пацягнулася, каб нешта выправіць, палепшыць. Міжволі ўспомніў свой артыкул «Новыя рысы “параўнальнай крытыкі”», у якім дакараў іншых крытыкаў за тое, што запознена перачытвалі свае даўнія і грозныя «опусы», двацацігадовай ці саракагадовай даўнасці, дзе гаварылася пра літаратурныя пагрэшнасці тагачаснымі ахвотнікамі павучаць нашых класікаў Коласа, Чорнага, Гарэцкага, моцна рызыкуючы, яны, спахапіўшыся, павыразалі свае рэцэнзіі і артыкулы са старых падшывак «ЛіМа», «Полымя рэвалюцыі»...

Алесь Адамовіч вырашыў пакінуць усё такім, як было напісана ў свой час, а час гэты — другая палова 50-х і 70-х гг., які, як сведчыць практыка, не мінуў бясследна і застаўся ў гісторыі: «Супярэчлівы ён быў: часта новае віно налівалі ў старыя мяхі. Але гэта таксама былі адзнакі часу, і не будзем іх сціраць». І далей старазапаветнае: «Судзі, але і самога судзіць будуць». І сучаснае: «Час, ён над усімі суддзя. Вышэйшы... Для многіх крытыкаў было сапраўды адкрыццём, што калі ты пішаш пра другіх, тым самым ты і аб сабе пішаш. І нішто не прападае бясследна ў гісторыі — ні добрае, ні дрэннае. У гісторыі крытыкі таксама».

У навукова-тэарэтычным артыкуле «Стыль і творчы напрамак» («ЛіМ», 1955, 21 мая) А. Адамовіч звяртае ўвагу тагачасных празаікаў на недастатковую запатрабаванасць такіх літаратурных паняццяў, як «стыль», «майстэрства», «тэмбр»: «Не стае многім філасофска-эстэтычнага пранікнення ў з’явы літаратуры, абагульнення, сінтэзу. Характарыстыка стылю мастака слова звычайна зводзіцца да канстатацыі і пераліку асобных мастацкіх сродкаў і прыёмаў... Гаварыць аб майстэрстве і не гаварыць аб стылі — на першы погляд гэта здаецца нават немагчымым. Быццам майстэрства не заўсёды індывідуальнае, своеасаблівае. А між тым, працы, дзе гаворыцца аб майстэрстве без усялякай спробы раскрыць яго непаўторнасць, своеасаблівасць, сустракаюцца ў нас нярэдка».

На матэрыяле творчасці класікаў беларускай прозы Я. Коласа, З. Бядулі, К. Чорнага аўтар артыкула выразна дэманструе неабходнасць вывучэння менавіта іх стылю — і гэта не толькі асобная праблема нацыянальнага літаратуразнаўства, але і задача агульнага павышэння прафесійнага ўзроўню літаратуразнаўчага аналізу. За ўзор А. Адамовіч бярэ лекцыі па рускай літаратуры М. Горкага, у якіх «кожная літаратурная з’ява стаіць у сістэме іншых гісторыка-літаратурных фактаў, як звяно ў ланцугу, і характарыстыка, ацэнка кожнай з гэтых з’яў вынікае з самога месца яе ў адзінай гісторыка-літаратурнай сістэме». У выніку М. Горкі «выдатна выявіў непаўторнасць мастацкай індывідуальнасці, мастацкага мыслення кожнага значнага пісьменніка, творчасць іх атрымала сваю філасофска-эстэтычную характарыстыку і ацэнку».