Выбрать главу

“Où est ma chatte?” (Дзе мая котка?)

(Гэта было першым сказам ў яе падручніку па французкай мове.)

Мыш ажно выскачыла з вады і пачала дрыжэць ад жаху.

“Ай, прабачце, калі ласка, - хуценька крыкнула Аліса, бо занепакоілася, што вельмі пакрыўдзіла бедную жывёлінку.- Я зусім забылася, што вы не любіце катоў!”

“Не люблю катоў!- выгукнула Мыш, высокім апантаным голасам.- А ТЫ любіла б іх на маім месцы?!”

“Хутчэй не!- адказала Аліса супакойваючым голасам.- Толькі не злуйцеся, калі ласка. Але мне шкада, што я не магу пазнаёміць вас з маёю кошкаю Дзінай. Думаю, вы б змянілі тады свае адносіны да катоў. Яна такая ціхая і ласкавая!- Аліса працягвала, з большага дзеля сябе, павольна плаваючы па вадзе?- А як яна мурмоча, калі сядзіць ля агню і вылізвае свае лапы і мысачку! А якая ж яна мяккая! І як яна цудоўна ловіць мы... Аёй! Я прашу прабачэння,- зноў закрычала Аліса, бо ўбачыла што Мыш натапырылася ад носа да хваста. Яна смяротна пакрыўдзілася,- я даю слова, што болей не буду аб ёй размаўляць!”

“Даеш слова!- енчыла Мыш, якая дрыжэла ўсім целам.- Як ты ўвогуле магла пачаць са мной гэткую размову! Нашая сям'я заўжды НЕНАВІДЗЕЛА катоў: брыдкіх, нізкіх, вульгарных істотаў! Я нават слова гэтага не жадаю чуць!”

“Добра, добра, добра!- сказала Аліса, вырашыўшы, як мага хутчэй змяніць тэму.- А якія вашы адносіны да сабак?”

Мыш не адказала, і Аліса шпарка працягнула:

“У нашых суседзяў жыве такі цудоўны маленькі сабачка! Маленькі яснавокі тэр’ерчык, у яго такая доўгая кудзерыстая поўсць! Як ён спрытна прыносіць палку, калі яе кінуць, а потым будзе сядзець і чакаць пачастунка, а яшчэ ён такі разумненькі і так шмат чаго ўмее... Я і то так бы не змагла... Ён належыць аднаму фермеру, і па ягоных словах, каштуе вялікую колькасць грошаў! А яшчэ ён ва ўсім наваколлі перабіў усіх пацукоў і... Ай, Людцы!- згоршана крыкнула Аліса, - Я зноў вас пакрыўдзіла!”

Мыш цвёрда адплывала прэч, уздымаючы вялікія хвалі.

Аліса пачала размаўляць так мякка і лісліва, як толькі ўмела:

“Мышачка, даражэнькая! Вярніцеся, я больш не буду казаць ані пра катоў, ані пра сабак, калі вы іх не любіце!”

Урэшце Мыш супакоілася і паплыла да Алісы. Яе мыска была вельмі бледнай (напэўна ад злосці, вырашыла Аліса) і прамовіла ціхім дрыжачым голасам:

“Нам трэба рухацца на бераг, а ўжо там я паведамлю табе сваю гісторыю, і ты адразу зразумееш, чаму я ненавіджу катоў і сабак!”

Яны зрабілі гэта ў патрэбны час, бо за імі на бераг паплыў шэраг разнастайных звяроў ды птушкак, якія патрапілі ў ваду. Сярод іх былі Кач, Дадо, Лоры, Арлядзіт і шмат не менш дзівосных істотаў. Аліса плыла наперадзе, а за ёй і ўся астатняя грамада.

Глава ІІІ

Сход ва Уцёках і Доўгая Хвасторыя

На беразе сабралася насамрэч дзівосная талака - птушкі з прамоклым пер’ем, жывёлы са зліпшайся поўсцю, усе былі мокрымі ды злымі.

Найгалоўным пытаннем было, якім чынам абсохнуць. Усе адразу ж пачалі прапанаваць свае варыянты, як гэта зрабіць. І праз колькі часу для Алісы было чымсьці натуральным размаўляць з імі так, нібы яны знаёмыя ўжо шмат год. Яна адразу ж пачала доўгую спрэчку з Лоры, які вычарпаўшы ўсе свае аргументы вымавіў: “Я старэйшы за цябе і ведаю лепш”. Аліса спыталася, колькі таму год, на што Лоры не даў адказу, што вельмі не задаволіла Алісу, але яна вырашыла адчапіцца.

Урэшце ініцыятыву вырашыла ўзяць на сябе Мыш:

“Сядайце і слухайце! ЗАРАЗ я вас хуценька высушу!”

Усе адразу супакоіліся і селі вакол яе. Аліса ўтаропілася ў мышыныя вочы, паколькі была ўпэўненая, што хутка прастудзіцца, калі зараз жа не высыхне.

- Кхм!- пракашлялася Мыш і набрала ў грудзі паветра.- Спадзяюся ўсе гатовыя? Гэта самая сухая гісторыя, якую я ведаю. Прашу цішыні! "Вільгельм Заваявальнік, пры блаславенні Папы, захапіў Ангельшчыну, якой не хапала добрых правадыроў і якая прызвычаілася да адвечных захопаў. Эдвін - граф Мэрсіі і Моркар - граф Нартумбрыі... "

- Брр!- задрыжаў Лоры.

- Прабачце!- змрочна, але ветліва спыталася Мыш.- Вы нешта сказалі?

- Я? Не, анічога! - шпарка адказаў Лоры.

- Я вырашыла, што вы аб чымсь спыталіся,-сказала Мыш.- Я пацягваю: "Эдвін - граф Мэрсіі і Моркар - граф Нартумбрыі, прызналі Яго уладу, і нават Сцігард, патрыятычны арцыбіскуп Кэнтэрберыйскі, знайшоў гэта балазе!"

- Што ГЭТА? - спытаўся Качань.

- Знайшоў ГЭТА...- раздражнённа адказала Мыш.- Ты не ведаеш, што такое “Гэта”?

- Я дастаткова добра ведаю, што такое “Гэта”, калі гэта нейкая ежа,- заявіў Качань,- часцей “Гэта” - жабка ці чарвё. Вось мне і цікава, ШТО знайшоў арцыбіскуп?