Выбрать главу

У артыкуле «Вывучаць літаратурную спадчыну», прысвечаным выхаду ў свет Збору твораў К. Чорнага ў 6 тамах («ЛіМ», 1955, 15 кастрычніка), А. Адамовіч адзначае галоўнае дасягненне гэтай літаратурнай падзеі: «Упершыню, па сутнасці, наш чытач можа атрымаць уяўленне аб багатай і шматжанравай спадчыне выдатнага беларускага празаіка... Адна страсная думка аб чалавеку працы, рукамі якога створана ўсё самае каштоўнае на зямлі, праходзіць праз усе гэтыя творы. Творчасць К. Чорнага гуманістычная ў поўным сэнсе гэтага слова. Яна прасякнута любоўю да чалавека, увагай да яго духоўнага свету. Праз усё жыццё пісьменнік пранёс душэўную цеплыню, якую абуджалі ў ім людзі. Самі творы сведчаць аб выключнай «памяці сэрца» гэтага пісьменніка».

У артыкуле справядліва тлумачыцца, што наўрад ці многае можна зразумець у творчасці Кузьмы Чорнага 20-х гадоў, калі прывязваць яго імя да імён некалькіх удзельнікаў «Узвышша», забываючы пра трагічны лёс многіх удзельнікаў гэтага аб’яднання, пра што і сам А. Адамовіч не ўсё ведаў у 50-я гады. Прынамсі, гэта адчуваецца пазней у манаграфіі «Шлях да майстэрства. Станаўленне мастацкага стылю К. Чорнага» (1958), і ў больш позняй навуковай працы «Маштабнасць прозы. Урокі творчасці К. Чорнага» (1972). Вось яго словы самаапраўдання і ўдакладнення зменаў: «Дык які ён, К. Чорны 20-х гадоў, калі глядзець на яго з вышыні 50-гадовага вопыту беларускай савецкай прозы? Трохі багацейшы, чым нам здавалася. Настолькі багацейшы, што 30—40-я гады нават не ўвабралі ўсяго таго бурнага патоку, імя якому — Кузьма Чорны 20-х гадоў, і паток гэты падземнай ракой прама выйшаў у 60-я гады, вельмі ўзняўшы ўзровень сучаснай маладой прозы». Менавіта ў кнізе «Маштабнасць прозы» А. Адамовіч, вяртаючыся да ранейшых артыкулаў і дысертацыйных раздзелаў, шмат у чым па-новаму пераглядае змест рамана Кузьмы Чорнага «Сястра», які пасля публікацыі 1927 г. не друкаваўся ажно да Збору твораў празаіка ў 8 тамах (1972—1975).

Жыццё само па сабе звяртае ўвагу цікаўнага чалавека на нечаканую знаходку, тым больш, калі размова закранае таленавітага шукальніка новых адкрыццяў. А. Адамовіч лічыў, што «жыццё можа падарыць пісьменніку сапраўды яркую і значную знаходку толькі ў тым выпадку, калі ён сам ідзе насустрач фактам, калі ён падыходзіць да жыцця з вялікай думкай». Каб заўважыць жыццёвы факт і ўбачыць у ім вялікія эстэтычныя магчымасці і для таго, каб перадаць на пісьме гэта сваё першае непасрэднае і шчырае ўражанне, патрэбна не толькі ўчэпістая да падрабязнасцей памяць, але і пэўная светапоглядная сталасць, якая прыходзіць з узростам і вопытам.

Спрыяльная грамадская атмасфера, якая склалася ў сярэдзіне 50—60-х гадоў у краіне, у значнай ступені паскарала гэтыя працэсы творчага ўзмужнення, на­давала творчаму пошуку крылы, і пакаленне Адамовіча ахвотна і паспяхова выкарыстоўвала гэтую акалічнасць. Сам час, калі павялічыўся попыт на жыццёвую праўду, уздымаў тагачасных паэтаў і празаікаў на вышыню, з якой добра бачылася мастацкая значнасць пройдзенага жыццёвага шляху, адбываўся стыхійны адбор галоўнага і другараднага і адначасова свядомае творчае асэнсаванне мінулага. «Пісьменніку, — рабіў вывад Адамовіч, — мала звычайнай памяці назіральніка, яму патрэбна яшчэ і вялікая «памяць сэрца», а яе не бывае ў таго, хто толькі «вывучае жыццё», але не жыве адным жыццём з народам».

Час «адлігі» ў краіне адпавядаў маладосці «шасцідзясятнікаў», сярод якіх вылучаліся Максім Танк, Янка Брыль, Пімен Панчанка, Іван Шамякін. Алесь Адамовіч у параўнанні з імі наогул выглядаў маладым, яму ў тыя гады было нават не трыццаць. Ён любіў падарожнічаць: разам з паэтам і перакладчыкам

Н. Кіслікам прайшоў па Волзе «ад вытокаў і да вусця», па шляхах свайго папярэдніка М. Горкага. Летам 1956-га, у 1959 і 1960 гг. удзельнічаў у паездках «вакол Еўропы» і «па Дунаі» — першых пасля «культу асобы» калектыўных вандроўках беларускіх пісьменнікаў за мяжу, пра што шмат згадак у іх успамінах. Так выявіла сябе агульная для таго перыяду тэндэнцыя да «адкрыцця рэчаіснасці» ва ўсёй яе жыццёвай шматстайнасці, да пашырэння інфармацыйнага поля, а ў самога Адамовіча яшчэ і імкненне максімальна выкарыстаць час, адпушчаны лёсам для таго, каб «даследаваць і выпрабаваць мудрасцю ўсё, што робіцца пад небам» (Адамовіч любіў Кнігу Эклезіяста, з якой узятыя гэтыя словы). Яго жыццё, па сутнасці, прайшло ў бясконцых паездках, падарожжах, экскурсіях па прасторах былога Савецкага Саюза, а пазней і па ўсіх кантынентах.